У Івацэвічах на адным з прадпрыемстваў падчас пагрузачна-разгрузачных работ цяжкія траўмы атрымаў 42-гадовы разнарабочы. Па даных следства, інцыдэнт адбыўся 10 верасня. Пра гэта паведамляецца на сайце Следчага камітэта.
Пры падачы кантэйнера для смецця машыніст аўтакрана не разблакаваў і не апусціў дадатковую крукавую падвеску. Гэта прывяло да перанацяжэння і разрыву троса. Падвеска ўпала на мужчыну, які знаходзіўся на даху будынка і прымаў груз. Рабочы атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні.
На месцы здарэння працавала следча-аператыўная група. Спецыялісты правялі агляд, зафіксавалі слядавую карціну, дапыталі сведак і вывучылі тэхнічную дакументацыю. Высветлілася, што да работы на аўтакране дапусцілі машыніста, які не праходзіў спецыялізаванага навучання і не меў адпаведнага допуску.

Івацэвіцкім раённым аддзелам Следчага камітэта ў дачыненні да дырэктара прыватнага ўнітарнага прадпрыемства, якое займаецца прадастаўленнем спецыяльнай тэхнікі з экіпажам у арэнду па дагаворах падраду, узбуджана крымінальная справа па ч. 2 арт. 428 Крымінальнага кодэкса — службовая халатнасць, якая пацягнула па неасцярожнасці цяжкія наступствы. У ходзе следства будуць устаноўлены прычыны і ўмовы, якія спрыялі ўчыненню злачынства.
Ягор ЧУРЫК