Top.Mail.Ru

ХХХІ Міжнародныя Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні нагадалі пра агульную сям’ю ўсіх хрысціянскіх народаў

Па-братэрску, з добрым словам.



Перад сцэнай, на якую ўздымаліся ганаровыя госці, — абраз святых братоў Кірылы і Мяфодзія, пра духоўны подзвіг якіх нагадаў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Тыя, хто прынёс слова Божае на землі славян, былі вялікімі настаўнікамі і асветнікамі, памяць пра якіх жыве ў вяках, іх шануюць хрысціяне, дзе б яны ні жылі і да якой бы канфесіі не належалі. На гэтым сёлета зроблены асаблівы акцэнт у сувязі з 1700-годдзем першага Нікейскага сабору (цяпер яго называюць Усяленскім), які прыняў Сімвал Веры — адзіны для ўсіх хрысціян...

photo_2025-05-13_16-22-34.jpg

«На Нікейскім саборы 1700 гадоў таму былі зацверджаны дагматы хрысціянства, паклаўшы пачатак адзінай царкоўнай традыцыі. Гэтыя падзеі не толькі вызначылі ход рэлігійнага жыцця, але зрабілі вялікі ўплыў на культуру, філасофію і устоі грамадства, — адзначаецца ў прывітальным звароце Наталлі Качанавай, Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь. — ... Сёння ўзнікае заканамерная неабходнасць аб’яднаць розумы і сэрцы людзей, нераўнадушных да багатай спадчыны хрысціянскай думкі і адстаяць сваё натуральнае права на канфесійную і духоўную ідэнтычнасць. Беларусы як адданыя захавальнікі веры, набожнасці, талерантнасці і міласэрнасці дэманструюць сваю рашучасць у абароне маральных арыенціраў, якія не знікаюць, і гатовыя дзяліцца святлом добрай волі з аднадумцамі.» Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў Беларусі Аляксандр Румак ад сябе дадаў, што рашэнні, прынятыя на Нікейскім саборы, заклалі традыцыю сумеснага прыняцця рашэнняў па ключавых пытаннях. Гэта так блізка беларускамі народу: усе пытанні і праблемы вырашаць талакой. І ў цяперашні час каласальны досвед хрысціянства можа паслужыць грамадству: дзяржава ставіць сваёй мэтай вырашэнне пытанняў сям’і і моладзі, фарміраванне здаровай нацыі, умацаванні маралі і пачуцця патрыятызму. 

— Дагматы веры заўсёды разглядаліся не проста як багаслоўскія фармулёўкі, а як аснова для правільнага духоўнага жыцця як для асобных хрысціян, так і для ўсёй Царквы. Чалавек жыве так, як ён верыць, як ён успрымае акаляючы свет, як разумее сваё прызначэнне і якія духоўныя законы ставіць у галаву, — падкрэсліў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. 

Пра агульныя карані для ўсіх хрысціян ад імя католікаў Беларусі казаў і архіепіскап Юзаф Станеўскі, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, нагадаўшы словы нядаўна спачылага Рымскага Папы Францішка: «Хрыстос жывы, а разам з ім жывы і той, хто дакранецца да яго праз словы ці прычасце, ён становіцца нанова маладым праз маладосць Ісуса Хрыста». Прагучала пажаданне: «каб наша грамадства, наш народ заўсёды быў малады незалежна ад узросту». 

photo_2025-05-14_15-02-22 (2).jpg

НаРОД — як агульны род ці сям’я, да якой належаць прадстаўнікі розных этнічных груп і веравызнанняў. І калі ў нейкіх краінах гэта становіцца праблемай, то ў Беларусі яе наогул няма. Тут свае культурныя і рэлігійныя традыцыі існуюць без супярэчнасцяў. Пра агульны корань усіх аўрамічных рэлігій — іудаізма, хрысціянства і іслама — нагадаў муфтый Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Беларусі Абу-Бекір Шабановіч

— Усявышні Гасподзь так стварыў свет, што прыходзілі Прарокі, каб данесці ўсім, хто ў ім жыве, дагматы агульнага жыцця. У Беларусі іслам ужо сёмае стагоддзе, ад таго часу, калі мусульмане прыйшлі з Паволжа і іншых рэгіёнаў і апынуліся тут у атачэнні хрысціян. Гэтае асяроддзе да такой ступені было прыдатнае і іудзеям, і мусульманам, што захаваўся мір, спакой, узаемаразуменне і ўзаемадзеянне ва ўсіх жыццёвых справах. А гэта найперш праца, побыт, сямейныя адносіны, узаемаразуменне і падтрымка ва ўсіх бедах, сумесныя святы з рознымі нацыянальнымі і рэлігійнымі адценнямі. Я памятаю з дзіцячых гадоў, калі ў нашай Іўеўскай абшчыне ў рэлігійныя (не мусульманскія) святы ніколі не выконвалі работы, бачнай для іншых вернікаў, каб не прынесці ніякага сумневу, нікай крыўды, ніякага выкліку сваімі дзеяннямі. Тое ж адбывалася і ў нашы мусульманскія святы... Нас, грамадзян Беларусі, радуе тое, што маем такі ачаг узаемаразумення як у працы, так і ў астатніх жыццёвых кірунках, і асабліва — у абароне таго, што напрацавалі людзі.

photo_2025-05-14_15-02-22.jpg

Шмат якія пытанні можна вырашаць па-братэрску — вось досвед Беларусі. І ў прывітанні надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Расіі ў Беларусі Барыса Грызлова гаварылася пра «сілу дыялогу і пераадолення рознагалоссяў». Кірыла-Мяфодзіеўскія Чытанні — адна з пляцовак для абмеркавання, да якой далучаны навукоўцы з краін як Усходу, так і Захаду. І беларускім даследчыкам — багасловам, культуролагам, філосафам, гісторыкам, філолагам — ёсць пра што сведчыць: на адкрыцці форуму нагадалі пра шэраг юбілейных дат, значных для Беларускай Праваслаўнай Царквы і грамадства наогул. 

Ларыса ЦІМОШЫК


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю