Top.Mail.Ru

Хуткасць і кампетэнтнасць. Пярцоў расставіў акцэнты ў рабоце адказных за СМІ дзяржорганаў

Адказныя за СМІ рэспубліканскія дзяржорганы з’яўляюцца элементам стратэгічнай камунікацыі паміж уладай і насельніцтвам, адказваюць за работу ў частцы, якая датычыцца эфектыўнага, прадуктыўнага і своечасовага распаўсюджвання інфармацыі, асабліва ў вострыя перыяды. Аб гэтым заявіў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў у час семінара-практыкума для адказных за работу са СМІ рэспубліканскіх дзяржорганаў і іншых арганізацый, паведамляе БелТА. 



Уладзімір Пярцоў адзначыў, што сёння не той час, калі можна нешта з таго, што адбылося або толькі наспявае, утаіць або завуаляваць. «Цяпер кожны чалавек па факце — грамадзянскі журналіст з мабільным тэлефонам, у якім ёсць сацсеткі. Трэба быць больш паваротлівымі ў падачы афіцыйнага пункту гледжання вашага міністэрства ці ведамства. Таму што хуткасць — гэта адзін з ключавых фактараў, якія ўплываюць на расклад у тым ці іншым інфармацыйным кейсе. Другі важны пункт — гэта кампетэнтнасць, ваша кампетэнтнасць у падрыхтоўцы кароткіх, хвосткіх тэкстаў, нават калі гэта каментарый аб тым, што міністр у курсе нейкай сітуацыі, цалкам паглыблены ў яе, міністэрства гэтым займаецца і хутка мы ўбачым рашэнне — гэта ўжо збівае шмат у чым негатыўную хвалю. Таксама мы гаворым аб кампетэнтнасці ў частцы асяроддзяў, у якіх мы спрабуем распаўсюдзіць нашу інфармацыю ў адказ. Калі гісторыя разганяецца ў сацсетцы, то не трэба звяртацца ў дзяржгазеты ці тэлеканалы, мы працуем у той жа плоскасці і тым асяроддзі, дзе разгортваюцца баталіі. Гэта правільна», — сказаў ён.


Па словах першага намесніка кіраўніка, яшчэ адзін важны момант — папярэджваць і прагназаваць негатыўныя гісторыі. «У кожнага па кірунку ёсць пэўны каляндарны план. Напрыклад, для адукацыі гэта выпускныя, уступныя экзамены, падрыхтоўка дзяцей да школы, для ЖКГ гэта прыборка снегу, прарыў труб, холад і гэтак далей. Вы павінны для сябе планаваць па вопыце папярэдніх кампаній і тэндэнцый нейкую стратэгію, як вы гэта будзеце адпрацоўваць на сваю аўдыторыю», — падкрэсліў Уладзімір Пярцоў. 

У Парку высокіх тэхналогій праходзіць семінар-практыкум для адказных за работу са СМІ рэспубліканскіх дзяржорганаў і іншых арганізацый. У мерапрыемстве прымае ўдзел таксама начальнік Сакратарыята назіральнага савета Парка высокіх тэхналогій Ганна Рабава.

У рамках семінара адбыліся майстар-клас па фарміраванні канструктыўнай медыяпавесткі і апярэджанні фактараў рызыкі ў інфармацыйнай дзейнасці сферы адукацыі, занятак «Патэнцыял і нефармальныя падыходы галіновых СМІ па прасоўванні прадзяржаўнай медыяпавесткі, рэалізацыі ідэалагічнай работы і контрпрапаганды ў прафесійным асяроддзі», а таксама трэнінг «Практычныя аспекты і інструментарый стратэгіі бяспечнай і эфектыўнай інфармацыйнай работы дзяржорганаў у эпоху ШІ і новых медыя».


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю