Сёлета асноўныя тэмы свята — Год беларускай жанчыны, які праходзіць у нашай краіне, 85-я гадавіна пачатку Вялікай Айчыннай вайны, юбілеі класікаў беларускай літаратуры і Пяцігодка якасці. Усе гэтыя тэмы будуць адлюстраваныя і падчас сустрэч, і на кніжных паліцах, і падчас урачыстых імпрэз 5 і 6 верасня.
Насамрэч мерапрыемствы да Дня беларускага пісьменства ўжо адбываюцца, звярнуў увагу намеснік міністра інфармацыі Дзяніс ЕЗЕРСКІ:
— 19 жніўня адбыўся фінал і запіс відэаверсіі рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка». У ім узялі ўдзел больш за 20 000 школьнікаў з усёй краіны — гэта своеасаблівы рэкорд конкурсу. 6 верасня на тэлеканале СТБ будзе паказана тэлевізійная версія фіналу, але ў межах свята ў суботу пройдзе вялікі гала-канцэрт фіналістаў мінулых гадоў і сёлетніх пераможцаў з цырымоніяй узнагароджання тых, хто найбольш цікава паказаў сябе ў гэтым конкурсе. Міністэрства адукацыі рыхтуе вялікую канцэртную праграму — гэта працяг той традыцыі, якая была пакладзена летась у Лідзе.
Традыцыйна пачатак святочных мерапрыемстваў будзе дадзены 2 верасня падчас навукова-асветнай экспедыцыі «Дарога да святыняў», якая стартуе ў Мінску і пройдзе па 6 верасня праз Святое поле каля вёскі Загор’е Баранавіцкага раёна, Беразіно, Бабруйск, Магілёў, Горкі, Мсціслаў, Касцюковічы. Удзельнікі экспедыцыі правядуць сустрэчы з моладдзю, вернікамі, у храмах адбудуцца літургіі.
Яшчэ да афіцыйнага адкрыцця, 4 верасня пройдзе міжнародны круглы стол беларускіх і замежных пісьменнікаў, навукова-практычная канферэнцыя. А 5 верасня ў саміх Касцюковічах пачнецца са святочнага набажэнства.
Праграма Дня беларускага пісьменства даволі насычаная. Тэрыторыя, на якой пройдуць мерапрыемствы свята, складаецца з пяці шматфарматных тэматычных зон. Асноўнай зонай будзе галоўная сцэна, на якой адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Дня беларускага пісьменства і цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі. На ёй жа прагучыць «Жывая класіка».
Прыцягнуць увагу адкрыццё скульптурнай кампазіцыі «Алесь і Алеся» паводле твора Аркадзя Куляшова «Алеся», гашэнне маркі і паштовага канверта, прысвечаных Дню беларускага пісьменства. Ад цэнтральнай плошчы будзе пачынацца вялікі інтэрактыўны пешаходны куар-квэст «Мая Касцюкоўшчына».
— На цэнтральнай плошчы размесціцца вялікі выязны музей рэдкай кнігі, які зойме тэрыторыю больш за 300 квадратных метраў. Яго асаблівасцю стане арганізацыя працы экспазіцый, у якіх прадставяць унікальныя выданні з усёй краіны, рэдкія старадрукі, факсімільныя выданні, мініяцюрныя кнігі. Таксама будзе створаны «кабінет пісьменніка», дзе будуць рукапісы, асабістыя рэчы, рэдкія фотаздымкі, архіўныя дакументы беларускіх творцаў. Гэты павільён — вынік працы вялікай колькасці ўстаноў — Нацыянальнай бібліятэкі, Прэзідэнцкай бібліятэкі, літаратурных музеяў, рэгіянальных абласных бібліятэк і епархіі Беларускай праваслаўнай царквы, якія прадставілі вялікую колькасць кніг для стварэння гэтай экспазіцыі, — падкрэслівае Дзяніс Езерскі. — Калі мы пачыналі ствараць гэту лакацыю, думалі, як забяспечыць захаванасць рэдкіх выданняў. Наведвальнік не заўважыць розніцы паміж музеем альбо выстаўкай у гэтым павільёне. Ён будзе абсталяваны спецыяльнымі шафамі, каб стварыць патрэбны мікраклімат і ўмовы бяспекі, бо там ёсць выданні ХVІ і ХVІІ стагоддзяў.
— Мы імкнуліся, каб кожны куточак горада дыхаў гісторыяй і натхненнем, — гаворыць Валянціна МАНУШЭНКА, намеснік старшыні Касцюковіцкага райвыканкама. — Таму што літаратурная спадчына — візітоўка нашага раёна, дзе нарадзіліся вядомыя паэты і пісьменнікі, якімі ганарыцца не толькі малая радзіма, але і Рэспубліка Беларусь: народны паэт Аркадзь Куляшоў, народны пісьменнік Іван Чыгрынаў. Вядомых пісьменнікаў і паэтаў у нас больш за 20.
Як расказаў Міхаіл НІКАЛАЕНКА, галоўны рэжысёр праграмы «Родная мова — мова шчаслівых людзей», у канцэпцыю ўрачыстай цырымоніі адкрыцця свята беларускага пісьменства сёлета пакладзена ідэя магутнай ды яднальнай творчай сілы беларускай мовы, што як самы вялікі скарб дасталася нам у спадчыну ад продкаў.
Ларыса ЦІМОШЫК