Мінскія дынамаўцы 6 кастрычніка правядуць заключны матч першай дамашняй серыі ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі сезона-2025/26, паведамляе БелТА.
Супрацьстаяць падапечным Дзмітрыя Квартальнава будзе дзеючы віцэ-чэмпіён КХЛ «Трактар» з Чалябінска. Абедзве каманды на дадзены момант набралі па 14 ачкоў, але пры гэтым «мядзведзі» правялі на дзве гульні больш. «Дынама» займае трэцяе месца ў Заходняй канферэнцыі, уральцы ідуць пятымі на ўсходзе. У пяці апошніх матчах «зубры» атрымалі чатыры вікторыі, а «Трактар» на аналагічным адрэзку пацярпеў чатыры паражэнні.
У мінулым рэгулярным чэмпіянаце каманды сустракаліся два разы і абмяняліся гасцявымі перамогамі. Таксама мінчане і чалябінцы сышліся ў другім раўндзе Кубка Гагарына, дзе «бела-блакітныя» прайгралі серыю з лікам 1:4. У міжсезонне экс-абаронца «Дынама» Джордан Грос папоўніў склад «Трактара», чый галкіпер Зак Фукале перабраўся ў сталічны клуб. Першы ў сезоне-2025/26 паядынак «зуброў» з «мядзведзямі» стартуе на «Мінск-Арэне» ў 19.10.