У кінатэатры «Піянер» адбылося ўрачыстае адкрыццё кінаклуба «Залаты Віцязь», якое прайшло ў рамках мерапрыемстваў, што папярэднічалі XXXII Мінскаму міжнароднаму кінафестывалю «Лістапад», перадае БелТА.
Як расказаў народны артыст Расіі Мікалай Бурляеў, кінаклуб пачне сваю работу ў Мінску з гадавой праграмы. Паказы плануюць праводзіць двойчы на месяц, працягласць кожнага сеансу складзе каля дзвюх гадзін. Зараз ідзе падбор фільмаў.
Пры гэтым усе фільмы будуць прызначаныя для сямейнага прагляду. «Гэта наш прынцып. Я як рэжысёр і пісьменнік лічу, што ствараць свае работы трэба для ўсіх, без узроставых абмежаванняў. Упэўнены, фільмы кінаклуба будуць карысныя і дзецям, і бацькам. Яны таксама будуць адпавядаць традыцыйным духоўна-маральным каштоўнасцям», — адзначыў Мікалай Бурляеў.
Першым гледачам прадставілі расійскую меладраму «Двое ў адным жыцці, не лічачы сабакі».
Арганізатары будуць сачыць за тым, як развіваецца кінаклуб у Мінску, дадаў народны артыст Расіі. Калі праект акажацца запатрабаваным, у будучыні да паказаў могуць далучыцца стваральнікі фільмаў, акцёры і кіназнаўцы, якія дапамогуць гледачам глыбей зразумець карціны.
Кінаклубы «Залаты Віцязь» адкрываюцца па ўсёй Расіі, сёння іх колькасць складае каля 500. «Я займаюся гэтым ужо 35 гадоў. Кожнаму клубу дару па 100-200 фільмаў. А ў архіве міжнароднага форуму „Залаты Віцязь“ адабрана больш за 9 тыс. карцін — гэта сапраўднае багацце», — адзначыў Мікалай Бурляеў.