У Палаце прадстаўнікоў рыхтуецца да разгляду ў першым чытанні праект закона «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб’ектаў гаспадарання». 5 чэрвеня законапраект абмяркоўваўся на пашыраным пасяджэнні Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў з удзелам кіраўніцтва Міністэрства юстыцыі.
«Праект закона „Аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб’ектаў гаспадарання“ ўнесены ў Палату прадстаўнікоў Саветам Міністраў 19 мая. Ён накіраваны на комплекснае рэгуляванне працэдур дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спынення дзейнасці) суб’ектаў гаспадарання, вядзення Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў», — паведаміў старшыня Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Віктар Нікалайкін. Ён адзначыў, што дакумент будзе ўнесены ў Авальную залу толькі пасля ўрэгулявання і ўзгаднення ўсіх заўваг, якія паступяць ад дэпутатаў і юрыдычных асоб. Таксама Віктар Нікалайкін звярнуў увагу на тое, што пры падрыхтоўцы законапраекта ўлічана практыка прымянення дзейных нарматыўных прававых актаў у гэтай сферы, уключаючы Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 студзеня 2009 года № 1 «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб’ектаў гаспадарання».

Дакумент прадугледжвае шэраг навацый. Так, устанаўліваецца парадак дзяржаўнай рэгістрацыі юрыдычнай асобы на падставе тыпавога статута, што дазволіць скараціць колькасць дакументаў, якія падаюцца ў рэгіструючы орган. У асобных выпадках для стварэння юрыдычнай асобы спатрэбіцца толькі заява аб дзяржаўнай рэгістрацыі.
Таксама выключаецца выдача пасведчання аб дзяржрэгістрацыі юрыдычнай асобы. «У прыватнасці, юрыдычнай асобе, якая дзейнічае на падставе ўласнага статута, па выніках дзяржаўнай рэгістрацыі будзе выдавацца статут са штампам, а юрыдычнай асобе, якая дзейнічае на падставе тыпавога статута, — выпіска з Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў», — удакладніў старшыня Пастаяннай камісіі.
Праектам закона прадугледжана пашырэнне падстаў уключэння і актуалізацыі звестак у Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. «Гэта не толькі дакументы і звесткі, якія падаюцца заяўнікамі для дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі, дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй, але і атрыманыя з дапамогай інфармацыйнага ўзаемадзеяння названага рэгістра з іншымі інфармацыйнымі сістэмамі», — растлумачыў парламентарый.
Працягваючы тэму навацый, міністр юстыцыі Яўген Каваленка падкрэсліў, што законапраект накіраваны на далейшае ўдасканаленне адносін у сферы рэгістрацыі юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама іх наступнай перарэгістрацыі і спынення імі дзейнасці. Ён прадугледжвае больш актыўнае ўкараненне інфармацыйных тэхналогій, электроннага ўзаемадзеяння паміж дзяржаўнымі органамі.

Па словах кіраўніка ведамства, мяркуецца скарачэнне шэрагу працэдур, тэрмінаў разгляду гаспадарчых дакументаў, змяншэнне колькасці папер, якія падаюцца самімі суб’ектамі гаспадарання. Скарачаюцца з 5 да 3 дзён тэрміны пастаноўкі на ўлік суб’екта гаспадарання. Таксама прадугледжана фарміраванне электроннай рэгістрацыйнай справы, дзе будуць утрымлівацца ўсе неабходныя звесткі, якія адлюстроўваюць жыццёвы шлях суб’екта гаспадарання.
«Адной з прагрэсіўных навацый законапраекта з’яўляецца ўключэнне ў якасці абавязковага рэквізіту абавязковых звестак аб суб’екце гаспадарання — яго электроннай пошты. Так, напрыклад, цяпер для накіравання афіцыйных дакументаў выкарыстоўваецца ўказаны суб’ектам гаспадарання паштовы адрас, адрас рэгістрацыі юрыдычнай асобы. Мы ж уводзім у прававое поле адрас электроннай пошты, на які таксама будуць накіроўвацца неабходныя паведамленні», — адзначыў міністр.
Акрамя таго, законапраектам прадугледжваюцца зніжэнне адміністрацыйнай нагрузкі на суб’екты гаспадарання, узмацненне абароны правоў і законных інтарэсаў крэдытораў.
Паводле БелТА