Top.Mail.Ru

Хто падпадае пад амністыю ў сувязі з Годам беларускай жанчыны? Чупрыс раскрыла дэталі законапраекта

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Вольга Чупрыс раскрыла падрабязнасці законапраекта «Аб амністыі ў сувязі з Годам беларускай жанчыны», які 26 лістапада быў унесены ў парламент кіраўніком дзяржавы, перадае БелТА.



«Законапраект аб амністыі накіраваны на большасць жанчын, якія былі асуджаныя альбо адбываюць пакаранне ў выглядзе абмежавання або пазбаўлення волі. Яны будуць вызваленыя ад пакарання ў тых выпадках, калі ўчынілі злачынства, быўшы непаўналетнімі, і адбылі не менш за адзін год прызначанага пакарання, — падкрэсліла Вольга Чупрыс. — Калі яны не адбылі аднаго года, то ў дачыненні да іх, а таксама ў дачыненні да мужчын, якія ўчынілі злачынства ў непаўналетнім узросце і адбываюць пакаранне ў выглядзе абмежавання або пазбаўлення волі, будзе прадугледжана зніжэнне тэрміну пакарання на тры гады».

Зніжэнне на два гады прадугледжана для цяжарных жанчын, а таксама тых, хто мае траіх ці больш непаўналетніх дзяцей. Для астатніх жанчын, якія падлягаюць амністыі, тэрмін пакарання будзе зніжаны на адзін год. «Гэта датычыцца пенсіянерак, жанчын, якія маюць адно або двух непаўналетніх дзяцей, жанчын-інвалідаў першай і другой груп, жанчын, якія захварэлі анкалагічнымі захворваннямі», — падкрэсліла намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. Акрамя таго, пад амністыю падпадаюць асуджаныя жанчыны, якім было прызначана пакаранне, не звязанае з прымусовай ізаляцыяй ад грамадства. Гаворка ідзе пра такія пакаранні, як штраф ці, напрыклад, папраўчыя работы.

«Асаблівасцю законапраекта з’яўляецца і тое, што ён распаўсюджваецца на жанчын, якія яшчэ не былі асуджаныя, але ў дачыненні да якіх справы разглядаюцца ў судзе або вядзецца папярэдняе следства», — дадала Вольга Чупрыс.

Пры гэтым, канстатавала намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, дадзеная амністыя, як і іншыя, не носіць усеагульнага характару. Яна абмежаваная ў дачыненні да асоб, якія ўчынілі наўмыснае забойства пры абцяжарвальных абставінах, злачынствы ў дачыненні да непаўналетніх або звязаныя з нявыплатай аліментаў на ўтрыманне дзяцей, экстрэмісцкія злачынствы, а таксама ў дачыненні да тых, хто злосна парушае парадак адбыцця пакарання.

«Але нават калі жанчына не падпадае пад амністыю, у яе захоўваецца шанц звярнуцца да кіраўніка дзяржавы з хадайніцтвам і быць памілаванай у індывідуальным парадку, калі яна гатовая весці законапаслухмяны лад жыцця і шчыра раскаялася ва ўчыненым», — падкрэсліла Вольга Чупрыс.

Паводле яе слоў, ключавая мэта законапраекта — праявіўшы міласэрнасць да жанчын, даць ім магчымасць вярнуцца ў свае сем’і, да родных і блізкіх. «Для мужчын, маладых людзей, якія спатыкнуліся, гэта таксама стане магчымасцю хутчэй вярнуцца да родных, парадаваўшы іх напярэдадні Новага года», — рэзюмавала намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Як паведамлялася, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўнёс у Палату прадстаўнікоў законапраект «Аб амністыі ў сувязі з Годам беларускай жанчыны». Як адзначыла Вольга Чупрыс, даручэнне кіраўніка дзяржавы аб падрыхтоўцы гэтага дакумента было адпрацавана Міністэрствам унутраных спраў ва ўзаемадзеянні з Адміністрацыяй Прэзідэнта і іншымі зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю