Top.Mail.Ru

Кінатэатр «Масква» адчыніў свае дзверы пасля рэканструкцыі напярэдадні Дня Перамогі

Сёння, 7 мая, на праспекце Пераможцаў, 13 у Мінску было шматлюдна: напярэдадні Дня Перамогі пасля рэканструкцыі адкрыўся славуты сталічны кінатэатр «Масква». Цяпер ён будзе радаваць аматараў кінаіндустрыі сучасным абсталяваннем, зручнымі заламі і, безумоўна, разнастайнасцю рэпертуара.

На ўрачыстай цырымоніі прысутнічалі ганаровыя госці: памочнік Прэзідэнта—інспектар па гораду Мінску Юрый Фралоў, міністр культуры Руслан Чарнецкі, намеснікі старшыні Мінскага гарвыканкама Аляксандр Чэрнікаў і Андрэй Стрыгельскі, кіраўнік адміністрацыі Цэнтральнага раёна Валерый Вараніцкі. 

Памочнік Прэзідэнта—інспектар па гораду Мінску Юрый Фралоў адзначыў, што абноўлены кінатэатр «Масква» — гэта тоемесца, у якім жыхары і госці сталіцы змогуць дакрануцца да творчасці і атрымаць масу станоўчых эмоцый: «Упэўнены, кожны, хто прыйдзе сюды, захоча вярнуцца зноў. Шчыра віншую вас з гэтым днём, з адкрыццём кінатэатра. Вялікі дзякуй усім: будаўнікам, дызайнерам, інжынерам, тэхнічным работнікам, якія мелі дачыненне да рэканструкцыі гэтага цудоўнага аб’екта».

«Адкрыўся легендарны кінатэатр, — адзначыў міністр культуры Руслан Чарнецкі. — У ім наша пакаленне, можна сказаць, вырасла. Нават і не ўзгадаю, колькі разоў з дзяцінства я бываў у кінатэатры „Масква“, колькі фільмаў тут паглядзеў. Упэўнены, для аматараў кіно і кінадзеячаў нашай краіны ён стане сапраўды месцам прыцягнення».

Намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама Андрэй Стрыгельскі падкрэсліў, што сёння ў Мінску прайшла знакавая падзея: «Рэканструкцыя кінатэатра „Масква“ ажыццяўлялася па даручэнні кіраўніка дзяржавы, і мне здаецца вельмі сімвалічным, што адкрыццё адбылося напярэдадні святкавання 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне».

Паводле яго слоў, сёння ў горадзе функцыянуе больш за 70 кіназалаў, працуе больш за 40 кінатэатраў. За год у сталіцы іх наведваюць больш за 1,5 мільёна чалавек: «Мы з вамі любім кіно. І кінатэатр „Масква“ працягне гэтыя слаўныя шматгадовыя традыцыі і будзе радаваць нас цікавымі прэм’ерамі».

Па словах намесніка старшыні Мінскага гарвыканкама, адкрыццё чакалі не толькі мінчане, але і госці сталіцы: «Мы пастараліся зрабіць, каб гэта быў сучасны мультыкультурны аб’ект, а не класічны кінатэатр у традыцыйным разуменні. 4 кіназалы з сучасным абсталяваннем, прасторы, у якіх можна будзе праводзіць розныя мерапрыемствы. Думаю, гэты кінатэатр сапраўды стане месцам, дзе можна будзе добра правесці час. Пры рэканструкцыі нам хацелася захаваць архітэктурнае аблічча гэтага будынка з улікам яго гісторыі і значэння для горада Мінска, таму, вядома, асаблівая падзяка будаўнікам, якія змаглі ў самыя кароткія тэрміны правесці такія маштабныя работы».

Пасля ўрачыстай цырымоніі, падчас якой адбылася перадача ключа, які азначае аднаўленне работы кінатэатра, гасцей запрасілі на экскурсію.

Нягледзячы на тое, што тэрыторыі агульнага карыстання істотна змяніліся, вядомыя інтэр’ерныя элементы засталіся. Напрыклад, у вестыбюлі захавалі паверхні, аздобленыя мармурам і гранітам, а яшчэ калоны, часткова лесвіцы, падлогі і не толькі. Перад пачаткам работ іх схавалі ахоўнымі матэрыяламі. Без зменаў застаўся і вітраж «Масква — сталіца нашай Радзімы», які з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. 

Дарэчы, будынак узвялі па індывідуальным праекце групы архітэктараў «Белдзяржпраекта». Будаўнікі неаднаразова падкрэслівалі унікальнасць кінатэатра: падчас яго ўзвядзення ўжываліся самыя перадавыя інжынерныя рашэнні, нярэдка неардынарныя. Выкарыстоўваліся ўсе магчымасці, каб захаваць аўтэнтычнасць будынка. Каб убачыць на свае вочы, што ў выніку атрымалася, прыходзьце ў кінатэатр!

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю