Грошы не пахнуць?
У гісторыі цывілізацыі вайна прыносіць большасці людзей шкоду, і толькі абмежаванаму колу — прыбытак. Прычым гэтыя ўплывовыя кланы і абаронныя карпарацыі атрымліваюць столькі палітычнай моцы, што сталі здольныя штурхаць дзяржавы і цэлыя блокі ў бездань супрацьстаяння, толькі б атрымаць звышпрыбыткі. Хто ж тыя людзі, якія ўзбагачаюцца на вайне? Пра гэта размаўляем з нейрахірургам, навуковым супрацоўнікам аддзялення пухлін галаўнога мозгу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчыкам кафедры неўралогіі і нейрахірургіі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Гуменам ГАРБАННІДЖАДАМ.

— Хто ўзбагачаецца падчас войнаў?
— Тыя людзі, якія распальваюць канфлікт паміж бакамі і інвестуюць у гэты працэс, а потым атрымліваюць у разы больш. Напрыклад, пасля Першай сусветнай вайны толькі ў ЗША з’явілася 21 тысяча мільянераў. Звычайна такія кланы пачынаюцца з аднаго ці некалькіх членаў сям’і, якія былі больш разумныя і хітрыя, чым іншыя, і за кошт сваіх дзеянняў разбагацелі. У далейшым для іх не існуе ні краіны, ні патрыятызму, ні пачуцця жалю. На першы план выходзяць два інстынкты: зарабіць грошы і захаваць клан. Для дасягнення гэтага яны гатовы на ўсё: прадаць радзіму ці, наадварот, калі трэба, сыграць ролю патрыёта. І для краін такія людзі заўсёды становяцца катастрофай.
Як правіла, яны настолькі багатыя, што могуць прасоўваць сваіх на розныя, самыя высокія пасады, каб лабіраваць уласныя інтарэсы ў асноўных галінах: банкаўская сістэма, сілавыя структуры, адукацыя, ахова здароўя і інш. Калі кожная з гэтых сфер трапіць пад чыйсьці ўплыў, краіна разваліцца знутры.
— Назавіце прыклад уплывовых сем’яў?
— Адзін з вядомых у Еўропе кланаў — Валенбергі. Многія з еўрапейцаў лічаць, што ім належыць ледзь не ўвесь кантынент. Падчас першай вялікай дэпрэсіі 1837 года значная колькасць банкаў на тэрыторыі ЗША абанкруцілася. Шведскі афіцэр Валенберг, які там служыў, зразумеў, па якіх прычынах гэта адбылося. Вярнуўшыся на радзіму, ён адкрыў банк, які меў назву Stockholms Enskіlda Bank (SEB). У той час банкі проста захоўвалі грошы, а ён прапанаваў рабіць гэта пад працэнты — і 60 % жыхароў краіны даверылі яму свае зберажэнні. Новы банк выдаваў крэдыты прадпрыемствам і заводам. Паколькі гэта быў пачатак індустрыяльнай рэвалюцыі, Валенберг зарабіў вялікія грошы і атрымаў істотны ўплыў у дзяржаве. Ён уваходзіў у 1 % найбагацейшых людзей свету і зраўняўся з Джонам Морганам. Калі Валенберг памёр, яго сыны ўзялі на сябе кіраванне фінансавай імперыяй і перш-наперш скуплялі акцыі чыгункі. У гэты час з’явілася шмат заводаў, якія не маглі вярнуць крэдыты, і яны пераходзілі ў актывы Валенбергаў. Такім чынам гэта сям’я стала ўладальніцай акцый вялікай колькасці кампаній.
Калі пачалася Другая сусветная вайна, яны пайшлі па слядах Ротшыльда і давалі крэдыты ўсім бакам канфлікту. Банк садзейнічаў выдачы чатырох тысяч пашпартоў яўрэйскім дзецям, каб перавезці іх у бяспечную краіну. І адначасова выдаваў крэдыты Германіі і іншым дзяржавам, каб Гітлер мог весці вайну. Другая сусветная вайна зрабіла Валенбергаў яшчэ больш магутнымі. Гэтак сям’я абагачалася на працягу чатырох пакаленняў і цяпер працягвае павялічваць сваё багацце тымі ж метадамі.
— Напэўна гісторыя ведае і ўзоры прамых узбагачэнняў, напрыклад, на гандлі зброяй...
— Гэтым чалавекам быў Бэзіл Захараф, грэчаскі гандляр зброяй. Ён «падсілкоўваў» узброеныя канфлікты, прадаваў узбраенне абодвум бакам. Адна з яго мянушак — «гандляр смерцю». У 1877 годзе Бэзіл Захараф стаў прадстаўніком зброевай кампаніі Нордэнфельта, што і стала пачаткам яго кар’еры. Адзін з наглядных прыкладаў яго дзейнасці — продаж падводнай лодкі Нордэнфельт з паравым рухавіком. Гэта быў непрадказальны і авангардны праект, які большасць краін праігнаравала. Аднак Захараф змог прадаць яе Грэцыі, якая апасалася растучага флоту Турцыі. Пасля ён угаварыў турак купіць дзве такія ж падводныя лодкі. Потым вёў перагаворы з рускімі, пераконваючы іх, што на Чорным моры з’явілася новая небяспека. Аляксандр ІІІ нават распарадзіўся набыць падлодку, аднак пры пераходзе ў Кранштат яна лягла на грунт і была расціснута тоўшчай вады, з-за чаго царскі ўрад адмовіўся плаціць.
У пачатку XX стагоддзя, распаўсюдзіўшы інфармацыю праз уласную газету, што Францыя набывае шмат зброі, каб мадэрнізаваць свае войскі, ён прымусіў усіх яе суседзяў, уключаючы Германію, таксама набываць вялікую колькасць узбраення. Калі палічыць краіны, якім Захараф прадаваў зброю, атрымаецца амаль увесь свет — ад Японіі да Амерыкі.
— Ці ёсць спосабы супрацьстаяць ваенным карпарацыям і кланам?
— Усе войны пачыналіся для таго, каб абмежаваная колькасць людзей атрымала выгаду: хтосьці хацеў зарабіць грошы, хтосьці — займець новыя тэрыторыі. І рабілася гэта са згоды і ў выніку непрафесіяналізму кіраўнікоў дзяржаў. Калі б ва ўладзе былі прафесіяналы, яны б ніколі не трапілі ў пастку такіх людзей, як Захараф і Валенберг. Для таго каб захоўваць мір, патрэбны і мудры, згуртаваны народ, бо для карпарацый і кланаў гэта самае неспрыяльнае асяроддзе.