Top.Mail.Ru
179

Хто і як зможа гандляваць самым хадавым таварам да 8 Сакавіка

Кветкавы «бум» па правілах

З набліжэннем Міжнароднага жаночага дня сталіца традыцыйна ператвараецца ў вялізны квітнеючы сад. Сёлета ў Мінску арганізавана 182 спецыяльныя пляцоўкі для святочнага гандлю, якія будуць працаваць ва ўсіх раёнах горада.

Набыць кветкі да свята, якія вырашчаны фізічнымі асобамі і прадпрыемствамі, можна будзе з 5 да 8 сакавіка ўключна, аб гэтым паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Алена Нагорная. Яна нагадала аб парадку атрымання дазволу на гандаль кветкавай прадукцыяй.

«Для фізічных асоб, якія пастаянна ажыццяўляюць гандаль дадзеным відам прадукцыі, для атрымання дазволу нічога не змянілася. Сёлета дакументы для прадстаўлення дазволу падаюцца ў адміністрацыі раёнаў з 23 лютага. Для таго каб ажыццяўляць продаж кветкавай прадукцыі, якая вырашчана фізічнымі асобамі на сваіх прысядзібных участках, як і ў папярэднія гады, неабходна прадставіць у адміністрацыю раёна заяву адпаведнай формы, даведку, зацверджаную пастановай Савета Міністраў аб тым, што ў гандляра ёсць зямельны ўчастак, на якім вырошчваецца менавіта кветкавая прадукцыя, а таксама пацвярджэнне аплаты падатку.

Для юрыдычных асоб, сялянска-фермерскіх гаспадарак, якія спецыялізуюцца на вырошчванні кветкавай прадукцыі, неабходна прад’явіць копіі дакумента, як правіла, выпіску альбо копію са статута аб тым, што асноўным відам дзейнасці альбо адным з відаў дзейнасці з’яўляецца вырошчванне кветкавай прадукцыі, а таксама прадставіць заяву аб вызначэнні пляцоўкі», — растлумачыла яна.

Начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама нагадала, што фізічныя асобы, суб’екты гаспадарання з прапанаванага пераліку выбіраюць больш прымальныя для сябе пляцоўкі. І звяртаюцца з дакументамі ў тую адміністрацыю раёна, на тэрыторыі якой запланавана ажыццяўленне гандлю.

На дадзеную кветкавую прадукцыю цэны не рэгулююцца, аднак з улікам павышанага попыту крыху вырастуць. Алена Нагорная дадала, што для суб’ектаў гаспадарання, якія ажыццяўляюць дзейнасць на пастаяннай аснове і рэалізуюць кветкавую прадукцыю ў фірменных альбо стацыянарных крамах, парадак цэнаўтварэння рэгламентаваны, але не абмежаваны. Фізічныя асобы, улічваючы кан’юнктуру рынку, вызначаюць цэны самастойна.

Нагадваем, што актыўны гандаль развернецца ўжо з 5-6 сакавіка. Каб не пралічыцца, эксперты раяць выбіраць кветкі з бутонамі са шчыльнымі пялёсткамі і пругкім лісцем — гэта гарантыя іх свежасці. Набывайце ў правераных гандляроў і дарыце радасць у гэты цудоўны вясенні дзень.

Надзея ЗУЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю