Гэтыя парады спатрэбяцца не толькі школьнікам і студэнтам, але і ўсім, хто хоць зрэдку што-небудзь ды піша
Кожны, напэўна, сутыкаўся з сітуацыяй, калі загадзя вычытаў тэкст у важным пісьме альбо паведамленні, аднак пазней заўважыў памылку сам альбо атрымаў яхідны каментарый ад начальства: маўляў, сорамна не ведаць школьных правіл... Нярэдка пасля такога чалавек адчувае сябе разгубленым і не разумее, чаму так адбылося.
Памылкі ж пры напісанні ўзнікаюць з розных прычын — ад простай няўважлівасці і асаблівасцяў функцыянавання мозгу да сур’ёзных неўралагічных праблем. Што самае крыўднае, у чужых тэкстах мы цудоўна бачым дапушчаныя памылкі, а ў сваіх — прапускаем.
Часцей за ўсё падобнае не выклікае асаблівых непрыемнасцяў, але бываюць важныя моманты, калі памылкі лепш своечасова ўбачыць і выправіць, каб пазбегнуць сур’ёзных рэпутацыйных ці прафесійных рызык.
Нейрафізіялогія тлумачыць гэты парадокс так: ваш мозг прывык аналізаваць тэксты не шляхам уважлівага вывучэння кожнай літары, а праз пабудову здагадак на аснове мінулага досведу. Перачытваючы ўласны тэкст, мозг узнаўляе вашы думкі, а не сам тэкст, таму замяняе няправільнае слова правільным, грунтуючыся на ўнутраным уяўленні, як яно павінна выглядаць.
Кагнітыўныя механізмы маскіроўкі памылак уключаюць такія феномены, як унутраны шум і эфект празрыстасці тэксту. Ваш мозг запамінае пачатак і канец тэксту, агульную сэнсавую канву, ігнаруючы пры гэтым дробныя нюансы. Чым больш складаная структура тэксту, тым больш моцная кагнітыўная нагрузка, і гэта перашкаджае мозгу заўважаць зусім ужо нязначныя памылкі.
Чаму мы робім памылкі?
- Стаміліся, таму наша канцэнтрацыя зніжана
Калі вы сядзіце над тэкстам ужо некалькі гадзін, ваш узровень увагі да дэталяў прадказальна зніжаецца: у мозгу таксама ёсць ліміт эфектыўнасці.
- «Прызабылі» правілы
Пасля заканчэння школы мінула ўжо шмат гадоў, і нават выдатнік можа забыцца, дзе ставіцца коска, а дзе — не, асабліва калі нячаста карыстацца такой маўленчай канструкцыяй у жыцці.
- Баімся дапусціць памылку
Празмерная канцэнтрацыя на чыстапісанні прыводзіць да адваротнага эфекту: нервовая сістэма пераўзбуджаецца, пераключаючыся з працэсу напісання на ўнутранае хваляванне, з-за чаго можа ўзнікнуць памылка.
- Пішам не той рукой
Гэта больш актуальна для людзей, якіх у дзяцінстве перавучылі пісаць правай рукой.
- Маем расстройства развіцця навучальных навыкаў
Магчыма, вы чулі пра дыслексію, дысграфію, дызарфаграфію, калі чалавек абсалютна разумны і адэкватны, але чытае і піша з жудаснымі памылкамі. І справа тут не ў тым, што калісьці ён дрэнна вучыўся ў школе, а ў тым, што, калі некаторыя функцыі вышэйшай нервовай дзейнасці недастаткова сфарміраваны або абмежаваны, напісанне і чытанне аказваюцца некантраляваным працэсам.
У такім выпадку самастойна правяраць тэкст дастаткова складана, таму лепш папрасіць дапамогі. Зрэшты, дадзеная прычына не так часта сустракаецца.
- Памыліліся выпадкова
Часам памылка — гэта проста памылка: прамахнуўся пальцам міма клавішы або пераключыў увагу на штосьці іншае і прапусціў у слове літару. Калі такіх промахаў усяго пара-тройка на вялікі тэкст, нічога страшнага тут няма.
Хітрыкі чыстапісання
-
Змяніце фармат прагляду тэксту. Напрыклад, можна замяніць памер шрыфта. Калі ёсць магчымасць, раздрукуйце ваш матэрыял — на паперы тэст выглядае зусім інакш.
-
Перад чарговай вычыткай адарвіцеся ад экрана альбо выйдзіце на пару хвілін у іншы пакой ці на вуліцу, каб «асвяжыць» позірк.
-
Прачытайце тэкст услых. Слухаючы свой голас, вы будзеце больш уважлівымі да недапасаваных канчаткаў і складаных канструкцый. Многія сказы адразу пададуцца нязручнымі для іх прагаворвання, а, значыць, для ўспрымання. Мадэлюйце тэкст, «аблягчайце» напісанае.
-
Паспрабуйце правяраць тэкст з канца. Дзіўна? Але менавіта так вы будзеце чытаць кожнае слова асобна. Бо калі вы перачытваеце тэкст зноў і зноў, то прапускаеце словы, паколькі ведаеце, што будзе далей. А вось тэкст з канца ўспрымаецца зусім па-новаму. І адразу становіцца лягчэй знайсці памылкі.