Пра тое, хто мае права на атрыманне бясплатнага харчавання для дзяцей да двух гадоў, паведамілі БелТА ў прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Права на атрыманне бясплатнага дзіцячага харчавання для дзяцей да двух гадоў маюць сем’і з нізкім даходам. Для гэтага сярэднедушавы даход сям’і за апошнія 12 месяцаў не павінен перавышаць бюджэт пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, падкрэслілі ў ведамстве. Таксама такое права маюць сем’і пры нараджэнні і выхаванні двайнят, трайнят і больш дзяцей незалежна ад велічыні даходу.
У набор уваходзяць прадукты айчыннай вытворчасці: сухія малочныя сумесі, кашы, мясныя пюрэ, сокі, малако і кісламалочныя прадукты. Атрымліваць такі набор сем’і могуць штомесяц у арганізацыях гандлю па месцы жыхарства. Спісы і персанальныя ведамасці перадаюцца аб’ектам гандлю органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.
Для гэтага неабходна сабраць шэраг дакументаў і падаць іх разам з заявай у службу «Адно акно» па месцы рэгістрацыі аднаго з бацькоў. У пералік дакументаў уваходзяць: пашпарты бацькоў (іншыя дакументы, якія сведчаць асобу), пасведчанне аб заключэнні шлюбу, пасведчанні аб нараджэнні ўсіх дзяцей у сям’і да 18 гадоў і рэкамендацыі па рацыёне харчавання (іх выдае ўчастковы педыятр у паліклініцы).
Неабходна таксама падаць звесткі пра атрыманыя даходы бацькоў за апошнія 12 месяцаў перад месяцам звароту. Для тых, каго скарацілі з працы, звольнілі з працы (службы) у сувязі з ліквідацыяй арганізацыі, спыненнем дзейнасці індывідуальнага прадпрымальніка, натарыуса, скарачэннем колькасці або штату работнікаў, — за тры апошнія месяцы.
Акрамя таго, у пералік дакументаў уваходзіць выпіска (копія) з працоўнай кніжкі ці іншыя дакументы, якія пацвярджаюць занятасць працаздольнага бацькі ў поўнай сям’і альбо працаздольнай асобы, з якой маці не знаходзіцца ў зарэгістраваным шлюбе, але сумесна пражывае. Таксама пры неабходнасці могуць запатрабавацца іншыя дакументы.
Дапамога прызначаецца з 1-га чысла месяца, які ідзе надыходзіць за месяцам звароту. Дакументы неабходна абнаўляць кожныя шэсць месяцаў, пакуль дзіцяці не споўніцца два гады.