На базе РЦАП па вяслярных відах спорту ў Заслаўі праходзіць Кубак наймацнейшых спартсменаў па веславанні на байдарках і каноэ, паведамляе БелТА.
На міжнародныя спаборніцтвы ў Заслаўі заявіліся больш за 230 спартсменаў з Беларусі, Расіі, Казахстана Узбекістана і Кітая. На працягу пяці дзён удзельнікі Кубка наймацнейшых разыграюць 23 камплекты ўзнагарод.
«Веславанне на байдарках і каноэ — гістарычна беларускі від спорту, прадстаўнікі якога на працягу многіх гадоў годна прадстаўляюць Беларусь на буйных турнірах. Сёння на сусветнай арэне няпростая сітуацыя, але дзякуючы рашэнню на леташняй сумеснай калегіі Мінспорту Беларусі і Расіі ў нас ёсць магчымасць праводзіць такія буйныя турніры, — адзначыў міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук. — Вялікі дзякуй супрацоўнікам РЦАП па вяслярных відах спорту, якія падрыхтавалі аб’ект да турніру на вышэйшым узроўні».

«Гэтыя спаборніцтвы вельмі важныя, паколькі дазваляюць нашым хлопцам на радзіме паспаборнічаць з моцнымі спартсменамі з іншых краін, каб праверыць сілы. Разам з замежнымі калегамі мы спецыяльна планавалі каляндар так, каб гэты старт стаў адным з этапаў падрыхтоўкі да чэмпіянату свету», — адзначыў першы намеснік міністра спорту і турызму Аляксандр Дараховіч.
«Кубак наймацнейшых спартсменаў па веславанні мы праводзім упершыню, але я спадзяюся, што гэты турнір стане традыцыйным. Дзякую ўсім удзельнікам з іншых краін, якія адгукнуліся на наша запрашэнне прыняць удзел. Хачу пажадаць спартсменам цікавай барацьбы, а балельшчыкам — станоўчых эмоцый», — дадаў віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Доўгалёнак.
