Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Юрыя Горлава, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара. Ключавымі тэмамі сталі ход уборачнай кампаніі і прагнозы на ўраджай па выніках жніва, сяўба азімых культур і выкананне даручэння кіраўніка дзяржавы па будаўніцтве прафілакторыяў для цялят.
На сёння аграрыі намалацілі больш за 4,6 мільёна тон збожжа. У ліку першых рэгіёнаў-мільённікаў — Брэсцкая і Мінская вобласці, а неўзабаве адзнаку ў мільён тон перасягнуць аграрыі Гродзенскай вобласці. Пры гэтым стан збожжа на палях і іншыя фактары дазваляюць разлічваць на ўраджай не ніжэйшы за ўзровень мінулага года.
Як было даложана Прэзідэнту, у Беларусі ўбрана амаль 90 % азімага рапсу. Завяршаецца ўборка яравога ячменю і азімага жыта. Паралельна аграрыі ўбіраюць азімую і яравую пшаніцу, азімае трыцікале — культуры, якія забяспечваюць максімальную ўраджайнасць.
Акрамя ўборачных работ, у Беларусі рыхтуюцца да сяўбы азімых культур, аб чым таксама было дэталёва даложана кіраўніку дзяржавы. Пад азімы рапс падрыхтавана больш за палову плошчаў, а паўночныя раёны ўжо прыступілі да яго сяўбы. У цэлым гэтую культуру плануецца пасеяць на плошчы 457 тысяч гектараў, што прыкладна адпавядае ўзроўню мінулага года. Перад аграрыямі стаіць задача завяршыць сяўбу азімага рапсу да 25 жніўня.
Акрамя летніх палявых работ, Аляксандр Лукашэнка цікавіўся ходам будаўніцтва прафілакторыяў для цялят. Сёлета запланавана ўвядзенне 528 такіх аб’ектаў, 161 з іх ужо пабудаваны. Згодна з зацверджанымі графікамі, да 1 кастрычніка ўсе аб’екты павінны быць уведзеныя ў эксплуатацыю.
Асабліва Прэзідэнт звярнуў увагу на патрабаванне абсалютнага выканання тэхналогій. Акрамя непасрэдна будаўніцтва прафілакторыяў — у тэрмін павінна быць выраблена і ўведзена ўсё неабходнае тэхналагічнае абсталяванне. Таксама было агучана патрабаванне — пабудаваныя цялятнікі не павінны пуставаць.
«Пастаўленыя кіраўніком дзяржавы задачы будуць выкананы якасна і ў тэрмін»
У размове з журналістамі міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў расказаў аб асноўных аспектах свайго дакладу беларускаму лідару.
Ураджайнасць рапсу ідзе на рэкорд
Так, па словах кіраўніка ведамства, ход уборачнай кампаніі сёння ідзе сваім ходам. Па даных на 3 жніўня, беларускія аграрыі перасягнулі экватар з улікам уборкі збожжавых каласавых культур.
«З улікам уборкі рапсу ўбрана 53 %. Намалацілі больш за 4,6 мільёна тон збожжа», — падзяліўся лічбамі міністр. Ён адзначыў, што сёлета ўборка пачалася крыху раней, чым летась: «Але тым не менш мы бачым, што па стане збожжа, якое сёння знаходзіцца на палях, ураджай не меншы за ўзровень папярэдняга года. Першы мільён тон збожжа намалаціла Брэсцкая вобласць. Літаральна сёння адзін мільён тон збожжа намалаціла Мінская вобласць, і днямі на гэты паказчык выйдзе Гродзенская вобласць». Юрый Горлаў выказаў упэўненасць, што астатнія рэгіёны ў свой час таксама выйдуць на мільённы паказчык намалотаў.
Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання звярнуў увагу і на якасна арганізаваны працоўны працэс. «Работа арганізавана з раніцы і працягваецца да позняга вечара, аж да начных гадзін уборкі збожжавых культур, — паведаміў ён. — На сённяшні дзень мы ўбралі ўжо практычна 90 % азімага рапсу. Мы ідзём са значным апярэджаннем да ўзроўню мінулага года: намалацілі больш за адзін мільён тон насення азімага рапсу. Летась мы выйшлі на мільён тон насення рапсу ў цэлым з яравымі. Таму сёлета мы, напэўна, прадэманструем адно з высокіх значэнняў у дасягненні намалоту гэтай культуры».
Ураджайнасць, працягнуў Юрый Горлаў, таксама мае гістарычны рэкорд. «Па ўраджайнасці рапсу мы перасягнулі 30 цэнтнераў з гектара. Мы бачым, што за дзень даём больш за 40 цэнтнераў з гектара ўраджайнасці. Гэта таксама дазволіць нам прырасці па агульным намалоце рапсу», — лічыць кіраўнік ведамства.
Працаўнікі вёскі сёння ўбіраюць і каласавыя збожжавыя культуры. Паводле звестак на 3 жніўня, беларускія аграрыі ўжо падыходзяць да фінішнай прамой па ўборцы гэтых культур. «Убралі азімы ячмень, завяршаем уборку яравога ячменю, азімага жыта. Гэта тыя культуры, на якія сёння трэба звярнуць першачарговую ўвагу, — падкрэсліў міністр. — Паралельна ўбіраем азімую і яравую пшаніцу, азімае трыцікале. Гэта тыя культуры, якія нам даюць максімальную ўраджайнасць. Таму мы бачым, што пры ўборцы гэтых культур мы па ўраджайнасці яшчэ падрасцём і, адпаведна, дададзім у наш агульны каравай збожжа».
Азімая сяўба фактычна пачалася
Юрый Горлаў адзначыў, што аграрыі сёння рыхтуюцца і да азімай сяўбы. Па словах міністра, ужо падрыхтавана больш за палову плошчаў пад сяўбу азімага рапсу. Паўночныя рэгіёны, такія як Віцебская вобласць, частка Магілёўскай вобласці, паўночныя раёны Мінскай вобласці, ужо прыступілі да сяўбы азімага рапсу. У цэлым па краіне плануецца пасеяць гэтую культуру на плошчы ў 457 тысяч гектараў.
«Гэта ўзровень мінулага года, — канстатаваў Юрый Горлаў. — То-бок, структура ў гэтай частцы моцна не зменіцца. Ну і, адпаведна, да 25 жніўня стаіць задача завяршыць сяўбу азімага рапсу. Таксама мы ўжо рыхтуем плошчы пад сяўбу збожжавых каласавых культур. Тут вельмі выразная задача пастаўлена з улікам таго, што мы ўжо другі год маем рэкордны вал збожжа. І кіраўнік дзяржавы ставіў задачу браць 2025 год за аснову, калі мы намалацілі крыху больш за 11 мільёнаў тон збожжа. Мы прытрымліваемся гэтай лічбы і, адпаведна, рухаемся наперад. А для таго, каб ісці далей па намалоце збожжа, мы сёлета ў разрэзе кожнай сельгасарганізацыі пераглядаем яшчэ (там, дзе трэба) асобна структуру пасяўных плошчаў, каб удзельная вага азімых збожжавых культур набліжалася да 80 %».
У якасці станоўчага такога прыкладу міністр прывёў Мінскую вобласць, удзельная вага такіх культур па якой дасягнула 82 %. «Не ўсе яшчэ гаспадаркі наблізіліся да гэтага паказчыка. Гэта наш пэўны рэзерв атрымання збожжа ўжо 2027 года. І мы гэту работу зараз праводзім разам з аграрыямі нашай краіны», — падзяліўся ён.

У высокай ступені гатоўнасці — больш як палова прафілакторыяў для цялят
Кіраўнік ведамства закрануў таксама тэму будаўніцтва прафілакторыяў для цялят. Так, сёлета запланавана пабудаваць 528 такіх прафілакторыяў. На сённяшні дзень ужо пабудаваны 161 прафілакторый. «Работа гэта працягваецца. У высокай ступені гатоўнасці — больш за палову прафілакторыяў. Паводле зацверджаных графікаў і фактычнай работы, якая цяпер вядзецца, асноўны ўвод — жнівень-верасень 2026 года. Гэта значыць, мы вызначыліся, паставілі задачу да 1 кастрычніка ўвесці ўсе прафілакторыі ў эксплуатацыю. Кіраўнік дзяржавы паставіў дакладную задачу, каб усе гэтыя прафілакторыі былі аснашчаны тэхналагічным абсталяваннем», — звярнуў увагу Юрый Горлаў.
Усе сельгасарганізацыі павінны своечасова быць даўкамплектаваны неабходным абсталяваннем, працягнуў міністр. Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу: пабудаваныя цялятнікі не павінны пуставаць. Гэта недапушчальна. «У сувязі з гэтым мы маніторым сельскагаспадарчыя арганізацыі, якія выклікаюць пэўныя сумненні», — дадаў міністр.
Юрый Горлаў таксама нагадаў, што на нядаўнім селектары па жніве кіраўніком дзяржавы ставілася задача да 1 жніўня выцерабіць таварны лён. «Усе вобласці справіліся з гэтай задачай. На сённяшні дзень застаецца крыху больш за 9 тысяч гектараў насенняводчых пасеваў, якія мы ў тэрмін да 15-20 жніўня выцерабім з улікам паспявання лёну. Гэта больш датычыцца нашых усходніх паўночных рэгіёнаў. Таму задачы, пастаўленыя кіраўніком дзяржавы, у цэлым па ўборачнай кампаніі і па ўборцы астатніх культур будуць выкананы якасна і ў тэрмін», — рэзюмаваў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА