Top.Mail.Ru

Хронікі мужнасці беларускага народа

Прайсціся па сцежках ваенных падзей на тэрыторыі Беларусі, убачыць герояў, якія ахвяравалі жыццём дзеля нашай агульнай будучыні, дакрануцца да такой балючай, але важнай часткі мінулага можна на выстаўцы «Беларусь адзіная і непераможная. Тры вайны» ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь. Адным з арганізатараў праекта стаў лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне» гісторык і калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў.


Праект падзелены на тры часткі ў адпаведнасці з храналогіяй. Пачынаецца часовая экспазіцыя з вайны 1812 года, якая сёння рэдка згадваецца ў грамадскіх дыскусіях і СМІ, аднак яе падзеі моцна паўплывалі на становішча беларускіх зямель. Супраць французскай арміі змагаліся 220 тысяч беларусаў. У выніку краіна панесла вялікія людскія і матэрыяльныя страты: многія населеныя пункты апусцелі, а пастаянныя рэквізіцыі і рабаванні амаль знішчылі гаспадарчую сістэму. 

У экспазіцыі, прысвечанай вайне 1812 года, прадстаўлены арыгінальныя літаграфіі ўдзельніка напалеонаўскіх паходаў, мастака-баталіста французскай арміі Фабера дзю Фора, паштоўкі пачатку ХХ стагоддзя (па кнізе генерала А. Ярмолава, 1777–1861), дэталі ваеннага рыштунку пачатку ХІХ стагоддзя, знойдзеныя на месцы пераправы Напалеона праз раку Бярэзіну ў лістападзе 1812 года (в. Студзёнка), ваенныя мундзіры салдат Расійскай імперыі і шмат іншага. Літаграфіі французскага мастака перадаюць напружаную атмасферу тых часоў і чырвонай ніткай звязваюць усе экспанаты ў адзінае цэлае. На выстаўцы можна пазнаёміцца з выданнямі «1812. Помнікі Айчыннай вайне на старых паштоўках» (Уладзімір Ліхадзедаў і Кірыл Сокал) і «1812. Храналогія Айчыннай вайны на старых паштоўках і ў графіцы» (Уладзімір Ліхадзедаў і Уладзімір Пефціеў). 

Працягвае экспазіцыю Першая сусветная вайна. Беларусь зноў стала арэнай кровапралітных бітваў. Каля 900 тысяч жыхароў беларускіх губерняў былі прызваны ў расійскую армію, 70 з іх загінулі на полі бою. Частка тэрыторыі апынулася пад акупацыяй. Ад голаду, хвароб і галечы загінулі 60 тысяч мірных жыхароў, а яшчэ 50 тысяч былі сілком адпраўлены ў Германію. У экспазіцыі прадстаўлены шэраг фотаздымкаў таго часу з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава. Тут можна ўбачыць беларускія гарады і вёскі, помнікі архітэктуры і славутыя мясціны нашай краіны ў гістарычнай рэтраспектыве — «да/пасля» ваенных падзей. Аднак з дапамогай фатаграфій раскрываецца іншы бок вайны: не толькі зброя, смерць і разбурэнне, але і ўзаемадапамога, яднанне і сапраўдная каштоўнасць мірнага жыцця. Гэтую ідэю трансліруюць фотаздымкі, дзе вайскоўцы гуляюць разам з дзецьмі, гатуюць ежу і пякуць хлеб, дзе адчуваецца імкненне забыцца і зноў вярнуцца да паўсядзённых спраў. Сярод экспанатаў можна ўбачыць кнігі з асабістай бібліятэкі паручніка гродзенскай крапасной артылерыі Конанава. Большасць з іх прысвечана ваеннай тэматыцы: «Правілы стральбы», «Страявы статут сухапутна-крапасной артылерыі», «Табліца для стральбы», «Інструкцыя для выкарыстання камандзірскага вугламера», «Кароткае апісанне кулямёта Кольта і абыходжанне з ім» і інш. 

Аматарам вайсковай амуніцыі будзе цікава пазнаёміцца з прадметамі побыту салдат Расійскай імперыі: башлык, кабура, брытва, кішэнны ножык, самаробныя запальнічка і насадка, зробленыя з гільзы С. І. Фёдаравым і інш.

Маштабная частка экспазіцыі прысвечана самай крывавай трагедыі ХХ стагоддзя — Вялікай Айчыннай вайне. Уся тэрыторыя Беларусі была акупавана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, на франтах змагалася больш за 1 мільён 300 тысяч беларусаў, беларускі ўсенародны рух супраціўлення не мае аналагаў у сусветнай гісторыі: 374 тысячы партызанаў і 70 тысяч падпольшчыкаў вялі барацьбу з акупантамі. 

За гады Вялікай Айчыннай вайны Беларусь панесла незаменныя страты. Краіна страціла больш за палову свайго нацыянальнага багацця, фашысты знішчылі каля 3 мільёнаў чалавек, разбурылі 209 з 270 беларускіх гарадоў. На выстаўцы дэманструюцца фотаматэрыялы з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава. Яны паказваюць, як выглядалі гарады і раённыя цэнтры Беларусі даваеннага перыяду, падчас нямецкіх бамбардзіровак і які цяпер маюць від сучасныя адноўленыя мірныя гарады.

Праект раскрывае тэмы фашысцкай акупацыі беларускай зямлі, выпрабаванняў ваеннапалонных і мірных жыхароў у канцлагерах, генацыду беларускага народа. У экспазіцыі можна ўбачыць дакументы, якія выкарыстоўваліся на акупаванай тэрыторыі, асабістыя рэчы ваеннапалонных (лыжкі, адзенне, кісет, запалкі, партсігар і інш.), прадметы, знойдзеныя падчас археалагічнага суправаджэння земляных і будаўнічых работ пры ўзвядзенні мемарыяльнага комплексу «Благаўшчына» (ключы, гадзіннік, фотаздымкі лагера «Малы Трасцянец», акуляры, упрыгажэнні, абутак і інш.).

Выстаўка «Беларусь адзіная і непераможная. Тры вайны» — гэта не проста гістарычны праект, а мост паміж мінулым і сучаснасцю, магчымасць зразумець цану мірнага жыцця і перадаць памяць аб героях нашым нашчадкам. Кожны экспанат — гэта сведчанне мужнасці, адвагі і любові да Радзімы. Наведваючы гэтую экспазіцыю, мы не толькі шануем памяць загінулых, але і робім крок да яднання, адлюстроўваючы нашу агульную гісторыю і спадчыну.

Шынель і рыштунак паўсядзённы каманднага і начальніцкага саставу РЧСА ўзору 1935 г.

Ці зможам мы ўзяць урокі мінулага і захаваць Беларусь непераможнай у будучыні? Адказ на гэтае пытанне залежыць ад кожнага з нас. 

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю