Top.Mail.Ru

Хатынь — сімвал пакут народа

Хатынь... Назва невялікай беларускай вёскі Хатынь (унікальная назва, яна была адна такая ў нашай краіне) стала сімвалам пакут народа, з назоўніка ўласнага стала назоўнікам агульным, які абазначае тое, чаго ўвогуле не павінна быць у нармальным чалавечым свеце. Хатынь, мёртвая вёска, спаленая разам з людзьмі тымі, хто чалавечае аблічча страціў, хто не мае права людзьмі звацца, застанецца на стагоддзі ў падручніках гісторыі, у абвінаваўчых дакументах, у памяці наступных пакаленняў…


Ці хацелі яе жыхары гэткай вечнай славы? Не, яны проста хацелі жыць, гадаваць дзяцей, глядзець, як усходзіць і садзіцца сонца, як трапечацца ў вясновым небе першы жаўрук, як пакрысе абуджаецца зямля, чуючы покліч вясны. Ім не далі гэтага права — жыць, іх спалілі жывымі. І было гэта не ў далёкім сярэднявеччы, гэта было ўсяго (усяго!) восемдзясят два гады таму ў нашым цывілізаваным свеце, які дэклараваў тэхнічны прагрэс і стаяў на парозе космасу…

Гаворачы Хатынь, мы маем на ўвазе не толькі невялікую вёсачку ў Лагойскім раёне, якая стала нашым нацыянальным мемарыялам. Гэта і недалёкая ад яе Дальва, і Ала пад Светлагорскам на Гомельшчыне, і Боркі пад Кіраўскам на Магілёўшчыне, і Драмлёва пад Жабінкай на Брэстчыне, і яшчэ амаль тры сотні беларускіх вёсак, якія паўтарылі горкі лёс Хатыні…

І вось, стоячы каля помніка ў Хатыні, у Дальве, у Драмлёве, кожны нармальны чалавек задаецца пытаннем: а што я, асабіста я магу зрабіць для таго, каб гэты жах, каб гэта пекла на зямлі не паўтарылася ў маёй краіне, з маімі дзецьмі і ўнукамі? Памятаць. Ведаць і памятаць. Прывозіць дзяцей і ўнукаў у Хатынь, у Дальву, у Драмлёва, каб яны ведалі і памяталі. Ведаць і памятаць, каб так ніколі-ніколі больш не было…


Памяць — гэта тое, што робіць нас людзьмі

У гісторыі кожнага народа ёсць свае месцы сілы, смутку і памяці. Для беларусаў адным з такіх сакральных пунктаў у ХХ стагоддзі стала Хатынь, сцёртая з твару зямлі 22 сакавіка 1943 года. Подзвіг народа і смутак, увекавечаныя ў камені, — менавіта так успрымаецца гэта месца ў свядомасці большасці людзей, якія наведваюць мемарыяльны комплекс пад Мінскам.

82 гады таму ў беларускай глыбінцы быў на практыцы рэалізаваны акт генацыду на шляху стварэння «свету, заснаванага на правілах», паводле еўрапейскіх канонаў. 

22 сакавіка 1943 года ў Хатыні жывымі былі спалены 149 жыхароў, з якіх 75 дзеці. Пад маркай прасоўвання «цывілізацыі» і «парадку» на савецкай тэрыторыі ажыццяўляўся генацыд народа, а жыццё нашых продкаў, «расава непаўнавартасных», паводле фашысцкай кваліфікацыі, рэальна нічога не каштавала. Лёс Хатыні падзялілі каля 600 беларускіх вёсак.

Пад фашысцкімі сцягамі і са свастыкай на форме на беларускай зямлі зверствавалі «дасведчаныя еўрапейцы», якія ішлі ў чарговы крыжовы паход захопліваць, рабаваць, занявольваць, асвойваць жыццёвую прастору і вызваляць яе ад «недачалавекаў». Побач з імі «старанна працавалі» літоўцы і латышы, эстонцы і палякі, украінцы і здраднікі іншых масцей. Усе яны былі ўпэўнены ва ўласнай беспакаранасці, бо «фюрар нямецкай нацыі» вызваліў іх ад «хімеры сумлення».

Вельмі яскрава будучыню людзей у акупіраваных краінах апісаў адзін з фашысцкіх ідэолагаў Гімлер: «Мяне ні ў якай ступені не цікавіць лёс рускага або чэха... Жывуць народы ў дастатку або паміраюць з голаду, цікавіць мяне толькі ў той меры, у якой яны патрэбныя нам як рабы для нашай культуры, у астатнім гэта мяне зусім не хвалюе».

Пачынаючы з 22 чэрвеня 1941 года гэтыя людаедскія планы рэалізоўваліся на практыцы. Ахвярамі нацысцкага акупацыйнага рэжыму на захопленай тэрыторыі СССР сталі больш за сем мільёнаў мірных жыхароў. Каля паловы ад агульнай колькасці закатаваных прыпадае на Беларусь, дзе «фабрыка смерці» працавала на поўную моц. Тысячы лагераў і гета, забароненых зон і турмаў устанаўлівалі новы еўрапейскі парадак.

Кожны дзень, кожную хвіліну «сапраўдныя арыйцы» і іх памагатыя знішчалі людзей: расстрэльвалі і спальвалі жыўцом, вешалі і труцілі ў газавых камерах, марылі голадам і забівалі катаржнай працай. З машыннай педантычнасцю смяротны канвеер перамолваў мірных жыхароў, забяспечваючы дабрабыт Германіі і яе еўрапейскіх сатэлітаў.

Жыццё «недачалавекаў» нічога не каштавала, а пазбавіцца яго можна было ў любы момант. Смерць стала звычайнасцю на акупіраванай тэрыторыі, а забойства — руціннай работай фашыстаў і іх паслугачоў. Паказальна, што вёска Дальва Лагойскага раёна была спалена з усімі жыхарамі 19 чэрвеня 1944 года, за два тыдні да вызвалення Мінска.

Кроў, слёзы і нарабаваныя рэсурсы зняволеных народаў планамерна ператвараліся ў золата, асядалі на банкаўскіх рахунках спонсараў фашызму. Сярод іх — мільярдэры з ЗША, Вялікабрытаніі, краін Еўропы. Пры гэтым «руплівыя еўрапейцы» не грэбавалі нічым, выкарыстоўвалі ўсё, уключаючы маёмасць, адзенне, абутак, кроў, косці і валасы сваіх ахвяр. Яскравы прыклад рэалізацыі «дэмакратычнага» прынцыпу — «грошы не пахнуць».

Сёння «цывілізаваны» Захад практычна перапісаў гісторыю, па-майстэрску жангліруючы паняццямі і фактамі, адмежаваўся ад цёмнага мінулага, актыўна прасоўваючы ідэю «абароны дэмакратычных каштоўнасцяў». У гэту канцэпцыю добра ўкладваюцца прынцыпы нацыяналізму, якія адраджаюцца і становяцца абавязковым атрыбутам сучаснай палітыкі. Сотні прадажных «гісторыкаў» працуюць над абяленнем фашыстаў, трансліруючы свету наратыў, што вермахт змагаўся з партызанамі і падпольшчыкамі, а мірныя людзі «шчасліва жылі» пры новым парадку.

Аднак ёсць страшная праўда. Нас, славян, забівалі, пазбаўлялі любой надзеі на будучыню і метадычна сціралі з твару зямлі, а жыццё даравалася толькі тым, хто быў карысны «цывілізаванаму» Захаду. Па сутнасці, нічога не змянілася і сёння.

Нашчадкі фашыстаў не саромеючыся выкарыстоўваюць ідэалагічныя ўстаноўкі сваіх папярэднікаў, трансфармуюць грамадскую і індывідуальную свядомасць, песцяць ідэі ўласнай выключнасці і перавагі, практычна рэалізуюць рэваншысцкія праекты. З высокіх трыбун Еўрасаюза вяшчаюць дзеці і ўнукі вылюдкаў, якія ганарацца «слаўнай гісторыяй» продкаў. Чарговы раз робяцца спробы пашырэння «жыццёвай прасторы» і «справядлівага пераразмеркавання рэсурсаў». Як і дзесяцігоддзі назад, мірных жыхароў забіваюць «цывілізаваныя» прадстаўнікі Заходняга свету, а на іх уніформе — зноў фашысцкая сімволіка. Сёння «карычневая чума» — гэта не літаратурная алегорыя, а рэальнасць нашага часу.

Беларусь, якая стала арэнай генацыду і страціла кожнага трэцяга ў гады Вялікай Айчыннай вайны, ніколі не змірыцца з адраджэннем фашызму і яго ідэалогіі ў любых формах. Мільёны мірных жыхароў былі знішчаны гітлераўцамі і іх памагатымі, а страты Беларусі ў многіх сферах не ўдалося аднавіць да гэтага часу. У нашай краіне няма месца забыццю, святатацтву і рэвізіі гісторыі. Сведчанне таму — наша Канстытуцыя і сотні манументаў ва ўсіх кутках нашай Радзімы. Да іх не зарастае народная сцежка.

Памяць — гэта тое, што робіць нас людзьмі. Памяць жыве ў кожным нашым доме, а ў кожнай сям’і ёсць свой герой. Мы выстаялі і перамаглі 80 гадоў назад. Упэўнены, мы абаронім памяць продкаў і ўласную зямлю сёння. У гэтым наш свяшчэнны абавязак, аб якім нагадваюць званы Хатыні.

Мікалай БУЗІН, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў, доктар ваенных навук, прафесар


Лёс Хатыні спазналі 288 вёсак

Пытанні захавання гістарычнай спадчыны і фарміравання паважлівага стаўлення да падзей, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной, абмеркавалі ў прэс-цэнтры Дома прэсы гісторыкі, прадстаўнікі Генеральнай пракуратуры і Міністэрства адукацыі, музейшчыкі. Спецыялісты азнаёмілі з вынікамі работы па захаванні гістарычнай памяці, расказалі аб новых даследаваннях і адкрыццях, агучылі далейшыя планы па супрацьдзеянні фальсіфікацыям гістарычных падзей. Пытанням увекавечання памяці герояў і патрыятычнаму выхаванню моладзі ў краіне аддаецца асаблівая ўвага.

«Мала расследаваць, трэба казаць»

Намеснік начальніка ўпраўлення па наглядзе за расследаваннем асабліва важных крымінальных спраў Генеральнай пракуратуры Сяргей Шыкунец праінфармаваў пра вынікі расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, якое вядзецца ўжо пяты год. «Вынікі расследавання пацвярджаюць выснову аб тым, што маштаб трагедыі Вялікай Айчыннай вайны, дзеянняў карнікаў і іх памагатых на нашай зямлі нашмат шырэйшы, чым лічылася раней».

У ходзе расследавання супрацоўнікамі органаў пракуратуры ўстаноўлена больш за тры тысячы раней невядомых населеных пунктаў, спаленых поўнасцю або часткова. Спіс сясцёр Хатыні папоўніўся 102 новымі сёламі і вёскамі, якія былі спалены поўнасцю і не аднавіліся пасля вайны. Цяпер такіх вёсак 288, а не 186, як лічылася да нядаўняга часу. Генпракуратурай устаноўлены дзясяткі раней невядомых карных аперацый, звыш 160 раней невядомых месцаў знішчэння і пахавання людзей, больш паловы з якіх — масавыя.

«Але мала расследаваць, аб выніках расследавання трэба казаць, — перакананы Сяргей Шыкунец. — І не толькі жыхарам нашай краіны. Усяму свету казаць». Невыпадкова матэрыялы расследавання адлюстраваны ў серыі выданняў, якія выходзяць пад рэдакцыяй генеральнага пракурора. Нядаўна выйшла чарговая кніга «Генацыд беларускага народа. Карныя аперацыі. Частка 2», якая грунтуецца выключна на матэрыялах крымінальнай справы.

Беларускае заканадаўства дазваляе прыцягнуць да адказнасці злачынцаў, якія здзяйснялі генацыд у дачыненні да нашага народа. Судовыя прысуды выносяцца і ў дачыненні да тых, каго ўжо няма ў жывых. 

Па словах намесніка начальніка ўпраўлення, за кошт судовых рашэнняў, прынятых у сувязі з дзейным заканадаўствам, фарміруецца пачуццё непрыязнасці і асуджэння да нацызму. «У грамадстве ёсць запыт на атрыманне праўдзівых фактаў аб гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, — удакладніў ён. — Гэта работа будзе працягвацца.

Захоўваць і ўмацоўваць сувязі пакаленняў

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Дзмітрый Шаўцоў звярнуў увагу на важнасць захавання гістарычнай памяці. Асаблівую актуальнасць гэтаму пытанню, па яго словах, надаюць падзеі, якія адбываюцца вакол нашай краіны, дзе адрадзіўся нацызм і закрылі вочы на тое, што на тэрыторыі гэтых краін 80 гадоў таму рабілі фашысты.

Дзмітрый Шаўцоў указаў на важнасць захавання і ўмацавання сувязі пакаленняў. Па яго словах, дарослыя павінны расказваць сваім дзецям, унукам аб жахах Вялікай Айчыннай вайны. «Мы гэта чулі ад сваіх дзядоў, бацькоў, але дакладна гэтак жа нашы дзеці павінны пачуць пра гэта ад нас, — перакананы парламентарый. — Чым часцей будзем аб гэтым казаць, тым больш зразумелымі будуць нашым дзецям тыя жахі, якія адбываліся ў час Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі, іншых дзяржаў, якія таксама пацярпелі».

Дэпутат падкрэсліў, што гістарычная памяць — гэта важны код існавання нацыі. «Калі гэта забыць, нацыя перастане існаваць: наша суседка (Украіна. — „Зв.“), на жаль, даказала гэта на практыцы», — канкрэтызаваў ён.

Нельга забыць

Як адзначыла загадчыца Музея гісторыі беларускага кіно, філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі Вераніка Себруковіч, даследуюцца розныя аспекты тэмы захавання гістарычнай памяці: «Гэта і ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР у 1939 годзе, і генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Арганізуюцца буйныя, унікальныя выставачныя праекты, якія дзейнічаюць не толькі ў галоўным будынку Нацыянальнага гістарычнага музея, але і ў яго філіялах».

У прыватнасці, пачынаючы з 2022 года ў музеі працуе выставачны праект «Нельга забыць», прысвечаны тэме генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Экспазіцыя, якая першапачаткова была часовай, з’яўляецца часткай пастаяннай выставы. Па словах Веранікі Себруковіч, гэта даніна памяці тым людзям, якія бязвінна загінулі на вайне. Яна звярнула ўвагу, што такія праекты не будуць комплекснымі і ўсёабдымнымі без супрацоўніцтва з іншымі арганізацыямі. 

Гісторыя Вялікай Айчыннай вайны з’яўляецца неабсяжным полем дзейнасці і для вучоных, лічыць намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Павел Трубчык. «Каласальную колькасць дакументаў трэба будзе яшчэ апрацаваць, увесці ў навуковы зварот, і работа гэта праводзіцца, — канстатаваў ён. — З 2021 да 2024 года Цэнтрам ваеннай гісторыі Інстытута гісторыі НАН Беларусі выдадзена 37 манаграфій і зборнікаў навуковых артыкулаў па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Былі падрыхтаваны выданні на аснове архіўных дакументаў, многія з якіх упершыню ўведзены ў навуковы зварот».

Вераніка КАНЮТА


Дзень памяці

Напярэдадні 82-й гадавіны Хатынскай трагедыі ў Беларускім дзяржаўным інстытуце стандартызацыі і сертыфікацыі (БелДІСС) прайшоў Дзень памяці. Ганаровы госць мерапрыемства народны пісьменнік Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, генерал-лейтэнант Мікалай Чаргінец падзяліўся з супрацоўнікамі інстытута сваёй памяццю аб жахах вайны.

«Я стаўлюся да той катэгорыі мінчан, якіх называюць „дзеці вайны“. Калі пачалася вайна, мне ішоў пяты год — успамінае Мікалай Іванавіч. — Бацька пайшоў на фронт. Маці засталася з сямю дзецьмі... У мяне засталіся ў памяці такія пачуцці, як страх і голад. Мы атрымлівалі бохан хлеба, і роўна 50 працэнтаў было з пілавіннем. Дзеляць іх на сем ратоў, а ты глядзіш, каб табе таўсцей трапіўся кавалачак».

Народны пісьменнік Беларусі таксама расказаў аб фактах бесчалавечных злачынстваў нямецкіх акупантаў, якія ляглі ў аснову яго кнігі «Аперацыя «Кроў», і нязломным духу беларускага народа. Так, у невялікім пасёлку Сёмкава ў памяшканні дзіцячага дома быў створаны дзіцячы канцлагер. У дзяцей, якія ў яго пападалі, бралі кроў для нямецкіх салдат. Калі дзеці паміралі, іх закопвалі ці спальвалі ў печах. Партызаны распачалі смелую акцыю: падрыхтавалі сані з канямі, пакрылі іх парашутным шоўкам і ўначы вывезлі дзяцей у вёскі. Сяляне, цудоўна разумеючы, што калі фашысты даведаюцца, то расстраляюць усю сям’ю, узялі выратаваных дзяцей да сябе. І яны выжылі! Пасля вайны гэтыя дзеці збіраліся ў пасёлку Сёмкава, дзе была ўстаноўлена памятная дошка. А калі выйшла ў свет гэтая кніга і праходзіла яе абмеркаванне ў Акадэміі кіравання, то на сустрэчы прысутнічалі сямёра з іх.

Мікалай Іванавіч адзначыў важнасць таго, што пракуратура распачынае сёння крымінальныя справы, якія датычацца злачынстваў таго часу. Наша дзяржава адна з першых паставіла пытанне аб захаванні праўды аб вайне, сапраўднай гісторыі, бо Беларусь страціла кожнага трэцяга свайго грамадзяніна і мае права на кампенсацыю нанесенай шкоды.

«Менавіта адстойванне гісторыі цяпер з’яўляецца адстойваннем і міру для таго, каб не дапусціць паўтарэння, — падкрэсліў Мікалай Чаргінец. — Тыя намаганні, якія робіць наша краіна і Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, думаю, увянчаюцца поспехам».

Сёлета выставачная экспазіцыя «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны», якая працуе ў БелДІСС паўтара года, была дапоўнена рэчавымі доказамі, знойдзенымі падчас раскопак месцаў масавага знішчэння і пахавання грамадзян у Мінскім, Мядзельскім, Лагойскім, Бярэзінскім раёнах і перададзенымі Пракурам.

Над рэстаўрацыяй гэтых экспанатаў некалькі дзён працавалі супрацоўнікі Музея гісторыі Мінска.

«Гэтыя прадметы падкрэсліваюць, што галоўнай мэтай карнікаў былі мірныя жыхары, што ўсе іх дзеянні былі накіраваны на тое, каб вынішчыць мірнае насельніцтва Беларусі», — адзначыў пракурор аддзела Пракуратуры Мінскай вобласці Антон Лойка.

Паводле слоў намесніка дырэктара БелДІСС Кацярыны Сільчанкі, мець такую ​​спадчыну вельмі важна і адказна: «Інстытут наведвае вялікую колькасць людзей: слухачы адукацыйнага цэнтра „Акадэмія якасці“, студэнты ВНУ і каледжаў, замежныя дэлегацыі, якім мы можам паказаць экспазіцыю і больш глыбока раскрыць гэту тэму».

«Самае важна для нас, маладых пакаленняў, захаваць тую гістарычную памяць, якая засталася пра нашых бацькоў, дзядоў, якія заваявалі Вялікую Перамогу. Генеральнай пракуратурай зараз праводзяцца мерапрыемствы па выяўленні фактаў генацыду беларускага народа ў гады вайны. Так, колькасць такіх спаленых вёсак, як Хатынь, павялічылася больш як на 100. Гэта сімвалізуе тое, што моладзь, наша краіна будзе вечна захоўваць памяць аб тых падзеях, якія адбыліся на тэрыторыі Беларусі. Дзяржстандарт і ўсе нашы арганізацыі надаюць гэтаму вялікую ўвагу», — падкрэсліў першы намеснік старшыні Дзяржстандарта Аляксандр Бурак.

Наш абавязак — адстойваць, захоўваць і перадаваць нашчадкам гістарычную праўду. У імя свету

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю