Хакеісты мінскага «Дынама» 10 лістапада правядуць сёмы запар паядынак на родным лёдзе ў рэгулярным чэмпіянаце КХЛ сезона-2025/26, паведамляе БелТА.
Сапернікам «зуброў» у перадапошнім матчы дамашняй серыі будзе ХК «Сочы», які замыкае табліцу Заходняй канферэнцыі. У 12 апошніх гульнях «леапарды» атрымалі ўсяго адну перамогу — 2 лістапада над «Спартаком» (5:2). Тым не менш яны набіраюць ачкі ўжо тры сустрэчы запар: два папярэднія паядынкі завяршыліся для сочынцаў паражэннямі ў авертайме.
Падапечныя Дзмітрыя Квартальнава да нядаўняга часу мелі серыю з шасці вікторый, але 8 лістапада сталічны клуб нечакана прайграў у гульні супраць другога аўтсайдара Захаду «Лады» (0:1). З 31 ачком мінчане займаюць чацвёртае месца ў канферэнцыі, апярэджваючы «Сочы» на 17 балаў.
У бягучым сезоне «зубры» і «леапарды» ўжо сустракаліся на «Мінск-Арэне»: матч 28 кастрычніка закончыўся разгромнай перамогай гаспадароў лёду з лікам 8:2. Дублямі ў тым паядынку вызначыліся Данііл Ліпскі і Ягор Борыкаў. Другая сустрэча «Дынама» і «Сочы» ў рэгулярным чэмпіянаце-2025/26 стартуе ў 19:10.