Top.Mail.Ru

Хваробы лісця ў таматаў: якія бываюць, прычыны, прафілактыка


Фітафтора

Фітафтароз можа пашкодзіць расліны як у адкрытым грунце, так і ў цяпліцах. Знешнія прыкметы захворвання ў першую чаргу з’яўляюцца на лісці, што кранаецца паверхні зямлі. На ім з’яўляюцца бурыя плямы, якія затым падымаюцца вышэй і пераходзяць на плод. На адваротным баку лісця ўзнікае пухнаты налёт. Самы эфектыўны спосаб барацьбы з фітафтарозам — апырскванне фунгіцыдамі і выдаленне пашкоджаных частак.

Не рэкамендуецца высаджваць таматы ў адкрыты грунт побач з бульбай: яна надзвычай схільная да фітафторы, і споры грыбка хутка заражаюць глебу. У цяпліцы важна забяспечыць рэгулярнае праветрыванне і не загушчаць пасадкі, выконваць правілы паліву: у ранішнія гадзіны, пад корань, з абавязковым рыхленнем грунту. Можна мульчыраваць глебу.

Кладаспарыёз (бурая плямістасць)

Гэтая хвароба шкодзіць раслінам і ў адкрытым грунце, і ў цяпліцах. Першыя змены адбываюцца на ніжнім лісці: на адваротным баку з’яўляюцца светла-зялёныя плямы, якія паступова мяняюць колер і становяцца цёмна-бурымі, з шэрым налётам. На верхнім баку ліста захворванне выяўляецца ў выглядзе светлых жаўтлявых участкаў. Затым яны павялічваюцца, а ў сярэдзіне з’яўляюцца цёмныя ўчасткі. Лісце засыхае і адмірае, а бурая плямістасць пераходзіць вышэй, на плады таматаў. Калі своечасова не абрываць пашкоджаныя часткі расліны, хвароба хутка пяройдзе на суседнія памідоры і распаўсюдзіцца на ўвесь ураджай.

Спосаб барацьбы — апырскванне фунгіцыдамі і падтрыманне нізкай вільготнасці ў цяпліцы.

Сопкая раса

Сопкая раса таксама шкодзіць паверхні лісця памідораў. Спачатку ўтвараюцца белаватыя плямы і характэрны налёт, які пасля можа ахапіць хвосцік, пладаножку і чашачку. Закранутае хваробай лісце жоўкне, затым становіцца карычневым і ўрэшце засыхае і адмірае. Гэта можа прывесці да недабору ўраджаю або памяншэння памераў пладоў.

Для барацьбы з сопкай расой выкарыстоўваюць фунгіцыды, у тым ліку прэпараты, якія змяшчаюць серу.

Альтэрнарыёз (сухая плямістасць)

Альтэрнарыёз можа пашкодзіць таматы на любым тэрміне іх вырошчвання. Перш за ўсё на лісці і сцёблах утвараюцца цёмна-карычневыя плямы, яны часта маюць жоўты арэол і з’яўляюцца па краях. Памер плям расце, і лісце паступова ўсыхае. У ніжняй частцы сцябла фарміруюцца кольцападобныя плямы. Хворыя ўчасткі пакрываюцца аксаміцістым налётам, а пашкоджанне распаўсюджваецца на самі плады, у выніку расліна гіне. Развіццю альтэрнарыёзу спрыяюць дажджы, раса і вецер. Памідоры асабліва схільныя захворванню, калі падчас абрэзкі сцябло пашкодзілі. Узбуджальнік захворвання застаецца ў глебе і рэштках раслін да года. На жаль, фунгіцыды не могуць эфектыўна змагацца з сухой плямістасцю. Дапаможа толькі фізічнае выдаленне пашкоджаных раслін.

Бактэрыяльная плямістасць

Развіццю гэтага захворвання спрыяюць цёплае надвор’е і дажджы. Першыя сімптомы з’яўляюцца на лісці ў выглядзе круглых цёмных і насычаных вільгаццю плям дыяметрам менш за тры міліметры. Паступова пашкоджаныя ўчасткі становяцца напаўпразрыстымі, з чорнай акантоўкай. Гэтыя зоны могуць высахнуць і парэпацца, вакол іх узнікае жоўтая аблямоўка, а затым захворванне пераходзіць на плады.

Для абароны ад бактэрыяльнай плямістасці рэкамендуюць апырскваць таматы медным купарвасам.

Калі ўраджай быў заражаны, пасля яго ўборкі неабходна абеззаразіць садовыя інструменты і прыбраць з глебы ўсе раслінныя рэшткі.

Вядучая рубрыкі Марына ВЯРЭНІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю