Сталічны парк імя Уга Чавеса ў бліжэйшы час атрымае новыя спартыўныя аб’екты, уключаючы лыжаролерную трасу і хакейную каробку са штучным лёдам, што дазволіць падоўжыць сезон заняткаў незалежна ад умоў надвор’я. Пра гэта паведаміў першы намеснік генеральнага дырэктара УП «Мінскзелянбуд» Уладзімір Хмара, перадае БелТА.
«Мы працягваем будаўніцтва новых паркаў і рэканструкцыю існуючых. У мінулым годзе завершана трэцяя чарга будаўніцтва парку імя Уга Чавеса. У парку ўстаноўлены атракцыёны, што робіць яго адной з зон прыцягнення ў Фрунзенскім раёне. Таксама ў мінулым годзе завершана рэканструкцыя парку 50-годдзя Вялікага Кастрычніка», — адзначыў Уладзімір Хмара.
Паводле яго, рэканструкцыя Цэнтральнага дзіцячага парку імя Горкага завершана ў маі 2025 года. «Абноўлены алеі, устаноўлены 23 сезонныя павільёны для гандлю, заменена плітка, устаноўлены новыя дзіцячыя гульнявыя комплексы, лаўкі і ўрны», — паведаміў першы намеснік генеральнага дырэктара.
Ён дадаў, што будаўніцтва Парку народнага адзінства працягваецца і завяршэнне плануецца ў наступным годзе. «На сённяшні дзень заканчваецца добраўпарадкаванне тэрыторыі ў межах вул. Дружбы і вул. Ежы Гедройца. Узведзена новая пешаходная сувязь, устаноўлены камфортныя лесвічныя маршы з пандусамі, выканана асвятленне», — удакладніў Уладзімір Хмара.
Асаблівая ўвага надаецца спартыўнай тэматыцы новай чаргі парку імя Уга Чавеса. «Будуць абсталяваны веладарожка, пляцоўкі для пляжнага футбола і валейбола, workout-пляцоўка, дзіцячыя гульнявыя комплексы, лыжаролерная траса і хакейная каробка са штучным лёдам. Гэта дазволіць падоўжыць сезон спартыўных заняткаў незалежна ад умоў надвор’я», — сказаў Хмара.
Акрамя таго, вядзецца распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі па рэканструкцыі фантана ля ДК МАЗ і ўзвядзенню збудаванняў для папаўнення вадаёма ў парку імя Паўлава. Таксама плануецца рэканструкцыя парку Дружбы народаў у раёне плошчы Бангалор да адкрыцця трэцяй лініі метро.
«Мы працягваем бягучы рамонт пешаходных сувязяў, лесвічных маршаў і паркаў для падтрымання існуючай інфраструктуры на тэрыторыі прадпрыемства», — падкрэсліў Уладзімір Хмара.