Top.Mail.Ru

Хрумсткая капустка для салаты, фруктовая талерка, крамяныя грыбочкі, якія так і просяцца на патэльню разам з бульбай...

І на боршч, і на «шарлотку»


На сельгаскірмашы ў Гомелі вочы разбягаюцца. Уласны карэспандэнт «Звязды» прайшлася па гандлёвых радах, выслухала водгукі аб пакупках гомельскіх спажыўцоў і пераканалася, што па запасы прыходзяць не толькі з сумкамі, але і з добрым настроем. А пакідаюць кірмаш яшчэ і з новымі ідэямі для хатняга меню.


«Месца сустрэчы змяніць нельга»

Сваю прадукцыю ў Гомель прывезлі прадстаўнікі філіялаў спажывецкай кааперацыі з розных раёнаў вобласці.

— Першыя пакупнікі былі ўжо з самага адкрыцця — з 8.30 раніцы — і ідуць стабільным патокам, — гаворыць малады спецыяліст, прадавец Гомельскага абласнога спажыўтаварыства Уладзіслаў АКІНЧЫЦ.

Ён выйшаў на першы свой сельгаскірмаш як на «працоўнае хрышчэнне» і адразу апынуўся ў першым павільёне гандлёвага раду:

— Таму ўсе першымі — да нас. Абавязкова бяруць бульбу вялікімі сеткамі. Вядома, капусту, моркву, перац, цыбулю — па 25 кілаграмаў адразу.

— Асартымент уражвае, — адзначае пенсіянерка Людміла ЯРАШЭВІЧ. — Як гаворыцца, месца сустрэчы змяніць нельга. У нас з сяброўкамі, былымі калегамі, такая традыцыя — збіраемся разам кожны восеньскі кірмаш. Ва ўсіх нас ёсць дачы, а за тым, што не вырасла на лецішчы, прыязджаем сюды. Нам вельмі падабаецца атмасфера такіх кірмашоў.


Ад прылаўка з пакункамі крочыць гамяльчанка Ірына АЛЯКСЕЕНКА:

— Не прыехаць на кірмаш для гаспадыні — вялікая памылка. 

Настрой — купляць

У павільёне Светлагорскага філіяла Гомельскага абласнога спажывецкага таварыства працуюць Вікторыя ШАЎЧУК і Таццяна ШАРАНКОВА. Да абласнога кірмашу яны рыхтаваліся загадзя, прадумвалі афармленне гандлёвага месца і нават зрабілі фотазону.

— Ад нашага філіяла прывезлі больш за 20 тон сельскагаспадарчай прадукцыі. Прапануем сабраць увесь баршчавы набор: бульбу, цыбулю, моркву, буракі, — тлумачаць прадаўцы.

Вылучаўся павільён светлагорцаў і асаблівай прапановай — толькі ў іх былі брусніцы. А вось журавіны, якія чырванелі амаль ва ўсіх павільёнах, па апытанні пакупнікоў, — прадукт-хіт. 


З Брагіншчыны прапанавалі свежую агародніну і садавіну, шырокі асартымент кансервацый, саленняў, марынаванай агародніны, сухафруктаў.

— Больш за 30 гадоў працую прадаўцом і вельмі люблю сваю работу. І людзі гэта адчуваюць. Спачатку падыходзяць — прыцэньваюцца. Кажу, паглядзіце, вось прыйдзеце абавязкова да мяне зноў. І пакупнікі сапраўды вяртаюцца да нашага прылаўка. Сакрэт просты — не кіснуць, а то ўсе памідоры сквасяцца, — смяецца прадавец Брагінскага філіяла Ірына ШЭЦКО.

— Сфатаграфуйце мяне з пакупкамі, — прапануе пенсіянерка Галіна Мікалаеўна АЗЯЎЧЫКАВА, якая з добрым настроем адыходзіць ад прылаўка:

— Мне 77 гадоў. З самай раніцы села ў маршрутку і прыехала з другога канца горада, таму што такога, як на гэтым кірмашы, няма нідзе. 


І моладзь пры справе

— Надыходзіць, напэўна, такі ўзрост калі хочацца на сельгаскірмаш. Прачынаецца гаспадыня, — усміхаецца маладая мама Таццяна ДЗЯЧЭНКА, якая на ярмарцы ўпершыню разам з маленькай дачкой Дашай. — Адзначу, як добра для пакупніка, што можна разлічыцца па карце, гэта вельмі зручна. Падабаецца святочная атмасфера — іграе музыка, артысты спяваюць на сцэне, вельмі весела.


Дарэчы, не толькі ў абласным цэнтры, але і ў раёнах на ўсіх восеньскіх сельскагаспадарчых кірмашах цяпер працуюць удзельнікі рэспубліканскага маладзёжнага валанцёрскага марафону «ДОБРО. БЕЛ». Як адзначыў галоўны спецыяліст Гомельскага абласнога камітэта ГА «БРСМ» Уладзіслаў МОХАРАЎ, яны дапамагаюць пажылым людзям выбіраць на кірмашах прадукцыю, загружаюць цяжкія сеткі на каляскі, суправаджаюць пакупнікоў дадому, заносяць сумкі ў кватэры, а ў прыватных гаспадарках дапамагаюць скласці сезонныя запасы ў скляпы і кладоўкі:

— У рамках восеньскіх кірмашоў такая дабрачынная дапамога аб’яднала больш за 850 валанцёраў з усёй вобласці.

Наталля КАПРЫЛЕНКА 

Фота аўтара і Гомельскага абкама ГА «БРСМ»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю