Пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў у эфіры тэлеканала «Першы інфармацыйны» пракаментаваў тэлефонную размову прэзідэнтаў Беларусі і ЗША.
У Валянціна Рыбакова спыталі, па чыёй ініцыятыве адбылася размова Аляксандра Лукашэнкі і Дональда Трампа. «Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп патэлефанаваў Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнку», — адказаў пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН.
Менавіта Валянцін Рыбакоў падчас размовы прэзідэнтаў Беларусі і ЗША выступаў у якасці перакладчыка, таму ён дасведчаны аб тэмах, якія беларускі лідар абмяркоўваў са сваім амерыканскім калегам. Паводле яго слоў, абмяркоўваўся двухбаковы парадак дня і перспектыва развіцця ўзаемаадносін дзвюх краін. Гаворка ішла і пра рэгіянальную праблематыку, у тым ліку канфлікт ва Украіне. Лідары таксама не абышлі ўвагай падзеі на Блізкім Усходзе.
«Прэзідэнт (Беларусі. — Зв.) падзякаваў Прэзідэнту ЗША за намаганні па нармалізацыі сітуацыі, па пошуку мірных рашэнняў на Каўказе. Абмяркоўваўся і шэраг іншых пытанняў, — адзначыў Валянцін Рыбакоў. — Абмяркоўвалася сітуацыя ў гарачых кропках. Спрабавалі абмеркаваць тое, што можна зрабіць для таго, каб дапамагчы нармалізаваць сітуацыю»
Па словах пастаяннага прадстаўніка Беларусі ў ААН, гутарка Аляксандра Лукашэнкі з Дональдам Трампам была вельмі добразычлівай, сумленнай і адкрытай. «Нават ведаеце, адчуванне такое, што гэтыя два чалавекі паміж сабой гаварылі далёка не першы раз, што яны нібыта адзін аднаго ведаюць і цудоўна разумеюць. Гэта проста адчувалася па настроі, па тым, якім чынам вялася размова», — дадаў Валян-цін Рыбакоў.
Прэзідэнт ЗША пасля размовы з Прэзідэнтам Беларусі ў сацыяльнай сетцы Truth Socіal, сярод іншага, напісаў аб тым, што абмяркоўваецца «вызваленне яшчэ 1300 зняволеных». Валянціна Рыбакова спыталі, у якім ключы ішла размова на гэтую тэму.
«У першую чаргу, Прэзідэнт Трамп падзякаваў Аляксандру Рыгоравічу за рашэнне аб вызваленні 16 чалавек. Калі ён пачаў далей гэту думку развіваць, наш Прэзідэнт яго спыніў і сказаў: «Дональд, мы работу гэту прадаўжаем, мы яе актыўна вядзём», — падзяліўся некаторымі падрабязнасцямі размовы двух лідараў Валянцін Рыбакоў.
Паводле яго слоў, беларускі бок знаходзіцца ў кантакце з прадстаўнікамі Белага дома і Дзярждэпартамента ЗША, з якімі вядуцца кансультацыі ў тым ліку па гэтай тэме. «Гэта пытанне двухбаковага, так бы мовіць, руху. Павінны быць прыняты пэўныя рашэнні кожнага з двух бакоў для таго, каб гэтыя пытанні ўдала вырашыць», — канстатаваў Валянцін Рыбакоў.
Размову паміж лідарамі Беларусі і ЗША ён назваў глыбокай, змястоўнай і грунтоўнай. Валянцін Рыбакоў заўважыў таксама, што яна закончылася «на вельмі-вельмі добрай ноце». Наш Прэзідэнт запрасіў Дональда Трампа з сям’ёй наведаць Бела-русь у любы зручны час і запрашэнне было з удзячнасцю прынята.