Наша краіна, у прынцыпе, валодае значным прамысловым патэнцыялам. І не толькі вытворчымі магутнасцямі, але адпаведным навуковым суправаджэннем, канструктарскімі школамі, адукацыйнай базай.
Па сваёй структуры эканоміка краіны, безумоўна, індустрыяльная. І доля прамысловасці ў нашым ВУП супастаўная з аналагічным швейцарскім паказчыкам. Але з прычыны невялікага ўнутранага рынку наша эканоміка асуджана на адкрыты характар, а рэальны сектар — актыўна дзейнічаць на знешнім контуры. Не толькі закупляць сыравіну, камплектуючыя і прасоўваць сваю гатовую прадукцыю, але і выбудоўваць больш складаныя канструкцыі ўзаемадзеяння ў выглядзе кааперацыі, сумесных прадпрыемстваў, навукова-даследчых праектаў. Значыць, неабходна ўмець не толькі добра і якасна вырабляць, а і ўмець сябе адпаведным чынам падаць. З гэтага пункту гледжання канферэнцыі і выстаўкі дазваляюць сфарміраваць і падтрымаць імідж і беларускай прадукцыі, і беларускіх прадпрыемстваў.
Яшчэ адносна нядаўна здавалася: канферэнцыі і выстаўкі ў звычайным фармаце сыходзяць у нябыт. Усё пяройдзе ў віртуальную прастору: і дэманстрацыя прадукцыі, і абмеркаванне дзелавых пытанняў, і нават заключэнне кантракта. Прыпсаваў магнетызм высокіх тэхналогій ковід. Высветлілася, што весці справы цалкам за экранам манітора ў прынцыпе можна. Аднак вельмі складана. І якасць кіраўніцкіх рашэнняў насамрэч зніжаецца. Нават у дзелавым асяроддзі, прасякнутым бяздушнымі лічбамі, разлікамі, лічбавымі ацэнкамі, асабістыя кантакты маюць велізарнае значэнне. Нездарма сучасная эканамічная навука глыбока вывучае такі чыста эмпатыўны паказчык, як узровень даверу і яго ўплыў на эканамічныя паказчыкі. І гэты ўплыў, паводле апошніх даследаванняў, вялізны.
Таму канферэнцыі і выстаўкі не памерлі, а, наадварот, набылі новае значэнне і ўплыў. Асабліва ў сучаснай парадыгме фрагментацыі сусветнай эканомікі, калі даводзіцца дастаткова хутка і аператыўна выбудоўваць новыя стратэгічныя сувязі. І гэта лепш рабіць, гледзячы адно аднаму ў вочы.
З прычыны важнасці названага кірунку нядаўна была падпісана пастанова Саўміна, якая ўдасканальвае кангрэсна-выставачную дзейнасць у Беларусі. У прыватнасці, ключавым каардынатарам гэтага кірунку становіцца Беларуская гандлёва-прамысловая палата.
— Наша галоўная задача — распрацаваць стратэгію развіцця гэтага віду дзейнасці, — адзначыў намеснік старшыні БелГПП Віталь Вабішчэвіч. Ён дадаў, што вітаюцца любыя прапановы, і растлумачыў: пры абноўленай рэгуляторыцы будзе фарміравацца каляндар ключавых мерапрыемстваў, які будзе зацвярджаць Прэм’ер-міністр. І каб у яго трапіць, неабходна будзе адпавядаць пэўнаму пераліку абгрунтаванняў. Таксама вызначаны механізм узаемадзеяння аператараў кангрэсна-выставачнай дзейнасці, іх сумежнікаў з органамі дзяржаўнага кіравання. Як адзначыў Віталь Вабішчэвіч, плануецца на базе БелГПП стварыць профільнае бюро. «Яно павінна стаць мазгавым цэнтрам, на якім будуць абмяркоўвацца ўсе праблемы», — запэўніў Віталь Вабішчэвіч. Таксама ў планах распрацоўка стандартаў для гэтага віду дзейнасці.
У Беларусі іх пакуль няма, у Расіі дзейнічае каля 20. Ужо створаны профільны нацыянальны тэхнічны камітэт у Дзяржстандарце. Словам, будзем вучыцца сябе паказваць і паспяхова прадаваць.
На шчасце, ёсць добрыя і эфектыўныя прыклады ўдзелу нашых кампаній у міжнародных праектах — «ІНАПРАМ. Беларусь». З аднаго боку «ІНАПРАМ» — расійскі праект. З другога — Беларусь у ім удзельнічае з 2012 года, паступова павышаючы ўзровень партнёрства. Летась выйшлі на правядзенне выстаўкі ў Беларусі. Яна прайшла з вялікім поспехам. Набрала 14 тысяч наведвальнікаў, да нас прыязджалі дэлегацыі з 73 рэгіёнаў Расіі. Было заключана кантрактаў на суму 270 мільёнаў долараў у эквіваленце.
Сёлета выстаўка пройдзе ў Мінску з 30 верасня па 2 кастрычніка. Намеснік міністра прамысловасці Леанід Рыжкоўскі адзначыў: па сваёй сутнасці — выстаўка міжнародная. Таму свае магчымасці, прадукты, прапановы нашы прадпрыемствы пазіцыянуюць на глабальны ўзровень. Да мерапрыемства ёсць вялікая цікавасць у краін ЕАЭС, СНД, далёкага замежжа. Плануецца прыезд 29 расійскіх губернатараў, дэлегацый з Узбекістана і Азербайджана.
Сярод ключавых экспанатаў будуць навінкі Мінскага аўтамабільнага завода, абноўленыя мадэлі легкавых аўтамабіляў «БЕЛДЖЫ». У галіне кар’ерных самазвалаў будуць прадстаўлены як макеты, так і інфармацыя аб новых распрацоўках, якія ўлічваюць неабходнасць развіцця альтэрнатыўных відаў паліва і сістэм кіравання ў складаных умовах кар’ераў.
Адбудзецца дэманстрацыя магутнага трактара ў 540 конскіх сіл BELARUS-5425. Візітнай карткай экспазіцыі, як і раней, стане самы вялікі беларускі кар’ерны самазвал грузападымальнасцю 450 тон.
Леанід Рыжкоўскі таксама звярнуў увагу на супрацоўніцтва з расійскім бокам. «Ёсць сумесныя прадпрыемствы па вытворчасці камбайнаў, пагрузчыкаў, пасажырскай тэхнікі, ліфтавага абсталявання. Запрацаваў механізм прысваення статусу прадукцыі „Тавар Саюзнай дзяржавы“. Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы ўжо фарміруецца рэестр, у які ўнесена наша пасажырская прадукцыя і кар’ерны самазвал, дзе доля беларускіх і расійскіх камплектуючых складае не менш за 20 %, — расказаў ён. — Звыш 10 тысяч прадпрыемстваў Расіі звязаны пастаўкамі той ці іншай прадукцыі з айчыннымі прадпрыемствамі».
Як удакладніў Леанід Рыжкоўскі, улічылі леташні вопыт і пачалі загадзя працаваць з партнёрамі, каб быў час падрыхтавацца і ў рамках выстаўкі выйсці на канкрэтныя праекты. Упор будзе рабіцца на развіццё высокатэхналагічных галін, праекты па павышэнні тэхналагічнай незалежнасці, а таксама павышэнне лакалізацыі прадукцыі. «ІНАПРАМ. Беларусь» ужо стаў тым магнітам, які прыцягвае дзелавую супольнасць. Праграма выстаўкі сёлета вельмі насычаная. Запланавана вялікая колькасць шматбаковых і двухбаковых сустрэч на розным узроўні.