Top.Mail.Ru

Хуткасныя чыгуначныя зносіны звяжуць Мінск з Нацыянальным аэрапортам і «Вялікім каменем»

Усяго за паўгадзіны


Рэалізацыя праекта па арганізацыі хуткасных пасажырскіх чыгуначніх зносін паміж беларускай сталіцай і паветраннай гаванню Мінск працягваецца. Маршрут павінен прайсці праз Гарадзішча і Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень». Заказчыкам выступае Беларуская чыгунка, генеральным падрадчыкам — «Дарбудмантажтрэст».


З адным прыпынкам

Агульная працягласць будучага ўчастка складзе 41 км, з якіх 31 км будзе новым. Праект рэалізуецца ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Беларусі № 165 ад 29 красавіка 2021 года «Аб праектаванні хуткасных пасажырскага чыгуначных зносін» і дзяржаўнай праграмай «Транспарт Беларусі» на 2026 — 2030 гады.

Як паведаміў першы намеснік начальніка пасажырскай службы Упраўлення Беларускай чыгункі Канстанцін БАЯР, новая транспартная сувязь павінна істотна скараціць час паездкі паміж сталіцай і аэрапортам:

— Мы плануем пусціць каля 20 пар цягнікоў у суткі паміж Мінскам і аэрапортам. Арыенціровачны час у дарозе складзе 30 хвілін. На гэтым напрамку будзе курсіраваць новы рухомы састаў з павышанымі спажывецкімі якасцямі і характарыстыкамі.

Чакаецца, што запуск такіх зносінаў паўплывае і на пасажырапаток, а сам праект будзе мець значэнне не толькі для сталіцы, але і для краіны ў цэлым.


Маршрут прадугледжвае прыпынак у «Вялікім камені». Гэта звязана не толькі з неабходнасцю забяспечыць транспартную даступнасць індустрыяльнага парка, але і з яго сувязямі з лагістычнай інфраструктурай.

Для павелічэння прапускной здольнасці

Першая чарга праекта прадугледжвае будаўніцтва 16 км трэцяга галоўнага чыгуначнага пуці на ўчастку Сцяпянка — Гарадзішча. Адпаведныя работы пачаліся ў верасні 2025 года. Яны ахопліваюць усю працягласць адпаведнага ўчастка, хоць найбольшая канцэнтрацыя будаўніча-мантажных работ сёння прыпадае на адрэзак Калодзішчы — Гарадзішча, адзначыў начальнік службы арганізацыі і планавання капітальнага будаўніцтва Упраўлення Беларускай чыгункі Валерый НАЎРОЦКІ.

Частка неабходных работ на аб’екце ўжо выканана: падрыхтавана земляное палатно, сабрана рэйкашпальная рашотка трэцяга галоўнага пуці. Адначасова працягваецца мантаж канструкцый кантактнай сеткі, абсталявання чыгуначнай аўтаматыкі і будаўніцтва новага прыпыначнага пункта «Садовы».



Па словах Валерыя Наўроцкага, будаўніцтва трэцяга пуці мае не толькі непасрэднае дачыненне да будучай хуткаснай веткі пасажырскіх зносін, але і павінна змяніць магчымасці ўсяго напрамку.

— Трэці шлях укладваецца для павелічэння прапускной здольнасці, перафарматавання руху цягнікоў на дадзеным участку, павелічэння камфорту пасажыраў для таго, каб хуткасць руху была больш высокай, — растлумачыў прадстаўнік Беларускай чыгункі.

Сачыце за інфармацыяй

Будаўнічыя работы праводзяцца на адным з найбольш загружаных чыгуначных участкаў краіны. Тут у сярэднім за суткі курсіруе каля 50 пар цягнікоў розных катэгорый, у тым ліку грузавых і міжнародных. Таму правядзенне работ непасрэдна ўплывае на арганізацыю руху.

Поўнае спыненне чыгуначных перавозак на гэтым напрамку не прадугледжваецца. Аднак расклад і перыядычнасць руху асобных цягнікоў будзе карэктавацца.


— З 24 жніўня 2026 года на ўчастку Мінск — Орша ўнесены карэкціроўкі ў графік руху цягнікоў. Некаторыя будуць рухацца змененымі раскладам і маршрутам, асобныя плануецца адмяніць. Змены будуць дзейнічаць з 24 да 28 жніўня, з 7 да 26 верасня, з 28 верасня да 7 кастрычніка, а таксама з 8 кастрычніка да ўводу новага графіка руху цягнікоў на 2026 — 2027 гады, — удакладніў Канстанцін Баяр.

Пры гэтым на Беларускай чыгунцы ўлічваюць значэнне Мінска як транспартнага цэнтра для прылеглых рэгіёнаў і неабходнасць штодзённага падвозу людзей да месца работы. Таму змены, як падкрэсліў Канстанцін Баяр, не павінны мець маштабнага характару:

— Уся інфармацыя, якая датычыцца змены цягнікоў, загадзя, мінімум за 10 сутак, размяшчаецца на афіцыйным партале Беларускай чыгункі і ў СМІ.

Такім чынам, будаўніцтва новай чыгуначнай інфраструктуры адбываецца паралельна з захаваннем дзейных пасажырскіх і грузавых зносін.

Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю