З захаваннем традыцый і павагай да каранёў — кіраўнік дзяржавы разумее ўсю важнасць гэтых каштоўнасцяў
Круглы год Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка настройвае суайчыннікаў на тое, што расслабляцца нельга, трэба старанна і самааддана працаваць, каб выжыць у сучасных напружаных умовах. Але нават у шчыльным графіку кіраўніка дзяржавы, як і тысяч беларусаў, ёсць час, калі можна крыху адпачыць, запаволіцца, набрацца сіл і з новым імпэтам рухацца далей. Пачатак ліпеня — менавіта такі час.
Краіна адсвяткавала Дзень Незалежнасці, адзвінеў мноствам галасоў і мелодый купальскі фестываль у Александрыі. Узняўся ў неба сцяг «Славянскага базару ў Віцебску», у чацвер увечары будзе яго афіцыйнае адкрыццё. І заўсёды разам з беларусамі — Прэзідэнт. «Без культурнай спадчыны няма гісторыі, дзяржаўнасці, народа», — сказаў Аляксандр Лукашэнка на фестывалі ў Александрыі. Маючы на ўвазе і спадчыну, што засталася нам ад продкаў, і тую спадчыну, якая ствараецца для будучых пакаленняў сёння.
Памяць, якая не згасае
На мінулым тыдні, прысвечаным Дню Незалежнасці, Прэзідэнт шмат казаў не толькі аб тым, якой цаной дасталася нам незалежнасць, але і аб тым, без чаго яе ў прынцыпе быць не можа. Традыцыі, захаванне гістарычнай спадчыны, памяць аб мінулым і вывучаныя ўрокі гісторыі. «Мір, свабода і незалежнасць — гэта наша спадчына і найвялікшыя каштоўнасці, якія трэба берагчы і абавязкова абараняць. Трэба ўмацоўваць народнае адзінства, эканоміку і абарону нашай Айчыны. Кожны дзень, кожную гадзіну. У гэтым абавязак сучаснікаў перад мінулым і будучым, каб жыла і квітнела наша любімая Беларусь!» — звярнуўся да землякоў беларускі лідар, выступаючы на Кургане Славы на мерапрыемстве, прымеркаваным да Дня Незалежнасці. Тое, што галоўнае свята краіны Прэзідэнт сустракае на Кургане Славы, — вельмі знакава. Як вядома, гэта месца не адзін дзясятак гадоў сімвалізуе памяць аб велічным подзвігу продкаў, якая не згасае.
Помнікаў у краіне створана нямала. Аднак людзі імкнуцца захаваць кожны факт, кожнае гераічнае прозвішча і данесці ўсё гэта да наступных пакаленняў. Сведчаннем стаў музей Славы Магілёўшчыны, які быў адкрыты кіраўніком дзяржавы адразу пасля Дня Незалежнасці. Музей, стварэнне якога ініцыявалі неабыякавыя беларусы, пабудаваны на легендарным месцы — Буйніцкім полі, якое, як і Курган Славы, не адзін дзясятак гадоў захоўвае памяць аб трыумфе салдацкай мужнасці, як пісаў Канстанцін Сіманаў. Але новаму пакаленню патрэбны новыя формы. Таму сутнасць у новага музея тая ж (у нашай краіне не можа быць ніякай варыятыўнасці, калі размова ідзе пра гістарычную праўду), а формы новыя — інтэрактыўныя, з прымяненнем сучасных тэхналогій. Як заўважыў Прэзідэнт, у залах музея ажывае і гаворыць галасамі герояў тысячагадовая гісторыя краю. А гісторыя ў Магілёўшчыны сапраўды надзвычай насычаная, і самая гераічная яе старонка, канешне, — Вялікая Айчынная вайна, дзе быў зроблены адзін з першых вялікіх крокаў да знішчэння фашысцкай навалы.
Вадзім Гігін, член Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў, нагадаў, што Магілёўская абарона 1941 года стала першай такога роду аперацыяй у гады Вялікай Айчыннай вайны і адной з першых за ўсю Другую сусветную вайну. «Проста дзіўна і трохі крыўдна, што ў савецкі час гораду не прысвоілі геройскае званне, якое ён па праве заслужыў. Затое ў 1980 годзе Магілёў узнагародзілі ордэнам Айчыннай вайны І ступені. Менавіта пад яго стылізаваны новы музей Славы Магілёўшчыны. А ўжо ў нашы дні Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 чэрвеня 2009 года Магілёў быў узнагароджаны вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны», — дадаў парламентарый.
Размаўляючы з жыхарамі Магілёва на адкрыцці музея, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ні ў якім разе нельга губляць гэтую гісторыю, традыцыі, прынцыпы. Найперш каб не прайграць вайну за розумы нашых людзей.
Адлюстраванне культурнай спадчыны
Найлепшы ўзор захавання сваіх традыцый і павагі да мінулага — традыцыйнае свята «Купалле» ў Александрыі. Яно вядомае таксама пад назвай «Александрыя збірае сяброў», што сапраўды так: сёлета фестываль наведалі больш за 115 тысяч чалавек. Кіраўнік дзяржавы не раз прызнаваўся, што ў гэтым месцы, на гэтым свяце ён адпачывае душой. Шматлікія госці фестывалю могуць лёгка падпісацца пад гэтымі словам. Свята ў Александрыі ўвасабляе тое, што блізка і зразумела кожнаму: нашы вытокі, культуру, традыцыі. А гэта, як заўважыў Прэзідэнт, аснова асноў, наша душа, без гэтага няма гісторыі, няма дзяржаўнасці, няма народа. Аляксандр Лукашэнка расказаў і пра новы сімвал фестывалю — адноўленую паромную пераправу цераз Днепр, якая аб’ядноўвала Аршанскі і Шклоўскі раёны. Кіраўнік дзяржавы паглядзеў глыбей і заўважыў, што такія пераправы аб’ядноўваюць людзей і эпохі.
А «Купалле» ў Александрыі сапраўды аб’ядноўвае народы, заўважыў Аляксандр Гарошкін, член Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі. «Рэспубліканскае свята „Купалле“ ўжо даўно стала візіткай Беларусі, падзеяй, якую з нецярпеннем чакаюць не толькі жыхары краіны, але і госці з-за мяжы. Гэты фестываль, што праходзіць на малой радзіме Прэзідэнта, заслужана заваяваў любоў і прызнанне, стаўшы яркім адлюстраваннем багатай культурнай спадчыны, самабытнай народнай культуры, гасціннай душы і таленту майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Магілёўшчыны. Свята ў Александрыі — гэта не толькі беларускае свята, але і пляцоўка для міжнароднага культурнага абмену. Сёлета ў фестывалі прынялі ўдзел 29 рэгіёнаў Расіі, што сведчыць аб моцных культурных сувязях паміж нашымі краінамі. Характэрна, што Башкартастан, Сахалін і Амурская вобласць упершыню прыехалі на свята, што сведчыць аб росце папулярнасці фестывалю і яго прывабнасці для рэгіёнаў, якія імкнуцца прадставіць сваю культуру і наладзіць новыя кантакты. Фестываль — падзея, якая пакідае незабыўныя ўражанні і прымушае ганарыцца сваёй краінай і яе багатай спадчынай», — падкрэсліў сенатар.
Губернатар Бранскай вобласці Аляксандр Багамаз прызнаўся журналістам, што кожны год імкнецца наведаць свята ў Александрыі: вельмі падабаецца атмасфера гэтага фестывалю і разам з тым — яго магчымасці. «Мы абмеркавалі ў тым ліку эканамічнае супрацоўніцтва паміж нашымі рэгіёнамі. Пагаварылі пра тыя праекты, якія ў нас сёння працуюць. Гэта сумесныя вытворчасці па выпуску камбайнаў. Развіццё ёсць і ў іншых сферах, як у эканамічнай, так і ў гуманітарнай, таксама развіваем навуку і спорт. Жыццё ідзе, і мы з аптымізмам глядзім у будучыню», — падкрэсліў ён. Сапраўды, нашы людзі ўмеюць і адпачываць, і працаваць — з усім спраўляцца.
Свята традыцыйных каштоўнасцяў
Самы красамоўны прыклад народнай, нават святочнай дыпламатыі — Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар» у Віцебску. Яго знакамітыя на ўвесь свет пазыўныя ўжо некалькі дзён гучаць у горадзе на Дзвіне. «Гэты фестываль аб’ядноўвае людзей розных пакаленняў, рэлігій і культур — сапраўдных знаўцаў мастацтва з самымі рознымі захапленнямі: ад авангарда да класікі. Але галоўнае — ён стаў сапраўды сямейным святам, святам традыцыйных каштоўнасцяў», — адзначаў Прэзідэнт на адкрыцці «Славянскага базару» летась. З 1995 года фестываль пад асабістым патранажам Аляксандра Лукашэнкі. Дзякуючы менавіта яго асабістаму ўдзелу фестываль атрымаў пастаянную прапіску ў Віцебску, што надало яму той самы непаўторны стыль і каларыт.
Выпадкова, але так важна, што свята з Александрыі плаўна пераязджае ў Віцебск. Лакацыі розныя, але ж сутнасць адна — нязменная і шчырая. «Фестываль „Александрыя збірае сяброў“, заснаваны на старажытнаславянскіх купальскіх абрадах, мае вялікае значэнне. У нас гэта свята захавалася ў першапачатковым выглядзе і з’яўляецца сёння адным з адметных рыс беларускай нацыянальнай культуры. Таму правядзенне купальскіх дзён у Александрыі — гэта ўжо частка нашага культурнага кода», — заявіў у ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё» дэкан факультэта журналістыкі БДУ палітолаг Аляксей Бяляеў. Па яго словах, «Славянскі базар у Віцебску», безумоўна, таксама важны. Гэта — фестываль славянскіх культур, дзе прадстаўлена не толькі песня, але і іншыя віды мастацтваў — тэатральная творчасць, харэаграфія, рукадзелле, рамёствы, музей пад адкрытым небам, дзіцячыя выступленні — уся духоўная спадчына народаў.
Нягледзячы на вельмі шчыльны графік, кіраўнік дзяржавы заўсёды наведвае святы ў Александрыі і Віцебску. І гэта таксама вельмі кранальная і вельмі важная традыцыя. А без традыцый немагчыма развіваць эканоміку, мадэрнізаваць абараназдольнасць, удасканальваць сацыяльную сферу. Ды і ці трэба, бо хто мы без традыцый?
Валерыя СЦЯЦКО