У Алматы (Казахстан) у СШ імя Адзі Шарыпава прайшлі ўрачыстасці, прысвечаныя беларускаму партызану і казахстанскаму грамадскаму і палітычнаму дзеячу.
Школьнікам расказалі пра ваенны лёс Адзі Шарыпавіча Шарыпава (1912 — 1993), які ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны аказаўся на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі. Разам з аднадумцамі стварыў партызанскі атрад і пасля стаў яго камандзірам. Дарэчы, у 2022 годзе быў зняты казахстанска-беларускі мастацкі фільм «Лета 1941 года» рэжысёра Бекбулата Шакерава. У цэнтры кінакарціны — лёс маладога чалавека, які робіць свой маральны выбар. Асноўныя здымкі фільма, дзе правобразам галоўнага героя з’яўляецца казахстанскі літаратуразнаўца, пісьменнік, міністр адукацыі, міністр замежных спраў, віцэ-прэм’ер Казахстана Адзі Шарыпаў, праходзілі ў Беларусі.

«Мы ўдзячны Саюзу пісьменнікаў Беларусі, беларускім літаратурна-мастацкім перыядычным выданням, якія неаднойчы прысвячалі свае старонкі творчаму і жыццёваму лёсу нашага земляка, — расказвае кандыдат філалагічных навук, загадчык аддзела міжнародных сувязяў і сусветнай літаратуры Інстытута літаратуры і мастацтва імя М. А. Ауэзава Святлана Ананьева. — У свой час па запрашэнні СПБ і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь у Мінску пабывала ўдава Адзі Шарыпавіча — Клара Жагіпараўна Шарыпава».
Яна і зараз з’яўляецца прапагандыстам памяці пра беларускага партызана, шмат выступае перад моладдзю. Цяпер прыкладвае намаганні дзеля таго, каб з’явіўся тэлевізійны фільм пра беларускага партызана і казахстанскага пісьменніка. У Алматы ёсць вуліца Адзі Шарыпава, школа носіць імя легендарнага героя Вялікай Айчыннай вайны. Спадзяёмся, што і ў Беларусі, у Мінску ці Магілёве, паблізу якога партызаніў Адзі Шарыпавіч, з’явіцца вуліца ў знак памяці пра героя, лёс якога вайна знітавала з Беларуссю.
Мікола Берлеж