Старшынства ў органах Еўразійскага эканамічнага саюза з 1 студзеня 2026 года пераходзіць ад Беларусі да Казахстана. Прыярытэты казахстанскага боку выкладзены ў звароце Прэзідэнта Рэспублікі Казахстан Касым-Жамарта Такаева да кіраўнікоў дзяржаў — членаў ЕАЭС, тэкст якога распаўсюдзіла прэс-служба Еўразійскай эканамічнай камісіі, паведамляе БелТА.
«Нягледзячы на глабальныя ўзрушэнні апошніх гадоў, нашы дзяржавы дэманструюць станоўчую эканамічную дынаміку. Наша агульная задача на наступны перыяд — узмацніць эфектыўнасць інтэграцыі, умацаваць патэнцыял і запатрабаванасць ЕАЭС. З 2026 года пачынаецца рэалізацыя дэкларацыі аб далейшым развіцці эканамічных працэсаў у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза да 2030 года і на перыяд да 2045 года „Еўразійскі эканамічны шлях“. Мэтам і задачам, пазначаным у гэтым стратэгічным дакуменце, будзе нададзеная прыярытэтная ўвага», — адзначыў казахстанскі лідар.
Казахстан у год свайго старшынства прапанаваў засяродзіцца на пяці асноўных напрамках. Першы — штучны інтэлект як новы інструмент развіцця эканамічнай інтэграцыі. Другі — лагістычны хаб Еўразіі: ад патэнцыялу — да лідарства. «У сувязі з гэтым мы павінны прытрымлівацца агульнай мэты — стаць вядучым лагістычным хабам на кантыненце. Для гэтага неабходна прыняць неадкладныя меры па ўдасканаленні транспартна-лагістычнай і мытнай інфраструктуры, развіцці міжнародных транспартных калідораў і мультымадальных перавозак, а таксама цесным узаемадзеянні буйных лагістычных кампаній ЕАЭС і трэціх краін», — падкрэсліў Касым-Жамарт Такаеў.
Трэцім прыярытэтам названы тэхналагічны рывок: лічбавізацыя прамысловасці і АПК. Чацвёртым — безбар’ерны гандаль як безумоўны прынцып работы ЕАЭС. Пяты прыярытэт пазначаны як новая геаграфія гандлю: глабальны дыялог. На думку казахстанскага боку, ЕАЭС павінен і далей актыўна нарошчваць эканамічнае супрацоўніцтва са знешнімі партнёрамі, пашыраць адносіны ЕАЭС з краінамі глабальнага Поўдня, арабскага свету, Паўднёва-Усходняй Азіі і Афрыкі, а таксама з аўтарытэтнымі рэгіянальнымі аб’яднаннямі.
«Упэўнены, што толькі сумеснымі намаганнямі можна дасягнуць пастаўленых мэт, пры гэтым забяспечыць дынамічнае развіццё эканомік краін — удзельніц ЕАЭС і ўмацаванне агульнага патэнцыялу нашага інтэграцыйнага аб’яднання», — гаворыцца ў звароце Прэзідэнта Казахстана.