Top.Mail.Ru

Касцюковічы запрашаюць на «Пісьмянкоў луг»

21 чэрвеня ў Касцюковіцкім раёне, на Магілёўшчыне, пройдзе VIII рэгіянальны фестываль паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг». Гасцей на свята прымае Касцюковіцкі раённы выканаўчы камітэт. З самай раніцы ўдзельнікі фестываля збяруцца ў Касцюковічах у раённым цэнтры культуры, дзе ўсіх чакае экскурсійны агляд каля памятнага знака «Літаратурная спадчына». 



А пасля фестываль перамесціцца ў вёску Бялынкавічы — родны куток таленавітага паэта Алеся Пісьмянкова (1957 — 2004). Да памятнага знака «Пісьмянкоў луг» будуць ускладзены кветкі. Сваю канцэртную праграму прадставяць творчыя калектывы Хоцімскага раёна «Радзімы край». Наступныя мерапрыемствы пройдуць у Касцюковічах — і конкурс аўтарскай песні «На струнах сэрца», і сустрэчы з пісьменнікамі Галінай Пярун («І кожны пісьменнік як таямніца»), Алёнай Беланожка («Фальклорныя вытокі беларускай нацыянальнай культуры»), іншыя святочныя імпрэзы. Несумненна, увагу ўсіх, хто наведаецца на фестываль, прыцягне канцэртная праграма «Спявае душа славянская» з удзелам творчых калектываў не толькі Магілёўскай вобласці, але і артыстаў з Смаленскай і Бранскай абласцей Расійскай Федэрацыі. А Касцюковіцкі раённы цэнтр культуры прыме ўдзельнікаў паэтычных чытанняў "У родным слове цэлы свет«— творцаў Беларусі і Расіі. Нагадаем, што Бялынкавічы — радзіма паэта, публіцыста, перакладчыка Алеся Уладзіміравіча Пісьмянкова, які за сваю творчасць быў адзначаны Літаратурнай прэміяй імя Аркадзя Куляшова, Прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі. У 1999 — 2002 гады Алесь Уладзіміравіч працаваў галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва». А. Пісьмянкоў — аўтар кніг «Белы камень», «Чытаю зоры», «Планіда», «Журавель над студняй», іншых паэтычных зборнікаў. Пасмяротна ў 2012 годзе «Рэдакцыя газеты «Звязда» выдала кнігу выбраных твораў ураджэнца Касцюковіцкага краю «Не знікай». Імя Алеся Пісьмянкова носіць Касцюковіцкая раённая дзіцячая бібліятэка. 

У Касцюковічах і Касцюковіцкім раёне нарадзіліся народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў, народны пісьменнік Беларусі Іван Чыгрынаў, паэты, празаікі, літтаратуразнаўцы Васіль Хомчанка, Зяма Півавараў, Іван Саверчанка, Віктар Патапенка і іншыя. Несумненна, на літаратурным фестывалі згадаюць і іх імёны.

Сяргей ШЫЧКО  



arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю