Top.Mail.Ru

Хельсінкскія пагадненні — як аснова агульнай будучыні Еўропы

50-годдзе падпісання Хельсінкскага заключнага акта — нагода для разважанняў аб рэформе АБСЕ.


Беларусь лічыць, што надышоў час для глыбокага пераасэнсавання місіі АБСЕ. Важнасць гэтага адзначыў у інтэрв’ю карэспандэнту БелТА намеснік міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Ігар Сакрэта напярэдадні юбілейнай даты — 50-годдзя падпісання Хельсінкскага заключнага акта НБСЕ, якое адбылося 1 жніўня 1975 года. Паўвекавы юбілей стаў падставай для разважанняў аб ролі арганізацыі ў сучасных умовах і неабходнасці яе рэформы для аднаўлення дэпалітызаванага характару дзейнасці, а таксама аб укладзе Беларусі ў падтрыманне агульнаеўрапейскай бяспекі.

photo_2025-07-31_10-22-36 (2).jpg

— Ігар Віктаравіч, 1 жніўня вы будзеце ў Хельсінкі ўдзельнічаць у канферэнцыі высокага ўзроўню, арганізаванай пад эгідай фінскага старшынства АБСЕ ў азнаменаванне гэтай юбілейнай даты. На вашую думку, якое значэнне гэтай гістарычнай падзеі скрозь прызму работы АБСЕ ў сучасных умовах? І што можна сказаць пра ўклад Рэспублікі Беларусь у працэсы ўмацавання еўрапейскай бяспекі?

— Правядзенне канферэнцыі ў азнаменаванне 50-годдзя з моманту падпісання Хельсінкскага заключнага акта, які стаў асновай для стварэння АБСЕ і завяршыў перамовы па пытаннях еўрапейскай бяспекі ў эпоху халоднай вайны і жалезнай заслоны, калі ідэалагічнае супрацьстаянне дасягнула свайго піку, — добрая нагода задумацца аб выніках работы нашай арганізацыі, асабліва ў святле сучасных выклікаў і пагроз.

Прынцып непадзельнай бяспекі, замацаваны ў гэтым дакуменце ў 1975 годзе, быў не проста дэкларацыяй. Гэта быў свядомы выбар на карысць дыялогу, кампрамісу і ўзаемнай павагі. Беларусь нязменна разглядае гэты прынцып як ключавы ў справе ўмацавання міру на еўрапейскім кантыненце.

Беларусь з моманту далучэння да АБСЕ ў 1992 годзе актыўна змагалася за павышэнне аўтарытэту гэтай арганізацыі і стварэнне ўмоў для яе ператварэння ў сапраўдную апору сістэмы еўрапейскай бяспекі. Менавіта Беларусь на Будапешцкім саміце ў 1994 годзе выступіла адным з ініцыятараў распрацоўкі новай мадэлі еўрапейскай бяспекі зыходзячы з новых ваенна-палітычных умоў, якія складваліся на кантыненце, з улікам перспектыў развіцця сітуацыі ў Еўропе ў ХХІ стагоддзі.

На саміце АБСЕ ў г. Стамбуле ў 1999 годзе была падпісана Хартыя еўрапейскай бяспекі, якая была заклікана закласці рамкі далейшага ўзаемадзеяння як дзяржаў-удзельніц, так і каардынацыі і стыкоўкі намаганняў міжнародных арганізацый, якія займаюцца пытаннямі бяспекі на прасторы арганізацыі. Падпісанае там жа Пагадненне аб адаптацыі Дагавора аб звычайных узброеных сілах у Еўропе (ДЗУСЕ) азначала пераход ад блокавага падыходу да кантролю над узбраеннямі да новых форм кааператыўнай бяспекі ў Еўропе і магчымасць для далучэння да ДЗУСЕ новых дзяржаў.

photo_2025-07-31_10-22-36 (3).jpg

— Ці можна сказаць, што «дух Хельсінкі» жыве і перамагае? І калі не, то ў чым, з вашага пункту гледжання, прычыны негатыўных трансфармацый, якія адбываюцца?

— Нажаль, за апошнія дзесяцігоддзі мы сталі сведкамі паступовага адыходу ад «духу Хельсінкі». Канфрантацыйная логіка, палітыка санкцыйнага ціску, дэградацыя механізмаў кантролю над узбраеннямі і мераў даверу, мілітарызацыя, узаемныя абвінавачанні — усё гэта прывяло да глыбокага сістэмнага крызісу АБСЕ.

На працягу апошніх дзесяцігоддзяў НАТА імкнецца ператварыць свой блок у нейкі ваенна-палітычны гарант бяспекі ў Еўропе, што відавочна супярэчыць прынцыпам забеспячэння стабільнасці і міру на еўрапейскім кантыненце, зафіксаваным у Хельсінскім заключным акце і іншых важных дакументах АБСЕ, у тым ліку Хартыі еўрапейскай бяспекі.

У пытаннях бяспекі АБСЕ ўсё больш адсоўваецца на другі план, займаючыся галоўным чынам гуманітарнымі праблемамі і дублюючы ў гэтай галіне іншыя еўрапейскія арганізацыі. Міратворчая дзейнасць АБСЕ за апошняе дзесяцігоддзе не прынясла адчувальных вынікаў. Наадварот, АБСЕ праваліла ўсе спробы міратворчасці на постсавецкай прасторы.

Структуры АБСЕ спрабуюць усё больш актыўна ўмешвацца ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў. Працягваецца размыванне міждзяржаўнага фармату АБСЕ. У шкоду канструктыўнаму ўзаемадзеянню дзяржаў-удзельніц на мерапрыемствы АБСЕ запрашаюцца маргінальныя, а то і зусім фантомныя НДА і так званыя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці з экстрэмісцкімі поглядамі.

Сёння арганізацыя ўсё часцей ператвараецца ў арэну палітычных сутыкненняў, а яе структуры — у інструмент ціску, а не супрацоўніцтва.

— Якімі бачацца шляхі вырашэння праблемы «размывання асноў Хельсінкі» і выхаду АБСЕ з сістэмнага крызісу з пункту гледжання беларускай дыпламатыі?

— АБСЕ застаецца адзінай пляцоўкай, якая аб’ядноўвае краіны Паўночнай Амерыкі, Еўропы і постсавецкай прасторы. Менавіта гэтая інклюзіўнасць і павінна быць захавана і выкарыстана для перазапуску дыялогу. Беларусь мяркуе, што надышоў час для глыбокага пераасэнсавання місіі АБСЕ. Арганізацыі неабходныя рэформы, якія адновяць яе кансенсусны, дэпалітызаваны і інклюзіўны характар.

Важна вызначыцца, якой хочуць бачыць АБСЕ ўсе яе ўдзельнікі — дзеяздольнай арганізацыяй з выразнай структурай або пластылінам, з якога можна ляпіць усё, што вызначаецца кан’юнктурнымі інтарэсамі некаторых уплывовых дзяржаў.

Грунтуючыся менавіта на гэтым бачанні, Беларусь на працягу апошніх гадоў актыўна прасоўвае ініцыятыву па запуску новага ўсёабдымнага міжнароднага дыялога па пытаннях бяспекі, свайго роду «Хельсінкі-2». Мы перакананыя, што без шырокага абмеркавання, у тым ліку з удзелам экспертных, акадэмічных, маладзёжных і няўрадавых структур, выйсці з тупіку супрацьстаяння будзе немагчыма.

photo_2025-07-31_10-22-36 (4).jpg

— Ці можна больш падрабязна спыніцца на намаганнях Беларусі апошнім часам па супрацьдзеянні гэтым негатыўным тэндэнцыям і вяртанню «духу Хельсінкі» на наш кантынент?

— На другой Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы восенню 2024 года мы прапанавалі да міжнароднага абмеркавання Еўразійскую хартыю разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі — дакумент, які замацоўваў бы павагу да культурнага, палітычнага і эканамічнага выбару кожнай краіны, падкрэсліваў бы недапушчальнасць санкцыйнага ціску, ідэалагічнай сегрэгацыі і прымусовага навязвання мадэляў развіцця.

Гэтая Хартыя — не альтэрнатыва існуючым структурам, а магчымы канцэптуальны мост паміж полюсамі светапоглядных адрозненняў. Яна заклікана ўвайсці ў аснову працэсу пабудовы архітэктуры еўразійскай бяспекі і фармавання справядлівага шматпалярнага светаўладкавання і цалкам можа быць прадметам дыялогу на пляцоўцы АБСЕ, асабліва калі мы імкнёмся вярнуць у Еўропу «дух Хельсінкі». 

Прагрэсу, дасягнутаму на гэтым напрамку, будзе прысвечана і адна з секцый маючай адбыцца ўжо трэцяй Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы восенню гэтага года.

Беларусь застаецца адкрытым і канструктыўным бокам. Мы працягваем удзел у дзейнасці АБСЕ, гатовы прымаць міжнародныя мерапрыемствы, развіваць трэкі культурнай дыпламатыі, гуманітарнага ўзаемадзеяння, абменаў і адукацыі. Ва ўмовах геапалітычнай турбулентнасці асабліва важна не страціць арыенціры. 

Хельсінкскі Заключны акт быў прыняты пасля самай разбуральнай вайны XX стагоддзі. Ён нагадваў, што свет магчымы толькі на аснове ўзаемнай павагі, а бяспека — толькі калі яна непадзельная.

Мы заклікаем усіх удзельнікаў вярнуцца да гэтых прынцыпаў — не як да часткі мінулага, а як да асновы агульнай будучыні. Менавіта да гэтага абавязвае ўсіх нас і сімвалізм бягучага года — года 80-годдзя Вялікай Перамогі савецкага народа і краін антыгітлераўскай кааліцыі над фашызмам і 50-годдзя Хельсінкскага заключнага акта.

Аліна ГРЫШКЕВІЧ,

БелТА.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю