Мінскія дынамаўцы сёння правядуць першы дамашні матч месяца ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі сезона-2025/26, паведамляе БелТА.
Першым госцем «Мінск-Арэны» ў лютым стане СКА з Санкт-Пецярбурга. Зараз «армейцы» перажываюць горшы перыяд за ўвесь час выступленняў у КХЛ — каманда ўпершыню пацярпела сем паражэнняў запар. У «зуброў» справы таксама ідуць не лепшым чынам: з пяці апошніх матчаў сталічны клуб выйграў толькі адзін. З-за няўдалага адрэзка падапечныя Дзмітрыя Квартальнава апусціліся на чацвёртае месца на Захадзе, СКА адстае на 12 ачкоў і замыкае васьмёрку.
Пасля выязной серыі ў склад «Дынама» з фарм-клубаў былі выкліканыя Вячаслаў Грэцкі, Цімафей Каўгарэня і Міраслаў Міхалёў. У бягучым рэгулярным чэмпіянаце каманды з Мінска і Санкт-Пецярбурга сустракаліся тры разы. Два паядынкі ў 2025 годзе выйгралі расіяне (3:2 і 4:1), папярэдняя гульня 19 студзеня завяршылася на карысць нашых хакеістаў (4:3). Чацвёрты з шасці матчаў сезона паміж «зубрамі» і «армейцамі» стартуе ў 19.10.