Top.Mail.Ru

Хто жыве ў запаведных лясах бліз мяжы Беларусі і Расіі?

Фотавыстаўка «Таямніцы дзікага памежжа» адкрылася ў зале Мінскай абласной бібліятэкі імя Пушкіна. Яна расказвае пра насельнікаў зялёных прастораў суседніх тэрыторый Беларусі і Расіі. У гэтых раёнах па лясах, лугах, узбярэжжах рэк праходзіць дзяржаўная граніца. Аб’ядноўвае іх агульны свет раслін, звярынае і птушынае царства, запаведныя абшары — унікальныя прыродныя скарбы. 


На Віцебшчыне і Смаленшчыне падобныя прыродныя ландшафты, тыя ж насельнікі ў лясах, але зробленыя там на фотапаляванні кадры ўсё ж такі адрозніваюцца паміж сабой. Такая знешняя асабліваць спыненых імгненняў: на здымках вы не ўбачыце аднолькавых колераў лугавых кветак, аднолькавых велічных дрэў. Колькі не фатаграфуй птушак у палёце — абрысы іх распасцёртых крыл на здымках ніколі не атрымаюцца падобнымі паміж сабой. 


Бясконцую разнастайнасць дзікай прыроды яскрава сцвярджае выстаўка, падрыхтаваная фотааматарамі — мінчанінам Сяргеем Прохаравым і жыхаром пасёлка Пржэвальскае са Смаленшчыны Аляксеем Солтанам. Яны — захопленыя даследчыкі сваіх мясцін, фотамайстры з вялікім вопытам. Не злічыць кіламетраў, якія яны прайшлі па лясных сцежках; слухаць не пераслухаць іх займальныя аповеды пра паляванне з фотаапаратам. Сустракаліся ім на шляху велічныя зубры, насцярожаныя мядзведзі, палахлівыя зайцы, грацыёзныя алені... Больш за сто ўнікальных «партрэтаў» такіх персанажаў прадстаўлена на выставе — усе пра таямнічы свет маляўнічых мясцін па два бакі мяжы. 


Не толькі вядомыя ўсім фотаапараты з тэлеаб’ектывамі маюць у сваім арсенале паспяховыя аўтары фотавыстаўкі, карыстаюцца яны і малараспаўсюджанымі электронна-аптычнымі прыладамі — фотапасткамі. Па сутнасці, гэта тыя ж фотаапараты, але відэазапіс уключае не рука чалавека, а сігнал убудаванай складанай сістэмы назірання. Прымацоўваюць такую пастку, напрыклад, да дрэва, маскіруюць адпаведным чынам і пакідаюць на шмат гадзін пільнаваць выпадковы прыход лясных жыхароў. З’явіцца хто-небудзь у полі зроку — сістэма назірання яго імгненна зафіксуе і тут жа дасць загад пачаць фотасесію.


Паляванне з фотапасткай можа падасца вельмі лёгкай справай, але ўсё не так проста. Для падобнага палявання фатограф павінен выдатна ведаць паводзіны дзікіх насельнікаў лесу, іх маршруты, умець днём і ў начны час карыстацца спецыяльным фотаабсталяваннем.



Названыя пасткі дэманструюць побач са здымкамі, імі былі зроблены самыя цікавыя фота. Акрамя гэтага аўтары прапануюць пазнаёміцца з унікальнымі сюжэтамі на вялікім экране. Займальныя відэазапісы паказваюць, як перад аб’ектывам з’яўляюцца ненасцярожаныя вялікія і маленькія жыхары запаведных лясоў.

Яўген ПЯСЕЦКІ
Фота аўтара





arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю