Top.Mail.Ru

Хацелася як лепей, атрымалася — як заўжды

У тую ўжо вельмi далёкую вясну я, зусiм малады аграном, рыхтуючы поле для сяўбы, даручаў трактарысту Мiколу Прыстромаву ўзараць сцяжыну, што ад вёскi Зарэчча вясёлай змейкай бегла да шашы. Думаў, дадатковыя цэнтнеры збожжа лiшнiмi нiколi не будуць, а што людзям хадзiць далей — дык такой бяды, бо не так жа i далёка.

Араты сваю справу зрабiў i як заўсёды якасна — жыта мы пасеялi своечасова, i ў хуткiм часе вочы ўжо цешылi дружныя ўсходы.

А што зусiм не цешыла, дык гэта... сцежка, якая па-ранейшаму змейкай бегла да шашы. «Бач ты, лянота прайсцi лiшнi кiламетр, — са злосцю думаў я пра вяскоўцаў. — Зразаюць вугал, топчуць збажыну. З iмi iншага не прыдумаеш — трэба штрафаваць!»

— Калi трэба, дык толькi мяне, — заявiў Прыстромаў. — Бо гэтую сцежку яшчэ продкi мае пратапталi — ведалi найкарацейшы шлях да гасцiнца. I бабуля Акулiна шмат па iм хадзiла: рукi абрывала — насiла на продаж яйкi, тварог, гароднiну, яблыкi. Дамоў вярталася з соллю, мылам, цукрам, з нейкай мануфактурай...

Па гэтай жа сцяжыне, — працягваў трактарыст, — у чэрвенi сорак першага вёска праводзiла на фронт трыццаць сем найлепшых мужчын. Назад дачакалася толькi чацвярых, двое з iх — калекi — у хуткiм часе памерлi... Дзед мой таксама з вайны не прыйшоў, а бабуля ўсё прыходзiла да гэтай сцежкi, усё глядзела на яе — чакала свайго Васiля. Вестку, што дзед па-геройску загiнуў у баях за Берлiн, прынеслi толькi восенню сорак пятага.

Так што дарагая мне гэта сцяжына, — з хваляваннем прызнаваўся араты. — Бо я ж i сам па ёй безлiч вёрст наматаў, калi напрасткi ў сваю школу бегаў. Да таго ж не адзiн: нас цэлая арава была! А значыць, тут, брат, штрафуй цi не штрафуй, — людзi як хадзiлi, так i будуць хадзiць.

I сапраўды, па ёй, адноўленай, хутка сталi хадзiць i старыя, i малыя.

З гэтым — хай не адразу — але прыйшлося змiрыцца, а да ўсяго мне, маладому спецыялiсту, атрымаць яшчэ i добры ўрок: перш чым аддаваць каманды, варта падумаць, што атрымаецца, а найперш — параiцца з людзьмi.

Д. Марозаў, г. Мiнск.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю