Спартыўны вынік хоць у многім і залежыць непасрэдна ад спартсменаў і трэнераў, але не поўнасцю. Вялікая доля адказнасці за іх дасягненні ляжыць на плячах функцыянераў, чыя работа часцей за ўсё застаецца нябачнай. Аднак менавіта на гэтай незаўважнай, кабінетнай і часам нават няўдзячнай дзейнасці трымаецца ўсё. Узначальваць федэрацыю па відзе спорту — вялікая адказнасць, несці якую здольныя кампетэнтныя, сумленныя людзі, шчыра адданыя пэўнай дысцыпліне.
На мінулым тыдні ў шэрагу федэрацый прайшлі справаздачна-выбарныя канферэнцыі, на якіх выбралі кіраўнікоў. Дакладней, перавыбралі. Беларускую федэрацыю гандбола працягне ўзначальваць Уладзімір Канаплёў, які кіруе ёю з 2006 года. За гэты час спецыяліст і яго каманда прайшлі вялікі шлях: ад амаль што заняпаду гандбола да яго поспехаў на міжнароднай арэне. Рост працягваўся б, калі б не міжнародны бан. Апошнім турнірам, у якім удзельнічала наша мужчынская зборная, стаў чэмпіянат Еўропы 2022 года ў Венгрыі і Славакіі. А пасля — ізаляцыя. Але Беларуская федэрацыя гандбола хутка сарыентавалася і ўжо ў красавіку 2022-га падпісала пагадненне аб супрацоўніцтве з Федэрацыяй гандбола Расіі. Падпісаны таксама мемарандумы аб супрацоўніцтве з кітайскай гандбольнай асацыяцыяй і Федэрацыяй гандбола Ірана. У рамках гэтых пагадненняў нашы зборныя ўзялі ўдзел у 34 міжнародных турнірах. А ў чэмпіянаце
Беларусі гуляе каманда з КНР — «Бусел Кітая». Уладзімір Канаплёў звярнуў увагу на тое, што за апошнія чатыры гады мужчынская нацыянальная зборная 11 разоў перамагла зборную Расіі пры пяці паражэннях і адным нічыйным выніку. Не страцілі магчымасць выступаць на міжнароднай арэне і беларускія клубы. Чатыры з іх — «Мяшкоў Брэст», СКА, «Гомель» і «Машэка» — ужо не першы сезон гуляюць у SEHA-лізе з наймацнейшымі клубамі Расіі.
«Вельмі цяжкі быў час, але я гляджу і здзіўляюся: няўжо мы ўсё гэта зрабілі?» — ацаніў чатырохгадовы перыяд у рабоце федэрацыі гандбола галоўны трэнер мужчынскай зборнай Юрый Шаўцоў.
Дзякуючы вялікаму досведу Уладзіміра Канаплёва ў кіраўнікоў Міжнароднай федэрацыі гандбола Хасана Мустафы і Еўрапейскай федэрацыі Міхаэля Відэрэра захавалася цёплае стаўленне да нашай краіны. Пацвярджэнне таму — прывітальныя адрасы, якія напярэдадні канферэнцыі паступілі ад іх. Таму аптымізм наконт айчыннага гандбола цалкам апраўданы.
Справаздачна-выбарную канферэнцыю правяла і Беларуская федэрацыя валейбола. Яе працягне ўзначальваць Уладзімір Вашчанка, які займае пасаду старшыні федэрацыі з 2021 года. Беларускія валейбалісты таксама пакуль не могуць выступаць на міжнароднай арэне, аднак яны праяўляюць сябе ў спаборніцтвах з расійскімі камандамі. Валейбольны клуб «Мінчанка» з кожным сезонам усё больш гучна заяўляе аб сабе і дае бой нават грандам.
А вось Беларуская федэрацыя хакея на траве цяпер будзе працаваць з новым кіраўніком. Ім выбраны Аляксандр Грачоў — выканаўчы дырэктар арганізацыі, вядомы беларускі арбітр міжнароднай катэгорыі.
Фота НАК Беларусі