Загадчыцу аддзялення функцыянальнай дыягностыкі РНПЦ отарыналарынгалогіі Наталлю Сінякову можна смела аднесці да разраду рэдкіх і незаменных спецыялістаў. Аўдыёлагаў, тым больш з такім досведам працы, як у яе, у Беларусі можна пералічыць па пальцах.
Дыягназ — справа тонкая
— Наталля Аляксандраўна, у чым спецыфіка і адрозненне вашай працы ад таго, што робяць іншыя калегі-отарыналарынголагі?
— Отарыналарынголагі нашага цэнтра дзеляцца на сурдолагаў, аўдыёлагаў, слухапратэзістаў. У кожнага свая спецыфіка. Спачатку пацыенты трапляюць да сурдолага: ён аглядае, ставіць папярэдні дыягназ і пры неабходнасці накіроўвае на дадатковыя даследаванні да аўдыёлага. Той вызначае ўзровень і тып парушэння слыху, выстаўляе ступень яго зніжэння. А пасля дыягностыкі, у выпадку неабходнасці, сурдолагі падбіраюць метады лячэння або накіроўваюць на рэабілітацыю да слухапратэзістаў.
— У нашых медуніверсітэтах аўдыёлагаў не рыхтуюць. Дзе ж вы спасцігалі тонкасці сваёй спецыяльнасці?
— Я прыйшла ў РНПЦ у 2011 годзе, ужо папрацаваўшы па размеркаванні па спецыяльнасці. Сакрэтамі аўдыялогіі са мной дзяліўся дасведчаны калега. З тых часоў рэгулярна павышала сваю кваліфікацыю ў Маскве і Санкт-Пецярбургу. Сёння ў нашым цэнтры значна больш сучаснае, дарагое дыягнастычнае абсталяванне, чым было на момант майго «старту». Апаратура становіцца ўсё больш дасканалай, і з ёй даводзіцца наладжваць адносіны, сябраваць, каб разбірацца ў нюансах, разумець усе рэакцыі. З гадамі, з досведам назапашваюцца веды, развіваецца інтуіцыя.
— Як звычайна праходзіць дыягностыка слыху пацыентаў?
— У аўдыялогіі ёсць суб’ектыўныя і аб’ектыўныя метады дыягностыкі. Пры суб’ектыўных чалавек сам прымае ўдзел у даследаваннях. Паводніцкая аўдыяметрыя праводзіцца зусім маленькім пацыентам, да 2 гадоў. Маці ці бацька разам з малым усаджваюцца на стул, у калонкі падаецца гук, і па рухах малога (пачынае больш актыўна смактаць соску, замірае і г. д.) запісваюць аўдыяграму. Для дыягностыкі старэйшых дзяцей выкарыстоўваюць гульнявую аўдыяметрыю. Калі раздаецца гук, дзіця здзяйсняе пэўнае дзеянне: напрыклад, кладзе цацку ў скрынку, адзявае кольцы на пірамідку і г. д. Але для пастаноўкі дыягназу такіх метадаў недастаткова.
— А што сабой уяўляюць аб’ектыўныя даследаванні?
— Раскажу аб самых распаўсюджаных. Усе нованароджаныя ў радзільнях зараз праходзяць аўдыялагічны скрынінг. Для гэтага выкарыстоўваецца метад отаакустычнай эмісіі (ОАЭ), які вызначае актыўнасць вонкавых валасковых клетак унутранага вуха і ўстанаўлівае, ці ёсць праблемы. Пры іх наяўнасці дзеці накіроўваюцца на дадатковае абследаванне. Метад кораткалатэнтных слыхавых выкліканых патэнцыялаў (КСВП) вызначае сярэдні парог чутнасці. Ён праводзіцца дзецям у стане сну, а дарослым — у стане спакойнага няспання. Прыступаючы да гэтага даследавання, абавязкова правяраю, ці няма ў вушах серных пробак, вадкасці за барабаннымі перапонкамі ці іншых перашкод. Бо часам зніжэнне слыху абумоўлена парушэннем гукаправядзення, а часам — парушэннем гукаўспрымання. На падставе вынікаў КСВП ставіцца ступень зніжэння слыху. Да 40 дэцыбел — першая ступень глухаватасці, да 55 — другая, да 70 — трэцяя, да 90 — чацвёртая, больш за 91 — глухата. Аб’ектыўная камп’ютарная аўдыяметрыя (ASSR) — метад, пры якім даследуюцца адразу абодва вухі і чатыры асноўныя маўленчыя частоты (500 герц, 1000, 2000 і 4000). На падставе вынікаў ASSR складаюць аўдыяграму — яна растлумачвае, якая якасць чутнасці гукаў на розных частотах.
— Чаму патрабуецца, каб дзеці спалі падчас даследаванняў?
— Важныя для дыягностыкі слыху патэнцыялы вельмі нізкія. Апаратура ўзмацняе найважнейшы для нас патэнцыял. Але калі дзіця не спіць, узнікае шмат перашкод для правільнага вызначэння асноўнага піка.
Ген глухаты
— Наколькі ў беларусаў распаўсюджаны праблемы са слыхам?
— Генетычная слыхавая мутацыя сустракаецца ў кожнага 16-га нашага суайчынніка. Асабліва часта паталогіі слыху адзначаюцца ў жыхароў Брэсцкай і Гомельскай абласцей. Але агульная распаўсюджанасць такіх паталогій яшчэ вышэйшая. Бо апроч прыроджаных праблем са слыхам ёсць і набытыя. Да гэтага могуць прывесці ВРВІ, атыты, траўмы, хранічныя запаленчыя захворванні вушэй, прыём отатаксічных антыбіётыкаў ці некаторых прэпаратаў, паказаных на фоне анкалагічных захворванняў і г. д.
— У мужчын ці жанчын часцей сустракаецца зніжэнне слыху?
— У мужчын. Гэта абумоўлена як генетыкай, так і тым, думаю, што яны часцей працуюць на шумных вытворчасцях.
— У чым заключаецца прафілактыка праблем са слыхам?
— Не трэба доўга слухаць гучную музыку і карыстацца ўвесь час слухаўкамі. Нельга займацца самалячэннем, без кансультацый са спецыялістамі выкарыстоўваць медпрэпараты. Калі дзіця перанесла атыт, рэкамендуецца праверыць яго слых. Сучаснае пакаленне бацькоў дастаткова адказнае: пры падазрэннях на праблемы ў дзяцей яны прыводзяць іх да нас самастойна, а не таму, што «выхавальніца сказала праверыцца», як гэта часта бывала раней.
Падмануць аўдыёлага
— З кім вам прасцей і цікавей працаваць: дарослымі ці дзецьмі?
— З дзецьмі прасцей дамовіцца. Дарослыя звычайна прыходзяць да нас, ужо вельмі стомленыя ад абследаванняў і прызначэнняў. Многім з-за ўзросту і наяўных захворванняў цяжка спакойна паляжаць 40 хвілін, а то і больш. Чуць даводзіцца рознае: «Навошта мне гэта?», «Вы мяне ў космас ці куды рыхтуеце?» Бываюць вельмі няпростыя пацыенты. Але да кожнага шукаем падыход, і не было выпадку, каб кагосьці не ўгаварылі пацярпець.
— Што самае складанае ў працы аўдыёлага?
— Вельмі складана казаць бацькам аб глухаце дзяцей. Большасці патрэбен час, каб выплакацца, прыняць дыягназ і выпрацаваць стратэгію дапамогі.
— А што сучасная медыцына можа прапанаваць дзецям з прыроджанай паталогіяй слыху?
— Пачынаючы з першай ступені тугавухасці паказана нашэнне слыхавых апаратаў. У залежнасці ад асаблівасцяў паталогіі спецыяліст выбірае праграму рэабілітацыі. Калі гэта не дапамагае, то праз 3-6 месяцаў прапануюць аперацыю — кахлеарную імплантацыю, якая вяртае слых.
— Як часта памыляюцца аўдыёлагі? Ці можна вас падмануць, калі ў сілу нейкіх абставінаў пацыент зацікаўлены ў гэтым?
— Спробы падмануць часам робяцца. Напрыклад, да нас па накіраванні ваенкаматаў прыходзяць маладыя людзі прызыўнога ўзросту. Некаторыя, пазбягаючы службы ў войску, начытаўшыся спецыяльнай літаратуры, скардзяцца на зніжэнне слыху, імітуюць глухату. Але калі праводзіш аб’ектыўныя даследаванні, падман раскрываецца. Да таго ж для пастаноўкі дыягназу мы выконваем не адно, а некалькі даследаванняў, супастаўляем іх вынікі. Падмануць нас практычна немагчыма. Успамінаю яшчэ адзіны ў сваім родзе выпадак з асабістай практыкі. Заходзіць на прыём юнак, называе прозвішча. Бяру яго картку, бачу дыягназ: першая ступень тугавухасці. Абследую яго і не бачу ніякіх праблем. Выдатны слых! Як такое можа быць? Праводзім сваё «расследаванне», і высвятляецца вось што. Наш тугавухі пацыент захацеў паступіць у ВНУ з вельмі высокімі патрабаваннямі па здароўі і ўпэўнены, што ў твар яго ўрачы не памятаюць, замест сябе папрасіў прыйсці на абследаванне свайго сябра.
Вольга ПАКЛОНСКАЯ
Фота аўтара