Top.Mail.Ru
319

Хакеісты «Дынама» пачынаюць першую выязную серыю ў 2026 годзе

Мінскія дынамаўцы сёння пачнуць першую ў новым каляндарным годзе выязную серыю ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі, паведамляе БелТА.

Першы прыпынак падапечныя Дзмітрыя Квартальнава зрабілі ў Чалябінску, дзе прымаць «зуброў» будзе былы клуб галкіпера мінчан Зака Фукале «Трактар». 2025-ы год нашы хлопцы скончылі ў рангу лідараў Заходняй канферэнцыі, напярэдадні «Дынама» дагнала «Поўначсталь» — у абедзвюх каманд па 57 пунктаў. Уральскі клуб, у сваю чаргу, ідзе на Усходзе шостым, маючы 40 балаў. У снежні чалябінцы правялі дзевяць паядынкаў, з якіх выйгралі толькі два. Мінчане, наадварот, толькі раз за восем матчаў месяца сышлі з лёду без ачкоў.

«У студзені ў нас даволі шчыльны графік, шмат выездаў супраць моцных каманд. Мы выкарыстоўвалі навагоднія выхадныя, каб зарадзіцца энергіяй, адпачыць і аднавіць сілы. Гатовыя ісці далей, — сказаў абаронца „Дынама“ Брэдзі Лайл. — „Трактар“ — вельмі добрая каманда, гэта будзе сур’ёзная праверка. У іх у складзе ёсць некалькі высакакласных гульцоў. Важная гульня для нас».

У мінулым сезоне «Дынама» і «Трактар» сышліся ў другім раўндзе плэй-оф Кубка Гагарына, тую серыю з вынікам 4:1 забралі ўральцы. Сталічны клуб тады прайграў тры чвэрцьфінальныя матчы, па ходзе якіх вёў у ліку. У бягучым рэгулярным чэмпіянаце каманды ўжо сустракаліся на «Мінск-Арэне» : 6 кастрычніка дзякуючы дублю Віталя Пінчука мацнейшымі былі нашы хакеісты (4:1). Чарговы паядынак «зуброў» і «мядзведзяў» стартуе ў Чалябінску ў 14.00.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю