Беларуска Васіліна Хандошка стала сярэбраным прызёрам чацвёртага этапа Кубка свету 2026 года па сінхронным плаванні, паведамляе БелТА.
Спаборніцтвы прымае іспанская Понтэведра. Удзел у турніры салістак у тэхнічнай праграме прынялі 30 дзяўчат. Хандашка атрымала за сваё выступленне 260,2383 бала і заняла другое месца, уступіўшы гаспадыні басейна Ірыс Ціа Касас два з паловай ачкі. Трэці вынік паказала італьянка Энрыка Пікалі. Днём раней Васіліна замкнула топ-5 у адвольнай праграме.
Гэты медаль стаў для Хандошка ўжо шостым у бягучым розыгрышы Кубка свету. На першым этапе ў Калумбіі ў лютым беларуска заваявала бронзу, на другім этапе ў Францыі ў сакавіку — золата і серабро, а на трэцім этапе ў Кітаі ў пачатку мая — два сярэбраныя медалі. Суперфінал Кубка свету па сінхронным плаванні пройдзе ў Канадзе з 19 па 21 чэрвеня.