Праект указа «Аб правядзенні экстракарпаральнага апладнення» будзе дапрацаваны ў максімальна сціслыя тэрміны. Пра гэта расказаў міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў, паведамляе БелТА.
«Я перакананы, што гэта будуць максімальна сціснутыя тэрміны, таму што сам праект указа прапрацаваны вельмі якасна. Мы затрацілі пэўны прамежак часу для таго, каб выйсці на той узровень указа, які 20 сакавіка абгрунтаваны і ў рамках медыцынскага суправаджэння, і ў рамках таго запыту, які мы для сябе разумеем. Гэта не столькі дапрацоўка, колькі пачатак абмеркавання з мэтавай аўдыторыяй — Беларускім саюзам жанчын», — сказаў Аляксандр Хаджаеў. Ён таксама дадаў, што праект указа можа быць на працягу 10-14 дзён дапрацаваны і пададзены на подпіс кіраўніку дзяржавы.
Міністр указаў на тое, што праект указа зроблены максімальна ліберальным для жанчын. Што гэта значыць? «Гэта азначае максімальную шырыню магчымасці прымянення працэдуры да тых уразлівых катэгорый жанчын, якія на сённяшні дзень не змаглі яшчэ рэалізаваць па нейкіх прычынах сваю дзетародную функцыю. Максімальна будуць скарыстаны міжнародны досвед, сучасныя метады і абсталяванне. Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз звярнуў увагу на тое, што пытанне заключаецца не ў грошах, а ў тым, што трэба для таго, каб мы змаглі задаволіць жаданні ўсіх і зрабіць максімальна эфектыўным метад экстракарпаральнага апладнення для нашых жанчын», — адзначыў ён.

Аляксандр Хаджаеў расказаў аб асноўных навэлах указа. Так, уводзіцца другая бясплатная спроба ЭКА — і не толькі замужнім, але і адзінокім жанчынам. Таксама мяркуецца павялічыць узрост для другой спробы да 49 гадоў. «Другая спроба ЭКА да 49 гадоў будзе прапанавана тым жанчынам, якія змаглі скарыстацца першай спробай і атрымаць вынік — нарадзіць. Пасля 40 гадоў рэзультатыўнасць гэтай працэдуры падае. Таму важна, каб да 40 гадоў нашы пары, адзінокія жанчыны, усвядоміўшы патрэбнасць у мацярынстве, змаглі першую спробу выкарыстоўваць і атрымаць вынік», — падкрэсліў міністр.
Як паведамлялася, 20 сакавіка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад аб праекце ўказа «Аб правядзенні экстракарпаральнага апладнення». Па выніках абмеркавання кіраўнік дзяржавы даручыў адказным службовым асобам дапрацаваць праект указа разам з Беларускім саюзам жанчын, каб пачуць меркаванні па гэтым пытанні не толькі ад медыкаў.