На гарачую лінію Камітэта дзяржкантролю Віцебскай вобласці паступіла больш за дзясятак зваротаў ад грамадзян, якія ў асноўным скардзіліся на ржавую ваду з прымешкамі. Па большасці сігналаў ужо праведзены неабходныя работы — ад чысткі фільтраў да прамывання сетак, паведамляе КДК, расказвае SB.by.
Жыхары Ушацкага раёна дачакаліся рамонту на станцыі абезжалезвання ў вёсцы Казімірава і на міні-станцыі водападрыхтоўкі ў Кублічах: там пачысцілі фільтры грубай ачысткі, аэрацыйную калону, прамылі фільтруючую загрузку і замянілі блок кіравання помпай.
У Верхнядзвінску правялі прафілактычнае прамыванне водаправодных сетак, а на станцыі абезжалезвання да 2027 года плануюць устанавіць эксперыментальнае абсталяванне для змякчэння вады. Акрамя таго, жыхарам некаторых дамоў пералічылі плату за няякаснае водазабеспячэнне.
У Віцебску, Віцебскім, Аршанскім і Браслаўскім раёнах спецыялісты УП «Віцебскаблводаканал» таксама выканалі прамыванне водаправодных сетак.
Усе звароты па якасці вады застаюцца на кантролі КДК да поўнага вырашэння пытанняў.