У Мінску прайшло пасяджэнне Каардынацыйнага камітэта па рэалізацыі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Падтрымка намаганняў Рэспублікі Беларусь у нацыяналізацыі і лакалізацыі Мэт устойлівага развіцця». Удзельнікі пасяджэння прааналізавалі і ацанілі інфармацыю аб выніках дзейнасці праекта за 2024 год у цэлым і пазначылі перспектывы на 2025 год.
Нацыянальны каардынатар па дасягненні МУР, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Сяргей Хаменка нагадаў, што 26 студзеня ў Беларусі адбылася найважнейшая палітычная падзея — выбары кіраўніка дзяржавы. «Перамога Аляксандра Лукашэнкі пацвярджае эфектыўнасць дзяржаўнай палітыкі, якая праводзіцца ў краіне, асноўнымі кірункамі якой з’яўляюцца захаванне міру, дасягненне высокіх стандартаў якасці жыцця, рост дабрабыту грамадства, павышэнне эфектыўнасці эканомікі і кіраўніцкай дзейнасці. Усё вышэйпералічанае, як паказвае жыццё, і ёсць падмурак дасягнення Мэт устойлівага развіцця. Вынікі выбараў у Беларусі — найлепшы паказчык ступені даверу ў рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця свайму лідару», — заўважыў Сяргей Хаменка. Ён нагадаў, што рашэннем кіраўніка дзяржавы наступныя пяць гадоў аб’яўлены пяцігодкай якасці. «Такім чынам, можам з упэўненасцю гаварыць аб прымальнасці курсу на найбліжэйшыя гады, у тым ліку ў рамках функцыянавання нацыянальнага механізму па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, — адзначыў нацыянальны каардынатар.
Пры актыўным удзеле Расійскай Федэрацыі і Краінавай каманды ААН у Беларусі рэалізоўваецца праект, вельмі важны для функцыянавання нацыянальнай архітэктуры па Мэтах устойлівага развіцця. Сяргей Хаменка падкрэсліў, што падтрымка, якая аказваецца з боку калег, своечасовая, запатрабаваная і дае эфект.
«Некалькі месяцаў таму, на папярэднім пасяджэнні Каардынацыйнага камітэта, мы абмяркоўвалі ход рэалізацыі праекта, у тым ліку правядзенне конкурсу пілотных праектаў. У рамках выканання адпаведных мерапрыемстваў паспяхова вырашаюцца задачы па садзейнічанні ўключэння Мэт устойлівага развіцця ў сістэму рэгіянальнага планавання, у развіццё і функцыянаванне сістэмы збору, маніторынгу і ацэнкі даных пад Мэты ўстойлівага развіцця», — расказаў ён.
Праграма па дасягненні Мэт устойлівага развіцця прынята ААН яшчэ ў 2015 годзе. У яе аснове — дасягненне мэт у галіне эканомікі, сацыяльнай сферы і экалогіі. «Беларусь на сёння з’яўляецца прыкладам практычнай рэалізацыі тых палажэнняў праграмы, якія прыняты, — сказаў Сяргей Хаменка. — Па выніках 2024 года наша краіна займае 30-е месца ў свеце па дасягненні Мэт устойлівага развіцця. Такія кірункі, як экалогія, развіццё эканомікі і сельскай гаспадаркі, з’яўляюцца прыкладам для многіх дзяржаў».
Асобна нацыянальны каардынатар спыніўся на задачах. «На мой погляд, пра іх вельмі канкрэтна гаворыцца ва ўказах кіраўніка дзяржавы, дзе вызначана, што 2025-ы — гэта Год добраўпарадкавання, а будучая пяцігодка — пяцігодка якасці. Мы разумеем, што Мэты ўстойлівага развіцця — гэта фундамент для жыццядзейнасці наступных пакаленняў. І мы павінны стварыць усе ўмовы, каб наступныя пакаленні жылі ў чыстым прыродным асяроддзі, каб створаны эканамічны фундамент спрыяў далейшаму развіццю нашай дзяржавы», — падкрэсліў Сяргей Хаменка.
Паводле БелТА