Top.Mail.Ru

Кінутыя дамы ў вёсцы купляюць амаль за 30 тысяч рублёў

Першы пустуючы дом у Пухавіцкім раёне прадалі даражэй чым у 650 разоў, чым планавалі, другі — у 570 разоў. Што прыцягвае пакупнікоў?


Нядаўна прайшоў аўкцыён па продажы пустуючага дома, размешчанага ў вёсцы Крупка Блонскага сельсавета Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. Чым характэрныя гэтыя таргі? А тым, што стартавы кошт лота ў 45 рублёў (1 базавую велічыню) павялічыўся ў 652 разы да 29 326,5 рубля, што здзівіла нават дасведчаных удзельнікаў рынку. 


Як паведамілі на Беларускай універсальнай таварнай біржы, на таргах была зарэгістраваная рэкордная колькасць удзельнікаў за ўсю гісторыю існавання гэтай пляцоўкі — 21. За даволі непрацяглы час была зроблена максімальная колькасць ставак з пачатку гэтага года — 13 014. У выніку стартавая цана павялічылася да рэкордных без малога 30 тысяч рублёў. 

Паводле інфармацыі БУТБ, за такія сумы пустыя дамы на пляцоўцы раней не прадаваліся.

З чым звязаны ажыятаж? Відавочна ж, што дом выглядае вельмі сціпла. Але ў яго аказаліся важкія козыры: участак 25 сотак, зручная лагістыка (300 метраў да трасы М-5), блізкасць да сталіцы — усяго 45 км ад Мінска (менавіта там пражывае пераможца аўкцыёну). Ну і цікавасць, якая расце да загараднай нерухомасці, узмацняе канкурэнцыю.

Дарэчы, яшчэ адзін пустуючы дом за 45 км ад Мінска, быў прададзены з аўкцыёну літаральна ўчора, за яго таксама змагаліся больш за 20 удзельнікаў. Гэтым разам аб’ектам канкурэнцыі стаў дом (дакладней тое, што ад яго засталося) у вёсцы Станіславова Дукорскага сельсавета таго ж Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. Разам з домам таксама прапаноўваўся зямельны ўчастак 25 сотак і на аўкцыён зноў зарэгістраваўся 21 удзельнік.


Таргі працягнуліся роўна 2 гадзіны — з 12:00 да 14:00. Было зроблена 3 812 ставак, а пачатковы кошт вырас у 572,7 раза — з 45 да 25 771,5 рубля.

— Спадзяёмся, што такая моцная матывацыя абзавесціся загараднай нерухомасцю ў хуткім часе зробіць пустуючыя дамы жылымі і ўтульнымі не толькі ў ваколіцах Мінска, але і па ўсёй Беларусі, — адзначылі ў БУТБ.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю