Сёння на лёдзе «Алімпік-Арэны» ў Мінску дружына кіраўніка дзяржавы не здолела адолець хакеістаў Брэсцкай вобласці — 5:5 (2:1, 1:2, 2:2).
Гульня пачалася даволі нечакана — прайшло ўсяго 5 хвілін, а госці ўжо вырваліся наперад пасля кідка Віктара Вусіка. Дзеючыя чэмпіёны РХЛ не разгубіліся і неўзабаве іх капітан Алег Антоненка аднавіў раўнавагу ў ліку, а незадоўга да першага перапынку Мікіта Драздоў пасля дакладнай перадачы Мікалая Лукашэнкі вывеў гаспадароў наперад — 2:1. Ледзь пачаўся другі перыяд, як Яраслаў Чупрыс у трэці раз паразіў вароты сапернікаў. Аднак на другі перапынак каманды сышлі пры роўным ліку - у складзе брэстчан вызначыліся Аляксандр Бурмістронак і Сяргей Плоскаў. У заключнай трэці матчу сапернікі змагаліся за перамогу з усіх сіл. Спачатку Аляксандр Караткевіч зноў вывеў гасцей наперад, потым Арцём Антоненка зраўняў лік, за 7 хвілін да заканчэння трэцяга перыяду Мікалай Мірончык закінуў пятую шайбу ў вароты прэзідэнцкай дружыны і ўсё ішло да перамогі гасцей. Але яны не здолелі ўтрымаць пераможны лік — літаральна за тры дзясятыя секунды да фінальнай сірэны Мікалай Лукашэнка ўстанавіў канчатковы вынік - 5:5 і быў прызнаны найлепшым гульцом у складзе гаспадароў. У брэстчан найлепшым стаў галкіпер Вадзім Бойка.
Пасля двух паядынкаў новага сезона каманда Прэзідэнта набрала тры ачкі, у першай сустрэчы яна ўпэўнена перайграла сапернікаў з Магілёўскай вобласці з лікам 9:3. Зараз турнірную табліцу ўзначальвае каманда Гомельскай вобласці, у актыве якой 6 ачкоў у чатырох праведзеных сустрэчах.
У мінулым сезоне каманда Прэзідэнта ў 16-ы раз стала пераможцам гэтых спаборніцтваў, абыграўшы ў фінальнай серыі хакеістаў Мінскай вобласці. Па адным тытуле ў зборных Гомельскай і Мінскай абласцей.
Арганізатары хакейнага аматарскага турніру — Прэзідэнцкі спартыўны клуб, Міністэрства спорту і турызму і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт.