Top.Mail.Ru

Кіраўнік дзяржавы прыняў кадравае рашэнне па паўночным рэгіёне

На «рэгіянальным» тыдні Прэзідэнта адбыліся і кадравыя змены ў рэгіёнах. Аляксандр Лукашэнка ўзгадніў назначэнне Сяргея Ляўковіча першым намеснікам старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта.


Вобласць яму ўжо знаёмая — да гэтага Сяргей Ляўковіч працаваў памочнікам Прэзідэнта — інспектарам па Віцебскай вобласці.

«Вы пагадзіліся на гэту няпростую пасаду, я вам удзячны, але там будзе няпростая работа», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Насуперак устаноўленым правілам, Прэзідэнт запрасіў новага першага намесніка губернатара да сябе. «Я адчуваю, і мая паездка ў Віцебскую вобласць, у найлепшыя раёны, сведчыць пра тое, што там вельмі шмат праблем арганізацыйных, — растлумачыў кіраўнік дзяржавы. — Але і вы там працуеце. І вы таксама за гэта несяце адказнасць і ведаеце, што там адбываецца».

Падчас нядаўняй паездкі Аляксандра Лукашэнкі ў Віцебскую вобласць шмат увагі ўдзялілі развіццю аграгарадкоў. Прэзідэнт адзначыў, у аграгарадках краіны зроблена ўжо шмат. Некаторыя з іх — ідэальныя. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што такія пасёлкі гарадскога тыпу, як Копысь, Арэхаўск, якія знаходзяцца ў Віцебскай вобласці, могуць быць узорам, што трэба рабіць у гэтым кірунку. Ён таксама нагадаў, што развіццё раённых цэнтраў паказалі на прыкладзе Шклоўскага раёна. У час сваёй паездкі ў Шклоў Аляксандр Лукашэнка наведаў аграсэрвіс і камбікормавы завод, якія цяпер рэканструююць, будоўлю малакаперапрацоўчага завода. Тады кіраўнік дзяржавы заявіў, што гэта прыклад для ўсіх раённых цэнтраў. І параіў Віцебскай вобласці браць яго са Шклоўскага раёна.

«Усё ўжо адпрацавана. Трэба арганізаваць. Дысцыпліна працоўная ў Віцебскай вобласці няважная. Можа, я памыляюся — вам лепш відаць, вы там працуеце, вы бачыце, што там адбываецца. Але самае галоўнае, што найбліжэйшым часам на нарадзе ў Віцебскай вобласці мы разгледзім, як Віцебшчына спрацавала па апошняй праграме, якую мы зацвярджалі на ўзроўні Прэзідэнта», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы. Размова ідзе аб праграме, якая прадугледжвае стварэнне інтэграцыйных структур у сельскай гаспадарцы. «Усе кажуць — і моладзь, і старэйшыя людзі, што ідэя нядрэнная, але яна слаба рэалізуецца ў Віцебскай вобласці. Не ўсюды, праўда. Але паўстае пытанне: навошта стваралі, чаму не даціснулі? Чаму не зрабілі як трэба?» — абазначыў праблему Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Віцебшчына — вобласць няпростая: «Няпростая ў тым плане, што мы, можа, займаемся там не тым, чым павінны займацца віцябчане. Калі там яны ў лесе, давайце займацца лесаперапрацоўкай у прамысловасці і гэтак далей. Калі ў Віцебскай вобласці цяжка атрымаць збожжавыя, зернебабовыя, дык давайце займацца ялавічынай, давайце малако перапрацоўваць. А ў Оршы, Талачыне — там можна займацца збожжам, там куры, свінні могуць быць, у прынцыпе там так і ёсць. Бракуе дысцыпліны і арганізаванасці. І трэба спыніць усялякія размовы наконт працоўных рэсурсаў. Трэба гэтыя рэсурсы прымусіць працаваць і задзейнічаць. Прымушайце», — заявіў кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу, што да нас едуць людзі з іншых краін, якія хочуць і гатовы тут працаваць. Аляксандр Лукашэнка параіў персанальна глядзець на кожную сям’ю, кожнага чалавека і, калі ўсё задавальняе, прымаць на работу. «Каб не было крыку, шуму, гвалту, што мы чужых на работу бяром. Не хочаце чужых — працуйце самі. Мы не настойваем, каб прыязджалі з іншых рэспублік іншыя людзі. Але мы без гэтага ў Віцебскай вобласці не абыдземся, таму працоўная міграцыя — гэта нармальна, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Там яшчэ палякі нашых збеглых падбухторваюць. Яны баяцца больш за ўсё, што сюды пакістанцы прыедуць, яны баяцца, што туды пойдуць мігранты дадаткова. Таму палякі, літоўцы няхай супакояцца: ад нас ніякія афганцы, ніякія туркмены, узбекі, таджыкі не з’едуць. Яны будуць у нас жыць і працаваць, каго мы прымем. Таму ім шалець там не трэба і нашых „накручваць“, каб яны шум падымалі».

255333-01.jpg

Рэзюмуючы, Прэзідэнт падкрэсліў, што праблем у рэгіёне шмат. Але яны вядомыя Сяргею Ляўковічу. «Я цаню, што вы рашыліся на гэту работу. Патрэбны вынік», — адзначыў ён.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

У тэму

Віцебскія людзі могуць працаваць на зямлі

У размове з журналістамі першы намеснік старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Сяргей Ляўковіч падкрэсліў, што кіраўнік дзяржавы ад Віцебскай вобласці чакае выніку, а дапаможа яго дасягнуць толькі працоўная дысцыпліна і арганізаванасць. Але, паводле яго слоў, ёсць і станоўчы вопыт. У Віцебскай вобласці нямала сельскагаспадарчых арганізацый, якія працуюць на высокім узроўні, паказваюць высокі рэзультат і эканамічную эфектыўнасць. «Гэта сведчанне таго, што віцебскія людзі могуць працаваць на зямлі і дабівацца высокіх вынікаў. Ніякіх звышпаказчыкаў ад нас ніхто не чакае. Але мы павінны працаваць эфектыўна для таго, каб людзі, якія працуюць у сельскай гаспадарцы, атрымлівалі годную заработную плату. На гэта будзе накіравана мая работа перш за ўсё. Пастарацца трэба ўсім. І галоўную ролю ў гэтым будуць адыгрываць кіраўнікі сельскагаспадарчых арганізацый, кіраўнікі перапрацоўчых прадпрыемстваў», — падзяліўся планамі Сяргей Ляўковіч.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю