Top.Mail.Ru

Касцюковіцкія дашкаляты падрастаюць разам з дрэвамі, якія яны самі і высаджваюць

«Мы — лесаводы!»

Берагчы прыроду з маленства не на словах, а на справе вучаць у дашкольным лясніцтве «Зубраняты». Яно было створана пры ДУА «Санаторны дзіцячы сад № 3 г. Касцюковічы» ў 2023 годзе і стала першым у Магілёўскай вобласці аб'яднаннем такога тыпу. Ці прыйшлася да спадобы гэта задума «зялёнаму» пакаленню?

Прысягнулі матухне-прыродзе

Першымі «зубранятамі»-лесаводамі сталі 15 выхаванцаў старэйшай групы гэтай дзіцячай установы адукацыі.

— Ва ўрачыстай абстаноўцы нашы малышы прынялі прысягу і далі клятву беражліва ставіцца да расліннага і жывёльнага свету. Кожнаму дзіцяці пашылі спецыяльную зялёную форму адзінага ўзору і ўручылі значкі «Юны лесавод», — расказвае загадчыца ДУА «Санаторны дзіцячы садок № 3 г. Касцюковічы» Вольга ВАЛОВІК.


Па яе словах, з таго часу сумесная работа з Касцюковіцкім лясгасам прынесла шмат станоўчых вынікаў:

— Маленькія лесаводы вучацца берагчы прыроду, клапаціцца аб птушках і дрэвах, самі вырошчваюць саджанцы. Праводзілі яны і самыя сапраўдныя даследаванні: самастойна вырошчвалі сеянцы з насення хвоі і назіралі за гэтым працэсам.

Сцежка ў будучую прафесію

На тэрыторыі дзіцячага садка ёсць невялікая экалагічная сцежка і цяпліца, створаныя пры дапамозе Касцюковіцкага лясгаса.

— Гэтыя пляцоўкі пашыраюць магчымасці правядзення доследаў. Напрыклад, сёлета быў рэалізаваны праект па вырошчванні цюльпанаў. Дзеткам вельмі спадабалася, — пацвярджае Вольгі Валовік. — Акрамя таго, каб зрабіць адукацыйны працэс больш эфектыўным і даступным для ўсіх, мы стварылі відэастудыю і свой тэлеграм-канал, у якім публікуем навіны пра тое, чым жыве наша дашкольнае лясніцтва.

Таксама работнікі лясгаса рэгулярна праводзяць для сваіх юных падапечных інтэрактыўныя лекцыі і тэматычныя гульні, арганізуюць паездкі. Усё гэта дапамагае дашкалятам вывучаць флору і фаўну роднага краю.


— Дзеці заўсёды з нецярпеннем чакаюць гэтых сустрэч, усё гэта вельмі цікава. Асабліва падабаецца форма — яны з задавальненнем яе апранаюць і з гонарам заяўляюць: «Мы — лесаводы!», — гаворыць загадчыца дзіцячага садка.

Бяруць удзел у розных актыўнасцях і бацькі. Яны падтрымліваюць дзяцей у «Клубе знаўцаў прыроды», сумесна з імі высаджваюць дрэвы. Дарэчы, дзейнасць дашкольнага лясніцтва пры дзіцячым садку стала настолькі прыкметнай, што нават самі работнікі лясгаса прынцыпова выбіраюць менавіта гэтую ўстанову для сваіх дзяцей.

Такім чынам, дашкольнае лясніцтва даўно перарасло фармат звычайнага гуртка па інтарэсах і стала першай прыступкай прафесійнай арыентацыі. Невыпадкова многія дзеці ўжо зараз бачаць сябе ў будучыні сапраўднымі гаспадарамі лесу.

Лізавета ГОЛАД, фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю