Канцэртная праграма «Скандынаўская сага» ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі прываблівае не толькі паўночным кірункам музычнага майстэрства, але і вяртаннем (праз 10 гадоў!) у рэпертуар Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь добра вядомых мінскай публіцы кампазіцый. У Вялікай зале прагучалі творы музычнага казачніка Карла Іахіма Андэрсана, класіка скандынаўскай музыкі Эдварда Грыга, яго сучасніка Юхана Свенсана і іншых. Аднак аб усім па парадку.
Рэпертуар для струннага аркестра ў большасці складаецца з твораў барочнай эпохі ці ХХ стагоддзя, калі пачалі ўжо з’яўляцца прафесійныя камерныя аркестры. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя кампазітары з усяго свету пачалі задумвацца над стварэннем маштабных твораў для струннага аркестра. Першапачынальнікам гэтай традыцыі стаў прадстаўнік рамантызму, чэшскі кампазітар Антанін Дворжак. Праз некалькі гадоў да яго далучыўся Пётр Чайкоўскі, а пасля і іншыя кампазітары. Аднак менавіта скандынаўскія творцы першымі перанялі гэтую тэндэнцыю — напісанне кампазіцый для струнных інструментаў без духавых. Спачатку гэта быў Юхан Свенсан, а пасля і яго сучаснік Эдвард Грыг.
Менавіта ідэя напісання музыкі для струннага аркестра падарыла сённяшнім гледачам магчымасць дакрануцца да музычнага мастацтва ХІХ стагоддзя.
Адкрылі праграму Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь сачыненні Эдварда Грыга «Norsk» («Нарвежская») і «Der förste Möde» («Першая сустрэча»), створаныя для струнных інструментаў. Абодва напісаны на вершы нарвежскіх паэтаў. «Norsk» — патрыятычная кампазіцыя, асноўнай ідэяй якой з’яўляецца перакананне, што мы павінны прытрымлівацца адной сапраўднай мэты і не зварочваць з абранага шляху.
«Der förste Möde» — не аповед пра першую сустрэчу закаханых, а інтымная размова з прыродай, глыбокія ўражанні чалавека, які ўпершыню звярнуў увагу на прыгажосць навакольнага свету.
Экспромт для струннага аркестра Яна Сібеліуса калісьці ўваходзіў у рэпертуар Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь. Гэта таксама спалучэнне некалькіх кампазіцый аўтара, якія характарызуюцца незвычайным рытмам і стрыманым гучаннем.
— Падчас стварэння гэтай канцэртнай праграмы я падумаў, што было б добра, каб некаторыя творы вярталіся ў наш рэпертуар. Адной з маіх любімых п’ес скандынаўскіх кампазітараў з’яўляецца «Экспромт» Яна Сібеліуса. Гэтая кампазіцыя мае для мяне асаблівае значэнне. Апошні раз яна гучала на гэтай сцэне дзесяць гадоў назад. Незадоўга да канцэрта пайшоў з жыцця мой бацька. І тады я ў думках прысвяціў яму гэты «Экспромт», — расказаў дырыжор калектыву Яўген Бушкоў.
На гэтым сумная частка канцэрта не скончылася. Пасля «Экспромта» Яна Сібеліуса гледачы пачулі кампазіцыю Юхана Свенсана «Andante Funèbre», прысвечаную памяці Георга Хіндэнбурга, які пакінуў гэты свет у 23-гадовым узросце. Шчырасць, ціхі сум і пранікнёнасць музыкі садзейнічалі таму, што праз 17 гадоў на пахаванні самога кампазітара прагучала сімфанічная версія твора. У праграме «Скандынаўская сага» адбылася прэм’ера рэдакцыі «Andante Funèbre» для флейты і струннага аркестра, выкананая Яўгенам Бушковым. Салістка — прызнаны віртуоз і прапагандыст флейтавай музыкі розных эпох і стыляў Ірына Стачынская (Расія).
Казачнымі матывамі напоўніла прастору кампазіцыя Іахіма Андэрсана «Балада і танец сільфаў» для флейты і фартэпіяна.
Другое аддзяленне канцэрта склалі творы кампазітараў Юхана Свенсана — народныя мелодыі для струннага аркестра «Allt under himmelens fäste. Adagio» («Усё пад небам») і «Du gamla, du friska, du fiellhöge Nord. Moderato» («Ты старая, ты здаровая, ты горная поўнач»), Курта Атэрберга — Сюіта № 3 для скрыпкі, альта і струннага аркестра (салісты Алег Подаў (скрыпка) і Марына Зяленіна (альт)), Эдварда Грыга — сюіта «З часоў Хольберга». У параўнанні з першым аддзяленнем тут не знойдзеш сумных і трагічных кампазіцый. Народныя мелодыі Свенсана апяваюць родны край, а мелодыя «Du gamla, du friska, du fiellhöge Nord. Moderato» стала асновай для сучаснага гімна Швецыі. Сюіта Курта Атэрберга расказвае гісторыю кахання, калі прыйшлося выбіраць паміж сабой і Богам.
Перад канцэртам гледачы змаглі наведаць экспазіцыю музычных інструментаў Маскоўскага флейтавага цэнтра Мікалая Плотнікава.
Фота аўтара