Top.Mail.Ru

Кацярына Цішкевіч: Тэлебачанне, коучынг і «Марафон адзінства». 18 гадоў у прамым эфіры. І што на самой справе стаіць за ўсмешкай у кадры?

Ад настаўніка англійскай мовы да топ-вядучай Беларусі: гісторыя поспеху, натхнення і пастаяннага росту. Гераіня гэтага інтэрв’ю — яскравы прыклад таго, як лёс падае нечаканыя магчымасці, а працавітасць і мэтанакіраванасць ператвараюць іх у бліскучую кар’еру. 

Калісьці яна выкладала англійскую мову ў школе, а сёння яе голас і твар знаёмыя мільёнам гледачоў. У гэтай адкрытай размове Кацярына раскажа, як прайшла шлях ад курсаў тэлевядучых да галоўных эфіраў краіны, якія прынцыпы дапамагаюць ёй заставацца на вяршыні прафесіі і чаму для яе так важна акружаць сябе натхняльнымі людзьмі. Інтэрв’ю з чалавекам, для якога прафесія стала не проста працай, а сапраўдным пакліканнем.

photo_5233468868117262170_y.jpg

— Кацярына, як вам удалося дасягнуць такога высокага ўзроўню прафесіяналізму і стаць адной з топ-вядучых Беларусі?

— Дзякуючы працы, настойлівасці і мэтанакіраванасці 18 гадоў таму я патрапіла ў «блакітныя экраны». Дзякуючы гэтым якасцям я і сёння тамака, дзе я ёсць. Насамрэч ніколі не марыла пра кар’еру тэлевядучай. Прыход на тэлебачанне — гэта справа выпадку, якім я скарысталася. У пачатку 2000-х у мяне была стабільная праца ў школе, я выкладала англійскую мову. Але пры гэтай стабільнасьці я адчувала маральнае незадавальненьне. Так, мне падабалася выкладаць, мець зносіны з дзецьмі, але хацелася нечага яшчэ. І, мусіць, гэтае жаданне самаўдасканальвацца і расці, як сваеасаблівы мэсыдж, сышло у Сусвет. І вярнуўся праз некаторы час... Для таго, каб патрапіць у кадр, мне трэба было прайсці свой шлях. Для пачатку паспрабаваць гэтую прафесію «на густ». Ідэальным варыянтам стала Белтэлерадыёкампанія з яе легендарнымі курсамі тэлевядучых. Там і зараз ёсць магчымасць вучыцца, спрабаваць сябе ў кадры, бываць у студыях, наведваць розныя праграмы. 

— Што для Вас значыць быць лепшым? 

— Для многіх гэта вяршыня, дасягнуўшы якой можна расслабіцца. Але насамрэч, лічыць сябе лепшым небяспечна. Гэта не фініш, а старт для новых прафесійных выклікаў і вопыту. Як толькі мы перастаем расці, нас абганяюць. Прафесіяналізм не вымяраецца выключна гадамі стажу. Ён залежыць ад таго, колькі ведаў ты набыў, колькі сіл у сябе ўклаў, колькі кніг прачытаў, якія высновы зрабіў, якую асобу ў выніку гэтай глабальнай працы над сабой сфарміраваў. 

Кацярына разбурае міфы аб прафесіі, якая здаецца простай. 

— «Мая мама працуе на тэлебачанні. Прыходзіць, яе фарбуюць, прычэсваюць, потым яна ідзе ў студыю, садзіцца на стульчык — і яе паказваюць па тэлевізары». Калісьці так адказала мая маленькая дачка на пытанне: кім працуе твая маці? Дзіцячае ўспрыманне працы ў кадры здаецца наіўным, але многія дарослыя да гэтага часу вераць у міфы аб тым, што быць тэлевядучым — гэта толькі «прыгожа сядзець і казаць». У рэальнасці гэтая прафесія куды больш складаная і шматгранная.

Міф 1: «Праца без стрэсу — проста гавары ў камеру».

Прамы эфір — гэта стрэс, які складана з чым-небудзь параўнаць. Неймаверная доза адрэналіну і картызолу выкідваецца ў кроў кожны раз, калі ты выходзіш у прамы эфір. Акрамя таго, тэлевядучы павінен умець працаваць у нестандартных сітуацыях: калі знікае святло, а часам  і гук, завісае суфлёр, прыходзяць экстраныя навіны. Важная не толькі рэакцыя, але і ўменне імгненна прымаць рашэнні. А яшчэ «трымаць твар!» 

Міф 2: «Працоўны графік як ва ўсіх — з 9.00 да 18.00».

Ненармаваны працоўны дзень — частка прафесіі. «Мне могуць патэлефанаваць уначы альбо раніцай і выклікаць у эфір. І я прыеду. Без лішніх пытанняў і ўдакладненняў. Гэта частка працы.

Міф 3: «Дастаткова быць харызматычным — веды не важныя». 

Тэлевядучы павінен быць абавязкова ўцягнуты ў працэс. Каб доўга заставацца ў прафесіі, трэба ўвесь час быць у курсе падзей. Найшырэйшы спектр ведаў — абавязковая ўмова. Вядучаму неабходна умець рэдагаваць тэксты, пісаць падводкі і анонсы, ведаць арфаэпію. Акрамя гэтага, самастойна ўмець грыміравацца — на экстраны выпадак.

Міф 4: «Дастаткова прайсці курсы тэлевядучага — і ты ў эфіры». 

Да мяне часта звяртаюцца тыя, хто прайшоў курсы тэлевядучых і хоча адразу патрапіць у кадр. Адказваю: «Паспрабуйце сябе для пачатку ў якасці карэспандэнта. Для таго, каб зразумець, хто такія тэлевізіёншчыкі, каб пазнаёміцца з сабой прафесійна і атрымаць досвед працы ў кадры. Прыйдзе час, і вы абавязкова будзеце працаваць у студыі. Упэўнена і смела!

Міф 5: «Тэлебачанне — гэта назаўжды». 

Кар’ера тэлевядучага, як і балерыны, часта абмежавана часовымі рамкамі. Змяняюцца аўдыторыя і трэнды, тыпажы вядучых і фарматы праграм. Таму многія вядучыя сыходзяць у прадзюсіраванне, выкладанне, блогінг ці на кіруючыя пасады. Загадзя трэба прыкідываць, чым будзеш займацца пасля.

photo_5233468868117262173_y.jpg

— Як у вас узнікла ідэя заняцца выкладаннем і коўчынгам?

— Гэта якраз-такі пра працу «пасля»... Калісьці я зразумела адну важную рэч: усе мае інтарэсы — тэлебачанне, канцэрты, педагогіка, коўчынг - пераплятаюцца, дапаўняюць адзін аднаго. Вопыт вядучай дапамагае мне ў выкладанні, навыкі педагога — у коўчынгу, а ўсё разам робіць мяне ўніверсальным і запатрабаваным прафесіяналам.

Яшчэ 15 гадоў таму я была ўпэўнена: каб гаварыць прыгожа, дастаткова правільна дыхаць, трэніраваць артыкуляцыю і гучанне. Але з гадамі прыйшло разуменне, што голас — не проста інструмент, а адлюстраванне ўнутранага стану чалавека. Я стала заўважаць, што многім людзям трэба вылечванне. Страхі, комплексы — усё гэта адбіваецца ў голасе, і пакуль чалавек не разбярэцца з гэтым, нават ідэальная тэхніка не зробіць яго гаворку па-сапраўднаму свабоднай. Як і многія выкладчыкі, я свята верыла ў методыкі. Зараз жа бачу: часам чалавеку важней прадыхацца і выгавырацца, а толькі потым адпрацаваць скарагаворкі. Мая роля змянілася — зараз я не толькі дапамагаю наладзіць голас, але і зняць цялесныя і псіхалагічныя блокі. 

— Што для вас непрымальна ў жыцці і працы?

photo_5233468868117262171_y.jpg

— Зорная хвароба. Калісьці ў дзяцінстве я прачытала геніяльную фразу Томаса Карлейля: «Веліч чалавека вызначаецца тым, як ён наладжвае зносіны з маленькімі людзьмі». Павага да кожнага члена каманды, зварот па імені, гатоўнасць дапамагчы і сказаць «дзякуй» — вось што стварае патрэбную атмасферу. 

Адсутнасць развіцця. Выкладанне, коўчынг — не проста «плюс у рэзюмэ». Гэта спосаб глыбей зразумець сябе і сваю прафесію. Напрыклад, навучаючы іншых тэхніцы дыхання ці чытанню навін я навострываю ўласнае майстэрства. Шчыра перакананая ў тым, калі ты хочаш навучыцца сам — вучы іншых.

Подласць у адносінах адзін да аднаго. З любой сітуацыі можна знайсці выхад. Галоўнае — камунікацыя. У камандзе трэба захоўваць павагу і падтрымліваць пазітыўны настрой нават у крызісных сітуацыях. 

Калі асабістае перашкаджае працы. «Калі ты ў эфіры — забудзься пра асабістыя праблемы», — гучыць жорстка, але справядліва. Адна з праяў непрафесіяналізму, калі асабістыя канфлікты, сямейныя сваркі ці эмоцыі перашкаджаюць выконваць прафесійныя абавязкі. У кадры вядучы павінен належаць толькі гледачу.

— Раскажыце аб праекце «Марафон адзінства». Які след ён пакінуў у вашым жыцці і душы? 

photo_5233468868117262172_y.jpg

— У жыцці кожнага з нас бываюць моманты, якія становяцца паваротнымі. Для мяне такой падзеяй стаў «Марафон адзінства». Тры месяцы канцэртаў на ўсіх лядовых арэнах Беларусі. Натхняльныя сустрэчы, зносіны з вядомымі і вельмі цікавымі людзьмі нашай маленькай, але ў той жа час такой неабсяжнай краіны. У Марафоне я прыняла ўдзел, як вядучая гала-канцэртаў і коўч. І, калі амплуа вядучай для мяне звыклае, то праца трэнерам па публічных выступленнях — справа новая. Мая задача заключалася ў падрыхтоўцы спікераў да матывацыйнага выступлення. За 3,5 хвіліны яны павінны былі расазаць пра сваю любоў да краіны так, каб зала замірала. Мы разам вучыліся працаваць перад вялізнай залай, ператвараць гаворку ў гісторыю. Як гаворыцца, «новы вопыт атрыманы». Цяпер у маім партфоліо тры дзясяткі кейсаў — ад першага званка-знаёмства да выхаду спікера на сцэну. Як жа я хвалявалася! Як гаворыцца і за сябе, і за таго хлопца! (смяецца) 

Азіраючыся назад, магу дакладна сказаць, за месяцы ўдзелу ў Марафоне я стала яшчэ глыбей разумець псіхалогію людзей, іх пачуцці і перажыванні, а таксама хутчэй знаходзіць спосабы ім дапамагчы. За запрашэнне стаць часткай гэтага грандыёзнага свята дзякую мастацкаму кіраўніку праекта Ганне Сялук і галоўнаму рэжысёру гала-канцэртаў Агаце Мацко. Давер гэтых прафесіяналаў дарагога варты! 

— Кацярына, што вас натхняе, матывуе на новыя дасягненні?

— Энергія акумулюецца, калі ты мяняеш прастору вакол сябе. Наведванне выставак, удзел у стварэнні творчых праектаў, нават звычайны шпацыр па парку, могуць стаць крыніцай натхнення. Бо наша шчасце ў дэталях, але важна ўмець іх заўважаць. А яшчэ вельмі важна, не толькі браць, але і аддаваць: дзяліцца ведамі, настроем, энергіяй. Наша рэальнасць мяняецца тады, калі ты сёння робіш тое, што не рабіў учора. Пасіўнае чаканне «зручнага моманту» — ілюзія. Пераканана, кожны крок за межы звыклага — гэта сігнал Сусвету: «Я гатовы да змен»! І ён заўсёды адказвае ўзаемнасцю, арганізоўваючы абставіны на тваю карысць.

photo_5233468868117262174_y.jpg

— Якім вы бачыце тэлебачанне гадоў праз 15?

— Складанае пытанне. Асабліва ў наш дынамічны час. Вы ж бачыце, з якой хуткасцю развіваецца штучны інтэлект. Адназначна ён акажа вялікі ўплыў на фармат работы тэлебачання. Усе гавораць аб тым, што трэба прыпыніцца, запаволіцца, а на самой справе ніхто не хоча тармазіць. Вядучыя краіны свету ўкладваюць вялізныя сродкі ў даследаванні мозгу і ўдасканаленне штучнага інтэлекту. На нашым беларускім тэлебачанні ўжо з’явіліся віртуальныя вядучыя «Прагнозу надвор’я». У вялікіх мерапрыемствах сёння нярэдка адмаўляюцца ад «жывога» ўдзелу вядучых, замяняючы іх на сцэне відэападводкамі. А агучка пры дапамозе штучнага інтэлекту? І гэта рэальнасць, у якой мы зараз жывём і будзем жыць далей. Шчыра кажучы, я не хачу каментаваць будучыню, на якую я не магу паўплываць. Аддаю перавагу жыць у моманце — тут і цяпер. А, каб не страціць тое, што мы стварылі, прапаную дакладна размеркаваць ролі і больш камунікаваць адно з адным, каб не страціць галоўны навык — чалавечыя зносіны. Інакш мы — людзі рызыкуем ператварыцца ў робатаў. (Смяецца). Я нават не здзіўлюся, калі аднойчы з мяне зробяць лічбавага аватара, які будзе працаваць у прамым эфіры навін. Што ж, пажывём — убачым! А пакуль прапаную жыць паўнацэнным жыццём: рэалізоўвацца, развіваць свае таленты, радавацца кожнаму дню!

Гутарыла Алена Шаўчэнка


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю