Top.Mail.Ru

Хакеісты мінскага «Дынама» прымуць «Барыс» у першым дамашнім матчы сезона

Хакеісты мінскага «Дынама» 22 верасня пачнуць першую дамашнюю серыю матчаў у рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі, паведамляе БелТА.



Першым госцем «Мінск-Арэны» ў сезоне-25/26 стане «Барыс». «Зубры» падыходзяць да паядынку на сёмым месцы ў Заходняй канферэнцыі, з пяціматчавай выязной серыі падапечныя Дзмітрыя Квартальнава прывезлі 6 ачкоў. 13 верасня мінчане гасцілі ў Астане, дзе абыгралі свайго сённяшняга саперніка з лікам 3:1. Дубль у той гульні аформіў форвард «Дынама» Алекс Лімож, які на гэты момант з’яўляецца найлепшым снайперам КХЛ з шасцю галамі.

«Гэта быў доўгі старт на выездзе, вельмі прыемна нарэшце згуляць дома. Мы будзем рады ўбачыць нашых балельшчыкаў і ўсё тое, што крэатыўная каманда падрыхтавала да матчу. Упэўнены, гэта будзе ярка, усе ў камандзе ў прыўзнятым настроі», — адзначыў нападаючы Сэм Энас.

У апошнія гады клуб з Астаны з’яўляецца для «Дынама» адносна зручным праціўнікам, з сямі папярэдніх вочных матчаў «зубры» выйгралі шэсць. У сталіцу Беларусі «Барыс» прыехаў пасля двух запар гасцявых паражэнняў. Стартавае ўкідванне ў першым дамашнім паядынку сезона запланавана на 19.10, перадматчавае шоу стартуе ў 18.45. У «Мінск-Арэне» чакаецца аншлаг, кожны балельшчык атрымае футболку з сімволікай клуба.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю