Top.Mail.Ru

Хутка, камфортна, кампетэнтна: паглядзелі, як працуе служба «Адно акно» ў новым фармаце

Задача пазбавіць грамадзян ад бясконцага хаджэння па кабінетах для атрымання даведак была пастаўленая яшчэ ў пачатку 2000-х гадоў. Механізмам дэбюракратызацыі стала стварэнне службаў «Адно акно», супрацоўнікі якіх усю работу па ўзаемадзеянні з ведамствамі і зборы інфармацыі бяруць на сябе. Сёння гэта зладжаная сетка працуе па ўсёй краіне — у кожным раёне Мінска, абласных і раённых цэнтрах, што забяспечвае даступнасць у выкананні адміністрацыйных працэдур.


Новыя падыходы ў арганізацыі работы дазваляюць далей развіваць сістэму паслуг, паляпшаць аператыўнасць і якасць адміністрацыйных працэдур, а таксама клапаціцца аб камфорце наведвальнікаў. У гэтым можна пераканацца, калі звярнуцца ў службу «Адно акно» Першамайскага раёна сталіцы, якая размяшчаецца ў «Першым Нацыянальным гандлёвым доме».

Два ў адным месцы

Сёння тут пад адзінай шыльдай «Дзяржпаслугі» размешчаны і служба «Адно акно», і разлікова-даведачны цэнтр, што дазваляе грамадзянам адразу вырашыць шэраг важных спраў: уладзіць пытанні з камунальнымі паслугамі, аформіць пашпарты, падаць заявы па адміністрацыйных працэдурах. Разабрацца наведвальнікам, дзе ім акажуць пэўную паслугу, дапамагае ветлівы персанал зоны прыёму — служба «Адно акно» Першамайскага раёна адзіная ў сталіцы мае «рэсэпшэн». Зона прыёму стваралася ў рамках пілотнага праекта, дзе апрабуюцца новыя формы работы з грамадзянамі. А яшчэ гэта адзіная служба, якая працуе з 10 і аж да 22 гадзін.

У памяшканні аб’яднанага цэнтра арганізаваныя камфортныя зоны для прыёму наведвальнікаў. Усталявана сістэма электроннай чаргі, тэрмінал, дзе можна атрымаць даведачныя даныя, відэаназіранне.

Вопыт работы службы актыўна вывучаецца для далейшага маштабіравання, тут часта бываюць і замежныя дэлегацыі. Гасцей уражваюць комплексны падыход у абслугоўванні грамадзян і тое, што такія паслугі аказваюцца на базе гандлёвага цэнтра. 

А яшчэ на яго плошчах размяшчаюцца іншыя службы: ДАІ, Энергазбыт, Вадаканал, Мінскае гарадское агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры, Белдзяржстрах, натарыусы.


Як адзначае кіраўнік службы «Адно акно» адміністрацыі Першамайскага раёна Юлія Жукавец, з пераездам з будынка адміністрацыі ў гандлёвы дом колькасць наведвальнікаў службы вырасла больш чым удвая. Толькі за гэта паўгоддзе паступіла больш за 29 тысяч заяў па адміністрацыйных працэдурах. Прычым па дапамогу звяртаюцца не толькі жыхары раёна.

Мінчане, якія прыязджаюць сюды па пакупкі, адначасова паспяваюць вырашыць свае справы. Напрыклад, зарэгістраваць гадаванца ці ўзгадніць устаноўку кандыцыянера.


Наогул, тут абслугоўваюцца грамадзяне з усёй краіны. Сёння службы «Адно акно» працуюць па экстэрытарыяльным прынцыпе — заяву можна падаваць у любую незалежна ад месца прапіскі. А забраць гатовыя даведкі можна па месцы звароту ці жыхарства, альбо атрымаць па пошце. Актыўныя ж прыхільнікі «абслугоўвання на канапе», увогуле, свае пытанні могуць вырашаць, не выходзячы з дому, з дапамогай праграмы «Е-паслуга».

Дадатковыя працэдуры

Калі служба толькі пачынала працаваць у 2006 годзе, у ёй ажыццяўлялася ўсяго з дзясятак працэдур. Сёння ў «Адным акне» Першамайскага раёна іх у пераліку — 341. Гэта адзіная служба, якая здзяйсняе іх у такой колькасці, пры гэтым па 40 з іх на дадзены момант больш нідзе аналагічныя службы не працуюць. Так, на альтэрнатыўнай аснове сюды можна звярнуцца па пытаннях выдачы пашпартоў у выпадку іх страты ці крадзяжу, рэгістрацыі па месцы жыхарства беларускіх ці замежных грамадзян, а таксама асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у рэспубліцы. Тут можна заказаць выпіску з адзінага дзяржаўнага банка даных аб правапарушэннях, зняць з уліку транспартны сродак пры яго продажы ці ўтылізацыі. Скарачаюцца і тэрміны падрыхтоўкі даведак. Большасць з іх робяцца ў дзень заказу.


Колькасць даступных у службе «Адно акно» адмінпрацэдур і далей будзе павялічвацца. Натуральна павінны расці і кампетэнцыі супрацоўнікаў. Як расказала Юлія Жукавец, у службе «Адно акно» Першамайскага раёна ўсе супрацоўнікі маюць вышэйшую адукацыю, працуе інстытут настаўніцтва, калі на працягу трох месяцаў вопытныя супрацоўнікі навучаюць новых. Юлія Анатольеўна падзялілася, што пачынала працоўны шлях са службы «Адно акно» Мінгарвыканкама, а пасля ёй прапанавалі ўзначаліць пілотны праект: «Гэта цікавы і неацэнны вопыт, набыццё ведаў, нашы поспехі сталі магчымымі дзякуючы зладжанай рабоце калектыву. А яшчэ служба загартоўвае. Мы непасрэдна працуем з грамадзянамі, тут важныя лаяльнасць, дабрыня, цярпенне. І, калі бачыш, што ўсё ідзе, як задумана, што дапамагаеш вялікай колькасці людзей, узнікае пачуццё глыбокай задаволенасці».

Слова спажыўцу

Перавагі ў зменах работы службы хутка ацанілі наведвальнікі. Жыхар Першамайскага раёна Сяргей Весялоў згадаў: «Раней служба размяшчалася ў будынку адміністрацыі раёна, гэта быў цесны пакойчык, дзе прыём вялі некалькі спецыялістаў. Тут жа справы вырашаюцца хутка, а калі і здараецца невялікая чарга — створана камфортная зона чакання». Асабліва мужчына ўхваліў, што ўсё сканцэнтравана ў адным месцы, бо ў мінулым, каб атрымаць столькі паслуг, трэба было ездзіць па розных адрасах.

«Мне вельмі падабаецца месца размяшчэння службы „Адно акно“. Сюды зручна дабірацца як на аўтобусе, так і на метро. Цудоўна, што яна знаходзіцца ў гандлёвым доме. Я магу паралельна і даведкі ўзяць, і закупіцца тым, што трэба, — падзялілася маладая маці Карына Рашатава. — У службе створана дзіцячая зона, дзе можна пакінуць малога гуляць, і спакойна вырашаць усе пытанні. Якасць абслугоўвання — супер: персанал ветлівы, усё робіцца хутка».

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Фота Лізаветы Голад

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю