Беларуска Васіліна Хандошка стала пераможцай фінальнага этапа Кубка свету па сінхронным плаванні 2025 года ў кітайскім Сіяне, паведамляе БелТА.
У нядзелю салісткі разыгралі медалі ў адвольнай праграме, удзел у спаборніцтвах прынялі 10 наймацнейшых спартсменак па выніках трох папярэдніх этапаў Кубка свету. За сваё выступленне Хандашка набрала 229,8476 бала і заваявала золата, на два ачкі апярэдзіўшы немку Клару Бляер і на тры — кітаянку Сю Хуэйянь. Раней на турніры ў Сіяне Васіліна заняла трэцяе месца ў тэхнічнай праграме.
Усяго ў розыгрышы Кубка свету 2025 года беларуска выйграла шэсць індывідуальных узнагарод (1-1-4). На першым этапе ў Францыі на стыку лютага і сакавіка Хандошка ўзяла серабро і бронзу, а другі этап у Егіпце ў красавіку прынёс два бронзавыя медалі. Далей сінхраністак чакае чэмпіянат свету па водных відах спорту, які пройдзе ў Сінгапуры ў канцы ліпеня. Год таму Васіліна стала прызёрам планетарнага форуму.
Фота: Мінспорта