Top.Mail.Ru

Хасан, Тайга і Беатрыс рыхтуюцца да парада Перамогі

Хасан, Тайга і Беатрыс — гэта не назвы ўзбраення і ваеннай тэхнікі, якая прыме ўдзел у ваенным парадзе, прысвечаным 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Упершыню ў парадным страі побач з ваеннаслужачымі пройдуць і чатырохногія падапечныя кіналагічнага цэнтра Узброеных Сіл.


У гэтыя дні лепшыя ваенныя кінолагі краіны інтэнсіўна трэніруюцца са сваімі службовымі сабакамі нараўні з іншымі ўдзельнікамі ваеннага парада.

— У трэніроўцы бяруць удзел каля 30 парадных разлікаў, больш за пяць тысяч чалавек, — распавёў начальнік кіналагічнага цэнтра Узброеных Сіл падпалкоўнік Валерый РЫК. — Упершыню са сваімі чацвераногімі гадаванцамі ў гістарычнай частцы ваеннага парада пройдзем і мы, і гэта вялікі гонар для нашага калектыву. Падрыхтоўка пачалася адразу ж пасля таго, як мы даведаліся аб тым, што возьмем удзел у ваенным парадзе. Адабрана дзесяць спецыялістаў службовай сабакагадоўлі і столькі ж службовых сабак. 

Кіналагічны цэнтр Узброеных Сіл знаходзіцца ў аграгарадку Калодзішчы, што ў Мінскім раёне. Гэта ўнікальная вучэбная воінская часць, прызначаная для падрыхтоўкі спецыялістаў службовай сабакагадоўлі і службовых сабак па розных відах службаў: мінна-вышуковай, пошукава-выратавальнай, вышуковай (у тым ліку для вышуку зброі, наркотыкаў і выбуховых рэчываў), каравульнай, патрульнай і іншых службаў.

Падчас гарнізонных трэніровак чатырохногія старанна выконваюць усе практыкаванні. Сабакі павінны паводзіць сябе спакойна, прывыкаць да месца правядзення мерапрыемства, не рэагаваць на старонніх людзей і іншыя раздражняльнікі.

Ва ўнікальным парадным разліку — нямецкія аўчаркі рознай афарбоўкі. Адточваюць крок «па камандзе побач» падчас гарнізонных трэніровак начальнік курса падрыхтоўкі спецыялістаў і службовых сабак каравульнай і патрульнай службаў кіналагічнага цэнтра Узброеных Сіл капітан Віталь СКУРАТ і яго напарнік, шасцігадовы немец па мянушцы Хасан.

— У нашым кіналагічным цэнтры трэніроўкі з сабакамі праходзяць штодня, у розны час сутак і ў любое надвор’е: для таго каб у сабакі выпрацоўваўся ўмоўны рэфлекс, — пастлумачыў капітан Віталь Скурат. — Паслушэнства ў нашых гадаванцаў ужо ёсць: яны ўпэўнена рухаюцца побач і не адцягваюцца на знешнія раздражняльнікі. Галоўная ўмова для паспяховай працы кінолага — любіць жывёлу. Кожны сабака — гэта сябар, таварыш, сабрат. Так, яны не размаўляюць чалавечай мовай, але дакладна ведаюць, што ты ім кажаш, і адчуваюць цябе, як ніхто іншы.

Перад ужо генеральным прагонам ваеннага парада на праспекце Пераможцаў кінолагі і іх гадаванцы ў абавязковым парадку першымі пройдуць па будучым маршруце — каб 9 Мая сабакі не адцягваліся на староннія пахі і дарожнае пакрыццё, а таксама не перашкаджалі кінолагам ісці роўна і захоўваць строй.

Ваенныя кінолагі і іх сабакі разам прайшлі не адно вучэнне. Не раз адстойвалі гонар краіны і Узброеных Сіл падчас Армейскіх міжнародных гульняў. І цяперашнюю задачу — прайсці ўрачыстым маршам каля стэлы «Мінск — горад-герой» — успрымаюць як самы высокі гонар.

Старэйшы інструктар — начальнік спецыяльнай групы спецыяльнага аддзялення па дзеяннях у надзвычайных сітуацыях і спецыяльнай падрыхтоўцы кіналагічнага цэнтра Узброеных Сіл старшы сяржант кантрактнай службы Арцём ФЯДЗЕНЯ пра сваіх сабак можа расказваць гадзінамі. Працаваць з імі ён пачаў, калі пасля тэрміновай ваеннай службы ў Мінскай ваеннай камендатуры прыйшоў служыць па кантракце ў кіналагічны цэнтр Узброеных Сіл.

— Сабака чалавеку не толькі сябар, але таксама баявы таварыш і надзейны напарнік, — кажа ён. — Так было і ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і падчас іншых войн і канфліктаў. І калі любоў да чалавека ў сабак закладзена на генетычным узроўні, то паслухмянасць і службовыя навыкі дасягаюцца ў працэсе працяглых трэніровак. Да ваеннага парада я рыхтую нямецкую аўчарку па мянушцы Беатрыс. У нашым кіналагічным цэнтры яна параўнальна нядаўна. Беатрыс — старанная, паслухмяная і энергічная аўчарка. 

З пачаткам трэніровак змяніўся і распарадак дня кінолагаў і іх гадаванцаў. Першы прыём ежы ў сабак у 8:30 раніцы, вячэрняе кармленне — у 19:00, па вяртанні з гарнізонных трэніровак.

Парад у гонар 80-годдзя Перамогі абяцае быць незабыўным, і мы з нецярпеннем чакаем сустрэчы з сапраўднымі героямі: не толькі ваеннаслужачымі, але і іх адданымі чатырохногімі паплечнікамі.

Алег НЯКАЛА, фота аўтара.

Гэта цікава

Вялікая Айчынная вайна на справе даказала эфектыўнасць прымянення службовых сабак у ваенных мэтах. Не многія ведаюць пра чатырохногіх герояў Вялікай Айчыннай вайны, якія выратавалі сотні тысяч чалавечых жыццяў. Аднак яны таксама ваявалі за Перамогу: ішлі ў бой побач з салдатамі, а ў цяжкіх сітуацыях выходзілі наперад і гінулі замест чалавека. Падрывалі варожыя танкі, хадзілі ў разведку, былі сувязістамі, санітарамі, шукалі фугасы і міны. Службовыя сабакі прайшлі побач нашымі салдатамі ад Масквы да Берліна!

У першым Парадзе Перамогі 24 чэрвеня 1945 года ўпершыню ўдзельнічала Цэнтральная ордэна Чырвонай Зоркі школа ваеннай сабакагадоўлі. Сабакі ішлі хто кульгавы, хто без хваста, некаторыя яшчэ з перавязанымі ранамі. Замыкаў калону школы галоўны кінолаг Міжнароднай федэрацыі службовага сабакагадоўлі падпалкоўнік Аляксандр Мазавер, несучы на шынялі Сталіна «байца» 14-й штурмавой інжынерна-сапёрнай брыгады — сабаку па мянушцы Джульбарс. Гэта ўсходне-еўрапейская аўчарка была асабістым сабакам Дзіны Волкац, кінолага-інструктара з Харкава, жонкі камандзіра 37-га асобнага батальёна размініравання Аляксандра Мазавера.

З верасня 1944 па жнівень 1945 года Джульбарс здолеў выявіць больш за 7,5 тысячы мін і больш за 150 снарадаў. Ён удзельнічаў у размініраванні палацаў над Дунаем, замкаў Прагі і сабораў Вены. Акрамя таго, Джульбарс прымаў удзел у самых цяжкіх і рызыкоўных баявых дзеяннях і аказваў неацэнную дапамогу сваім калегам-сапёрам. Усе адзначалі яго нястомнасць, бясстрашнасць і выдатны нюх, дзякуючы якому ўдалося выратаваць многія тысячы чалавечых жыццяў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю