«Мы пражываем у шматкватэрным доме, які ў 1982 годзе атрымалі ад арганізацыі, дзе працаваў муж, — племзавода „Нача“, — напісала ў „Звязду“ Ганна Іосіфаўна. — Калі адбыўся развал Савецкага Саюза, наш дом быў адключаны ад цэнтралізаванага ацяплення. Усім жыхарам прапанавалі ў кватэрах пабудаваць печы. Гэта мы і зрабілі, і на працягу многіх гадоў карысталіся пячным ацяпленнем. І вось летась у нашым доме было наладжана электрычнае ацяпленне. Аднак вельмі непрыемна было даведацца пра тое, што мы не маем права на кампенсацыю грашовых сродкаў, затрачаных на электрычнае ацяпленне, таму што наш дом не ўключаны ў пералік дамоў, жыхарам якіх прадугледжана такая кампенсацыя. Вельмі крыўдна, што нас, пажылых людзей, а нам з мужам ужо больш за 80 гадоў, абышлі ўвагай. У той жа час грамадзяне, якія пражываюць у аднакватэрных жылых дамах і не дасягнулі пенсіённага ўзросту, атрымалі права на кампенсацыю пры пераходзе на электрычнае ацяпленне. Чаму ж для нас няма гэтых ільгот? Хіба справядліва?»
Каб высветліць сітуацыю, мы звярнуліся ў сектар архітэктуры і будаўніцтва аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Ляхавіцкага райвыканкама. Галоўны спецыяліст сектара Данііл Лешукоў паведаміў, што кампенсацыя сродкаў за выкананне работ па электраацяпленні рэгулюецца адпаведным Указам Прэзідэнта.
- Згодна з нормамі ўказа, кампенсацыя часткі расходаў не ажыццяўляецца: пры выкананні работ па электразабеспячэнні жылых памяшканняў у шматкватэрных жылых дамах, калі гэтыя дамы не ўключаны мясцовымі выканкамамі ў пералік жылых дамоў з пячным ацяпленнем або газазабеспячэннем, якія прапануюцца для пераводу на выкарыстанне электрычнай энергіі для патрэб ацяплення, гарачага водазабеспячэння і прыгатавання ежы.
Кватэра, уласніцай якой з’яўляецца Ганна Іосіфаўна, знаходзіцца ў шматкватэрным жылым доме. Такія дамы не ўключаюцца ў пералік на кампенсацыю, бо яна прадугледжана толькі для гаспадароў аднакватэрных і блакіраваных жылых дамоў, адказалі ў райвыканкаме.
Мы звярнуліся з пісьмом нашай чытачкі і ў Міністэрства энергетыкі. У адказе за подпісам намесніка міністра Сяргея Адаменкі нам пацвердзілі тое, што было сказана ў райвыканкаме: на сённяшні час нарматыўныя прававыя акты, якія рэгламентуюць парадак кампенсацыі часткі выдаткаў на выкананне работ па электразабеспячэнні, распаўсюджваюць сваё дзеянне на аднакватэрныя жылыя дамы і жылыя памяшканні ў блакіраваных жылых дамах.
Праўда, у адказе з міністэрства гаворыцца і пра жылыя памяшканні ў шматкватэрных жылых дамах, дзе выкарыстоўваецца пячное ацяпленне або газазабеспячэнне, але яны павінны быць прапанаваныя для пераходу на выкарыстанне электрычнай энергіі.
Гэта ўжо, як мы зразумелі, пытанне больш складанае, бо і ў адказе з міністэрства адзначаецца, што «пераход шматкватэрных жылых дамоў на выкарыстанне электрычнай энергіі для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння патрабуе і рэканструкцыі размеркавальных электрычных сетак, якія выкарыстоўваюцца для электразабеспячэння жылога дома, і замены ўнутрыдамавых электрычных сетак агульнага карыстання. Гэта абумоўлена тым, што існуючыя сеткі і сістэмы не разлічаны на выкарыстанне электрычнай энергіі для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння, а іх перагрузка можа прыводзіць да пашкоджанняў і пажараў»
Работы па замене ўнутрыдамавых электрычных сетак агульнага карыстання, як правіла, выконваюцца ў рамках рэалізацыі капітальнага рамонту жылога дома. (Тут варта заўважыць, што ў доме нашых чытачоў сеткі не патрабавалі замены і энергетыкі далі дазвол на ўстаноўку электрычнага абсталявання.) Для каардынацыі тэрмінаў работ па рэканструкцыі размеркавальных электрычных сетак і замене ўнутрыдамавых сістэм агульнага карыстання мясцовыя выканаўчыя і распараджальныя органы сумесна з арганізацыямі энергазабеспячэння і складаюць ужо згаданыя пералікі жылых дамоў, прапанаваных да пераходу на выкарыстанне электрычнай энергіі для патрэб ацяплення, гарачага водазабеспячэння і прыгатавання ежы.
У міністэрстве пацвердзілі: шматкватэрны жылы дом, у якім жывуць нашы чытачы, у гэты пералік уключаны не быў, што паслужыла прычынай адмовы ў кампенсацыі часткі выдаткаў на электразабеспячэнне.
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ